У Віцебскім раёне даследчыкамі зафіксавана 5 культавых крыніц

Актуально

Да помнікаў гісторыі і культуры, як і помнікаў геалогіі, можна аднесці культавыя крыніцы. Культавая (святая) крыніца – гэта прыродны аб’ект, які ў мясцовай народнай традыцыі спрадвеку шануецца як месца, якое мае надзвычайныя магчымасці. Крыніцы шанаваліся па двух крытэрыях – за асаблівыя гаючыя якасці вады (лечыць нейкія хваробы, напрыклад, вачэй) ці праяўленне звышякасці вады (на нейкія святы, напрыклад).
Крытэрыі шанавання
З’яўленне крыніц у народнай традыцыі мае легендарны характар. Звесткі аб іх цудоўным паходжанні ўмоўна можна падзяліць на тры катэгорыі: 1) паданні аб праяве святога (боскага) персанажа ці аб’екта на месцы крыніцы; 2) паданні аб дзівоснай метамарфозе (з’яўленні, пераўтварэнні), у выніку якой утвараецца крыніца, ці яна атрымлівае надзвычайныя якасці; 3) паданні пра цудоўнае выздараўленне.
Крыніцы нашы продкі шанавалі спрадвеку. Адгалоскі тых ушанаванняў дайшлі і да сённяшняга часу ў выглядзе забабонаў аб тым, што ў фантан ці вадаём трэба абавязкова кінуць манетку, каб вярнуцца да яго яшчэ раз.
Ушанаванне святых крыніц звычайна адбываецца ў пэўныя святы. Лічыцца, што ў гэтыя дні вада ў іх мае найбольшую лекавую здольнасць. У в. Добрыгоры Бешанковіцкага раёна ёсць святая крыніца, якая традыцыйна шануецца на тройцу. У в. Бароўка Лепельскага раёна на Дзяды бралі ваду, якая дапамагала вылечваць хваробы вачэй.

Ёсць шэраг крыніц, шанаванне якіх мае індывідуальны, аказіянальны характар, не звязана ні з якімі царкоўнымі святамі. Гэта значыць: вада валодае гаючымі якасцямі не на пэўнае свята, а ўвесь час.

Язычніцкі культ шанавання крыніц не згас з прыходам хрысціянства, а атрымаў новую сілу. Прыгадаем цікавы факт: апошняя віцебская князёўна Марыя, якая была жонкай вялікага князя Альгерда, пабудавала ў Вільні на месцы капішча богу Рагутысу Пятніцкую царкву. Святая Параскева, імя якой у перакладзе азначае «пятніца», была для ўсходніх славян ахоўніцай святых крыніц. Яна з’яўлялася адной з найбольш шанаваных на беларускіх землях, а таму наш народ пабудаваў над крыніцамі тысячы капліц, прысвечаных Параскеве-Пятніцы. У Віцебску здаўна вядома святая крыніца на Юр’евай горцы. На вобласць, і нават на ўсю краіну, добра вядомы крыніца Святога Яна каля в. Язна Мёрскага раёна, крыніца ў в. Каханавічы Верхнядзвінскага раёна, в. Жукава Гарадоцкага раёна і іншыя.
Святыя крыніцы раёна

У Віцебскім раёне даследчыкамі зафіксавана 5 культавых крыніц. Да цяперашняга часу дайшлі тры. Але іх значна больш. Спадзяёмся з вашай дапамогай адшукаць і захаваць іх для сябе і нашых продкаў.

Адна са святых крыніц знаходзіцца непадалёк ад в. Суднікі ў лесе. Яна ўяўляе сабою 2 “акна” няправільнай формы прыблізным памерам 3 на 4 метры. Краі “вокнаў” аплецены каранямі дрэў. У асноўным гэта яліны. Глеба чорнага колеру, рыхлая і мяккая. Вада чыстая, без паху. “Вокны” знаходзяцца адно ад другога прыкладна метрах у дваццаці. У адным пастаўлена металічнае кола дыяметрам метр. У саміх “вокнах” і каля іх ляжаць бярвенні, каб лягчэй было набіраць ваду. Вада з “вокнаў” цячэ спорна і ўтварае добрую ручаіну. Яна бяжыць у бок Дзвіны. Праз некалькі соцень метраў зроблены жалезны масток. Бачна, што ён тут быў і раней, бо захаваліся рэшткі драўляных лаг і слупоў.

Па сведчаннях мясцовых жыхароў, да рэвалюцыі каля крыніцы стаяў вялікі крыж, свяцілі ваду. Яны ж расказваюць, што яшчэ нават пасля вайны тут стаяла каплічка і крыжы. Зламалі яе і вывернулі крыжы мясцовыя маладыя людзі: ці па прычыне антырэлігійнай барацьбы, ці нізкай культуры. Цяпер месца патрабуе ўпарадкавання. Вада не стала горшай, і браць яе прыязджаюць з гарадоў і вёсак.

