Абрады і песні зімовага цыкла былі прадстаўлены на сцэне Сасноўскай школы

Актуально

Стагоддзе… Для чалавека вялікі прамежак часу, у той момант як для гісторыі — імгненне. Веданне мінуўшчыны, адчуванне повязі часоў і падзей, даюць чалавеку трывалы грунт для існавання на зямлі, дазваляюць ясна глядзець у будучыню. Гісторыя — наш бясцэнны духоўны скарб, які мы павінны берагчы і перадаць нашчадкам. Такія мэты ставіць перад сабой конкурс “Духоўнае адраджэнне культурных традыцый і побыту беларускай даўніны”, які крочыць па раёне ўжо на працягу двух гадоў.
Нагадаем, што ў лістападзе мінулага года на базе Мазалаўскай сярэдняй школы чатыры ўстановы адукацыі раёна прадставілі на глядацкі прысуд восенькія святы. На мінулым тыдні жнейкі, руплівыя хлебаробы саступілі месца на сцэне Сасноўскай школы калядоўшчыкам, варажбіткам, якія прадказвалі будучыню. Абрады і песні зімовага цыкла былі накіраваны на тое, каб загадзя паўплываць на будучы ўраджай, захаваць рунь на палях. Нашы продкі лічылі, што ў гэты час дбайны мужык да вясны рыхтуецца, баба кудзелю прадзе, а хлопцы ды дзеўкі забаўляюцца, адзін перад другім выхваляюцца…
З шасці ўстаноў адукацыі большасць — Альгоўская базавая, Замастоцкая і Камароўская дзіцячыя садкі-сярэднія школы ды гаспадары свята з Сасноўкі запрасілі на Калядачкі, на бліны ды аладачкі.
Але ж калядоўшчыкi зойдуць у хату да гаспадароў толькі ў тым выпадку, калі тыя ўвесь год, які прайшоў, добра працавалі, дапамагалі сваякам і жылі ў гармоніі адзін з другім і ў паразуменні з суседзямі.
Цікава, што нават “праклёны” былі з глыбокім сэнсам. Так гаспадары сасноўскай хаты “сыпалі” адзін на аднога пажаданні: каб за стагамі, за вазамі, за снапамі, а таксама агуркамі, гарбузамі, за капустай, буракамі свету не было бачна. Не шкадавалі слоў гаспадарам шчодрай хаты і калядоўшчыкі: “Каб была ў вас пшаніца, як прыгожая дзявіца, каб вяліся ў вас цялушкі, кураняты, свінні, птушкі, каб добрыя былі каровы, а вы былі здаровы, шчодрага вам лета, багатага хлеба”.
Ну і якая ж Каляда без Казы. Бадай, гэта самы пазнавальны і вясёлы персанаж зімовага свята. Не саромілася Каза хлусіць, быццам памёрла. Ажывіць яе маглі толькі пачастункі: «…каб каза ўстала, ёй неабходна даць кусок сала, а на кожны ражок павесіць піражок, паўмеркі жыта, каб яна была сыта!».
З асаблівым пачуццём чакалі Калядак незамужнія дзяўчаты, бо надыходзіў час даведацца пра будучыню. Для гэтага ў ход ішлі і плот, і вароты, і дровы, і свечкі і, нават, узіраючыся ў зорнае неба, яны маглі патлумачыць свой лёс. Камароўскія варажбіткі-цыганачкі не абышлі бокам і членаў журы, метадыстаў раённага аддзела адукацыі і прысутных гледачоў. Пасля калядная світа развітвалася са шчодрымі гаспадарамі, услед кідаючы зноў жа шчырыя пажаданні дабрабыту…
Зусім іншая гісторыя разгортвалася ў лужаснянскай хаце. Тут святкавалі жаніцьбу Цярэшкі, якая набыла аўтарытэт лепшай творчай прэзентацыі праекта.
На “Жаніцьбе Цярэшкі” ўсе маладыя людзі адразу аказваюцца ў самым віры, цэнтры падзей. Галоўнае, каб у самым пачатку гэтай займальнай, але адначасова і вельмі дасціпнай, мудрай народнай гульні кожнаму знайшлася свая “палавінка”, а тады ўсё пойдзе, як па добра накатанай дарожцы, у канцы якой з вялікай доляй верагоднасці можа хлопец знайсці сваю каханую, а дзяўчына – свайго выбранніка. Як-ніяк, а абрад не выпадкова называецца «жаніцьбай»… Калі ж «маладыя пары» як след павесяліліся, па-сапраўднаму здружыліся, “бацькі” пажадалі ім здароўя і шчасця, пасля чаго ўсе зладжана селі за святочны стол.
Аднак не толькі гульню акцераў ацэньвала журы, але і іх касцюмы. Хтосьці прытрымліваўся нацыянальных строяў, а хтосьці, як замастоцкія мадэльеры, прадставіў сваё бачанне зімовага адзення, стварыўшы паўнавартасную калекцыю. Суйкаўская школа, якая святкавала Стрэчанне, па меркаванню журы, зрабіла лепшую прэзентацыю народнага касцюма, грунтоўна падышлі да свайго адзення альгоўскія краязнаўцы. Гэта падкрэслілі і метадысты раа, якія далі высокую адзнаку пошукава-даследчай справе мясцовых настаўнікаў і вучняў…
Аднак сапраўдны скарб роднай бацькоўскай зямлі не ў дыпломах і падарунках вымяраецца, а ва ўшанаванні і адраджэнні духоўнай спадчыны, якая адкрые перад цікаўнай малечай ды і дарослымі яшчэ нямала сваіх таямніц….

Т. АЛЯКСАНДРАВА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.