Калі пяць год таму ў Заронаве па ініцыятыве настаўніка мясцовай школы Мікалая Абрамовіча вырашылі адрадзіць старадаўні абрад Вадохрышча, далёка не загадвалі: прыжывецца ці не. Тады самыя адчайныя з ліку месцічаў акунуліся ў ледзяную купель. І… спадабалася! З цягам часу жадаючых адчуць на сябе зышоўшую ласку боскую менш не становіцца.
Што ні год з апошніх пяці — сваё надвор’е на Вадохрышча. Стаялі сапраўдныя калядныя маразы пад 30 градусаў, была адліга. Сёлета ж зранку слупок тэрмометра апусціўся да мінус 9, золкі вецер і дробны снег зусім не спрыялі маржовым заплывам, але не сапсавалі настрою плыўцам-экстрэмалам.
Напачатку абрад водаасвячэння правёў клірык віцебскага Пакроўскага сабора айцец Аляксандр. Затым да прысутных звярнуўся намеснік дырэктара ДЮСШ № 8 абласнога цэнтра Станіслаў Шумякоў, пад кіраўніцтвам якога штогод праводзіцца ёна(крыжападобнай палонцы).

—Пяць год мы збіраемся на Заронаўскім возеры. Абрад не толькі аб’ядноўвае нас духоўна, але і загартоўвае фізічна. Прыемна бачыць узмужнелых плыўцоў, якія ў 2008-ым зрабілі першы нясмелы скачок у ледзяную купель, — падбадзёрыў ён.

Сапраўды, тады 9-гадовага Жэню Кульмана бацька толькі акунуў у палонку, а зараз падлетак самастойна і з задавальненнем прымае сцюдзёную ванну. У ліку першых выйшлі на лёд Юрый Пачоткін, Віталь Аляксееў, Мікалай Абрамовіч, Віктар Раманькоў. Не здрадзіў звычцы самы старэйшы заронаўскі “морж” Валянцін Крыўцун, якому, дарэчы, ўжо за 70. Не адмовіліся паспытаць вострых адчуванняў у іардані Аляксей Яўчанка, Юрый Васяновіч, Дзмітрый Шчамялёў. Такая вось армія заронаўскіх “маржоў”. Вабіць цудоўнае возера месцічаў не толькі пяшчотнымі хвалямі ўлетку, але халоднымі абдымкамі зімой. Кажуць, іардань ачышчае ад усіх зямных грахоў. Згодна Стараму запавету, вада — пачатак жыцця…

Ніна Сталярэнка.