Каля в. Слабада Задуброўскага с/с, ва ўрочышчы Пяцінка, у кіламетры па дарозе да в. Пруднікі, знаходзіцца яшчэ адна святая крыніца. Шанавалася яна здаўна. Тут была пабудавана капліца ў гонар Параскевы Пятніцы, прыпісаная да Лемніцкай царквы. Дарэчы, Лямніца цяпер — невялічкая вёска непадалёк ад Слабады, а ў ХVІІ ст. яна была вялікім паселішчам. Цяперашняя частка вуліцы Леніна ў Віцебску, якая вядзе да плошчы Леніна, называлася Лемніцкая (Ілемніцкая). На жаль, капліца каля крыніцы была зруйнавана пасля рэвалюцыі. Захаваліся толькі вялікія валуны, якія ўкладаліся ў падмурак. Цяпер крыніца дагледжана, тэрыторыя каля яе добраўпарадкавана – зроблены падыходы да «вакна» вады, драўляная альтанка.

Святая крыніца знаходзіцца каля в. Курына, вышэй па Дзвіне метраў за 500 ад мясцовых могілак. Яны ж адпаведна ад Курына — прыкладна 1,5–2 кіламетры. Раней над крыніцай стаяла скульптурная выява Багародзіцы ці нейкага святога. У савецкі час яе зруйнавалі, але не так даўно зноў аднавілі. І гаючая вада людзей ды жывёл поіць. Калектыўнае паломніцтва да крыніцы адбывалася на свята Міколы веснавога.
Страчаныя каштоўнасці
Крыніцы, як і людзі, не вечныя. У выніку непрадуманай, безгаспадарчай дзейнасці чалавека яны знікаюць. З-за меліярацыі і выпрамлення руслаў малых рэк загінула вялікая колькасць крынічак. Святыя крыніцы цярпелі і ад ваяўнічага атэізму. Каля іх ламаліся крыжы, спаганьваліся месцы шанавання, забаранялася нават хадзіць да іх.
Няма святой крыніцы каля в. Сенькава, якая пры кальцавой дарозе Кіеў – Санкт-Пецярбург, паміж в. Бабінічы і г.п. Руба. Мясцовая назва – Струйка. Вада з таго ручайка лічыцца святой. Свяціць яе не трэба, лечыць ад усіх хвароб. Праведзенымі даследаваннямі не пацверджана цяперашняе існаванне крыніцы. Ручай пры правядзенні добраўпарадкавання быў каналізаваны. Ад распрацоўкі даламіту на кар’еры “Гралёва” узровень падземных вод панізіўся. Мясцовыя жыхары пра крыніцу не ведаюць.

Непадалёк ад в. Ужляціна ёсць Сцяпанкаў роў, у якім раней была крыніца, яе лічылі святой. Ваду нават прадавалі. Пасля правядзення меліярацыі ўзровень грунтовых вод панізіўся, і вада з крынічкі сышла. Цяпер на былым месцы захаваліся толькі камяні ад падмурку капліцы.
Адшукаць і зберагчы

На жаль, да гэтага часу ў Віцебскім раёне не ўсе святыя крыніцы выяўлены. Вартыя ўвагі і простыя крынічкі, пра якія людзі нічога не гавораць, бо проста забыліся на іх.

Ёсць крынічка на беразе Дзвіны каля в. Навасёлкі і Прыдзвінне (Дарагакупава) Лятчанскага с/с. Мала хто ведае, што крынічка ёсць каля дарогі, што вядзе ад в. Койтава да музея-сядзібы І.Я. Рэпіна “Здраўнёва”. Добраўпарадкаваныя крынічкі ёсць у п. Лужасна, в. Мазалава, каля вёсак Рыбакі, Цяцёркі.

Школьныя краязнаўчыя гурткі могуць дапамагчы навукоўцам у пошуках гэтых унікальных экалагічных і гісторыка-культурных аб’ектаў. Можна, ды і патрэбна, добраўпарадкаваць тэрыторыю каля крыніцы, устанавіць шыльду, наглядаць, каб каля гаючай вады не выкарыстоўваліся мінеральныя і арганічныя ўгнаенні, не скідваліся бытавыя і прамысловыя адходы, якія могуць выклікаць забруджванне, засмечванне, спусташэнне крыніцы, прывесці да змены хімічнага складу вады.

Хутчэй за ўсё, ёсць і шмат іншых, якія не вядомы аўтару гэтага артыкула. Калі вы ведаеце пра такую крынічку, ці чулі пра яе (яна мае гаючыя якасці вады, шанавалася раней) – дасылайце інфармацыю ў рэдакцыю, ці тэлефануйце па нумары 295-300.

М. ПІВАВАР.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.