Школьныя “Дажынкі” святкавалі ў Віцебску

Актуально Молодежь Образование Праздник Торговля

Свае “Дажынкі” ў мінулую суботу святкавалі ўстановы адукацыі Прыдзвіння. Шчодрыя падвор’і на “Восеньскім карагодзе” ля Палаца спорту ў Віцебску разгарнулі настаўнікі і навучэнцы нашага раёна.

З самай раніцы ля гандлёвых радоў яблыку не было дзе ўпасці. Гараджане выстройваліся ў чэргі за садавінай і гароднінай, прыцэньваліся да швейных, мастацкіх вырабаў, сувеніраў. Да гэтага заклікалі наведвальнікаў кірмашу школьныя гандляры: “Не спяшайся, падыдзі, прыцаніся, паглядзі”. Доўга чакаць пакупнікоў не прыйшлося, бо  выбар — багаты, цэны — дэмакратычныя, а якасць, як заўсёды, высокая.

Ужо ў першую пару гадзін прылаўкі  апусцелі напалову. карысталіся попытам вырабы замастоцкіх майстроў саламяных спраў.

У кошыкі гаспадынь трапляла сельгаспрадукцыя з прышкольных участкаў. Як адзначыла дырэктар гімназіі №1 Віцебскага раёна Вольга Красакова, якая гандлявала са сваімі калегамі, многіх пакупнікоў прываблівалі чырванашчокія яблыкі, таму тара з садавінай хутка апустошвалася. Прысмакі на любы густ ад акцябрскіх кулінараў наведвальнікі кірмашу ацэньвалі па-школьнаму, на адзнаку “выдатна”. Над апетытным печывам кухары працавалі з чатырох гадзін раніцы, каб удзельнікі “Дажынак” змаглі атрымаць асалоду.

На кожны тавар — свой гаспадар, зазывалі прадаўцы Старасельскай школы, якія амаль без перапынку ўзважвалі фасоль ды моркву. Так рупліва працавалі і навучэнцы Лужаснянскага аграрнага каледжа. Хлопцы толькі і паспявалі важыць буракі, моркву, капусту ды бульбу пад пільнай увагай  выкладчыка плодаагародніцтва Зінаіды Бранцэвіч, якая падкрэсліла, што на выставе-кірмашы прадстаўлена сельгаспрадукцыя з калекцыйна-вопытнага поля. Навучэнцы сабралі шчодры ўраджай. Наколькі працавітая студэнцкая моладзь, ведае і выкладчык батанікі і фізіялогіі раслін Вера Голуб. Яна прапаноўвала набыць не толькі саншэцыю, калеус, фіялкі і іншых кветкавых прадстаўнікоў флоры, але і расліны, вырабленыя з бісеру.

У “Восеньскім карагодзе” калектывы Ноўкінскай, Кіраўскай, Варонаўскай, Мазалаўскай, Сасноўскай і іншых устаноў адукацыі прымалі ўдзел не ўпершыню, таму маглі пахваліцца пастаяннымі пакупнікамі, якія заўсёды аддаюць перавагу якасці. Набыўшы неабходны тавар, яны ў дадатак атрымліваюць добразычлівую ўсмешку прадаўцоў і абавязковае запрашэнне на новую сустрэчу.

Таццяна Дзіканава.
Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.