У Віцебскім раёне аднаўлялі культурныя традыцыі і побыт беларускай даўніны

Конкурс Культура Молодежь Наши люди Образование По поводу

Паэтычнае хараство, раскоша вобразаў… Так можна апісаць дзейства, якое адбывалася ў Капцянскім СДК падчас апошняга этапа раённага конкурсу “Духоўнае адраджэнне культурных традыцый і побыту беларускай даўніны”, які быў прысвечаны святам летняга цыкла і традыцыйна праходзіў пад флагам грамадскага аб’яднання “Белая Русь”.

Вымнянскія прыгажуні

На адной сцэне каларытныя вобразы стваралі як настаўнікі Бабініцкай, Вымнянскай, Капцянскай, Янавіцкай, Суражскай і Ноўкінскай школ, так і вучні, якія атрымалі ў спадчыну найвялікшы скарб — фальклор — выток духоўнай культуры народа. Усе яны сталі госцейкамі вёскі-невялічкі пад назвай “Крынічкі”, якая “памяць продкаў зберагае і на свята запрашае”.

Капцянскі гармонік грае, весела спявае

Адразу дзве ўстановы адукацыі Бабініцкая і Капцянская школы вырашылі абраць Купалле — свята ў гонар летняга сонцастаяння. Як і спрадвеку, артысты зрабілі яго сапраўдным шоу, якое разгортвалася па строга вызначаным сцэнарыі, дзе кожны элемент дзеі меў свой адметны, магічны сэнс.

Дзяўчаткі на працягу дня збіралі кветкі, зёлкі. Калі з першых рабілі купальскія вянкі, то апошнія захоўваліся да наступнага года і лічыліся цудадзейнымі. Ім прыпісвалі лекавыя ўласцівасці. Не адпачывалі ўдзень і хлопцы, яны рупліва ўзводзілі вогнішча, каля якога ўначы павінна было разгортвацца асноўнае дзейства. Маладым у гэтую чароўную ноч было не да сну, бо не адно Купалле не абыходзілася без гульняў-ігрышчаў, летніх карагодаў, скокаў цераз вогнішча, абрадавых песень. Безумоўна, адным з самых доўгачаканых момантаў купальскай ночы быў пошук папараць-кветкі. Праўда, знайсці яе лічылася справай няпростай. Аднак той, хто знойдзе чароўную расліну, здолее разумець прыроду, лічылі нашы продкі.

На заканчэнне гульняў каля агню моладзь пускала на ваду вяночкі, на якія, як і ў траечных гаданнях, задумвалі на будучае свайго роду і лёсу. Ці збываліся жаданні нашых продкаў, якія яны даносілі ў сваіх думках, пытанне без адказу, затое дакладна вядома, што купальскія замовы на добрае выступленне юных артыстаў знайшлі сваё ўвасабленне ў высокіх ацэнках журы.

Салодкія яблыкі ды вінаград паспытаць быў кожны рад

Прадстаўленне народнага абрада капцянскімі “купальшчыкамі” было прызнана лепшым. А вось бабініцкія фалькларысты “спакусілі” сваім шчодра накрытым сталом і гасцінным прыёмам. Таму пераможца ў намінацыі “Лепшае падвор’е”, як кажуць, быў вызначаны без варыянтаў. Бо ў сапраўдных гаспадароў падвор’е і хата заўсёды ў парадку, а зойдзе да іх госць, дадуць і аладку. Ды што там аладку, накормяць уволю, прысмакаў багата  паставяць на стол. пачастункі, цудоўныя гатункі прыгатавалі ўсе без выключэння гаспадыні, аднак лепш за іншых страву нацыянальнай беларускай кухні прэзентавалі янавіцкія кухары. Ды чаго там казаць, сам абрад — Яблычны Спас — быў смачным для позірку гледачоў. Асобае месца на святочным стале займалі яблыкі. Іх  збіралі, елі з мёдам і цукрам, а таксама гатавалі з іх розныя стравы, напрыклад, пірагі. Садавіну, у тым ліку і вінаград, асвячалі ў цэрквах і толькі потым спрабавалі. На янавіцкім падвор’і можна было не проста пачаставацца яблыкамі, самым дапытлівым гаспадыні нават адкрылі некалькі кулінарных сакрэтаў.

Добра падмацаваўшыся, можна рухацца далей, тым больш, што ўжо надышоў час Сёміка сустракаць. Ці, хіба, пачэсны народ забыў праз вякі пра біблейскае паданне, у якім гаворыцца, што на 50-ты дзень пасля Вялікадня на хрыстовых вучняў, апосталаў, зышоў Дух Святы. Вось так Бог-Айцец загадаў несці вестку пра хрысціянства ўсім народам. Гэта пацвярджае і існаванне прасвятой Тройцы: Бога-Айца, Бога-Сына і Бога-Святога Духа. На славянскіх землях яна злілася са старажытнаславянскім святам  Сёмікам. Ён зазначаў канец вясны і пачатак лета. Сімвалам квітнеючай прыроды была і застаецца маладая бярозка. Не адышлі ад ушанавання традыцый маладзіцы Вымнянскага дзіцячага садка-сярэдняй школы, якія вяночкі плялі стракатыя, карагоды вадзілі вясёлыя, упрыгожвалі бярозку родную, якая дарыла чалавеку ўсякаму жыватворную сілу. Перасцярагалі ў русальную нядзелю Зялёных святак хлопцаў, каб тыя не затрымліваліся ў лесе позна, бо русалкі заказычуць да смерці. Каб адбіць ў гэткай нечысці ахвоту, моладзь праганяла іх палынам, “каб не кусаліся, не чапаліся, людзей не тапілі, ураджай не губілі”. Зачаравалі русалкі і членаў журы, якія аддалі вымнянскім “нячысцікам” перамогу ў намінацыі “Лепшая прэзентацыя праекта”. Бо тут і стол накрыт багата, і ў хаце прыбрата, ды і ў куфэрках — порткі, кашулі, спадніцы, якія паказалі хлопцы ды маладзіцы.

Запрашае Ноўка

А вось артыстам з Суражскай школы няма перашкод у лесе. Упэўніцца ў гэтым можна было падчас прэзентацыі іх свята народнага календара — Пятрова дня. Моладзь сама забаўлялася з “нячысцікамі”, робячы перашкоды ў лесе, на дарогах, пужаючы выпадковых прахожых. Не да сну было суражанам, бо, як і іх продкі, яны бавілі час да світання, каб потым першымі ўбачыць, як узыходзіць сонца. У дзень ушанавання апосталаў Пятра і Паўла яно асабліва гарэзлівае: «йграе», адбіваецца ў рацэ рознымі колерамі, скача па небе ўверх-уніз. Хлопцы і дзяўчаты весяляцца, раскладваюць вогнішча,  водзяць карагоды, усхваляваныя прыгажосцю світання, спяваюць пятроўкі. На Тройцу дзяўчаты «завіваюць» бярозкі, сплятаючы вецейка бярозак-суседак. А на Пятра яны ж ідуць ў лес, каб «развіць» гэтыя «косы». Яшчэ дзяўчаты варожаць на сёмушных вянках, гушкаюцца на арэлях з хлопцамі. А як золатам ды ізумрудамі зіхацяць у сонечных праменнях вопраткі. Раней яны былі звычайнымі строямі ў сялян, сёння ж дастаць такую кашулю ці спадніцу можна хіба толькі ў майстроў сваёй справы. Дзе ж прыдбалі суражане адзенне з нацыянальным каларытам, сакрэт, бо хто хоча страціць званне лепшага ў намінацыі “Лепшае прадстаўленне народнага адзення”. А вось сваточкі Ноўкінскай школы, святкуючы заручыны Цярэшкі, вырашылі пакрэатывіць, дадаўшы да бабуліных расказаў кропельку творчасці і артыстычнага майстэрства, за што і былі адзначаны дыпломам “Крэатыў і творчасць”.

У суражскай хаце і страў, і песень багата

Што ж, летнія святкі “Белай Русі” скончыліся, а з імі і кола каляндарна-абрадавых свят, якое спадарожнічала па ўстановах адукацыі на працягу двух гадоў. Зусім хутка стануць вядомы вынікі ўсіх чатырох этапаў, узнагародзяць ўдзельнікаў за лепшую прэзентацыю праекта.

Таццяна Дзіканава.

Фота аўтара.



2 комментария по теме “У Віцебскім раёне аднаўлялі культурныя традыцыі і побыт беларускай даўніны

  1. Пакуль не прачытала гэты матэрыял, лічыла, што сённяшняя моладзь ўжо не цікавіцца гісторыяй і духоўнай культурай. Прыемна разумець, што хлопцы і дзяўчаты адраджаюць багатую спадчыну сваіх продкаў.

  2. Интересное мероприятие, интересно, можно ли на нем побывать и все увидеть своими глазами. Или это просто конкурс

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.