Выкладчыца Лужаснянскага аграколеджа Праскоўя Рудык вучыць будучых аграномаў

Наши люди Образование

Пад словамі «след на зямлі» мы разумеем не адбітак нагі на глебе, а пэўныя ўчынкі і справы чалавека, якія застаюцца ў памяці. Выкладчыца Лужаснянскага аграрнага коледжа Праскоўя Рудык  не проста пакідае за сабой такія «знакі», але і вядзе па «зямельнаму» шляху сваіх навучэнцаў.

Праскоўя Рудык
Праскоўя Рудык

Яшчэ з дзяцінства Праскоўя любіла назіраць за тым, як спелае жыта хіліць свае каласы, як блішчыць раса і круглымі «слёзкамі» капае з залатога сцябла. Таму не дзіва, што яна вырашыла звязаць свой лёс з «хлебнай» справай. Праскоўя Рудык скончыла Сінёўскі сельскагаспадарчы тэхнікум (Украіна), Вялікалукскі сельскагаспадарчы інстытут, а потым — Беларускі аграрны тэхнічны ўніверсітэт. У пачатку 70-х гадоў яна стала працаваць у аграколеджы спачатку бухгалтарам, лабарантам, затым — педагогам.

У будучых аграномаў яна выкладае ландшафтны дызайн, а таксама вучыць правільна «размаўляць» з насеннем. Моладзь уважліва спасцігае веды па эфектыўнасці сартавых пасеваў, апрацоўцы зямлі і ўнясенні ў глебу разнастайных відаў угнаення. Паколькі аграном з’яўляецца адной з галоўных фігур на сяле, якая ўдзельнічае ў сельскагаспадарчай вытворчасці, Праскоўя Іванаўна дапамагае сваім навучэнцам вызначаць тэхналогію і арганізацыю працы на зямлі, эфектыўна планаваць вытворчы працэс. Дзякуючы даступнасці, аргументаванасці і доказнасці выкладаемага матэрыялу будучыя спецыялісты з лёгкасцю засвойваюць тэарэтычныя веды. Моладзь з задавальненнем праводзіць разнастайныя доследы, любіць назіраць за развіццём раслін і змяненнямі, якія адбываюцца ў глебе. Узброеныя “зямельнымі” ведамі, навучэнцы робяць першыя крокі ў важнай справе вырошчвання і захавання ўраджаю, і ў іх скарбонцы знаходзіцца не адзін дзейсны метад. Так, дзеля таго, каб пазбавіцца ад каларадскага жука ці яблыневай пладажоркі, паміж радоў пладоваагароднінных культур трэба вырошчваць піжму звычайную… Гэтымі і многімі іншымі народнымі парадамі Праскоўя Рудык дзеліцца са сваімі падапечнымі, і такія рэцэпты знаходзяць прымяненне на прысядзібным участку педагога.

На думку жанчыны, поспех любога выкладчыка залежыць ад пастаяннай працы над сабой, пошуку аптымальных метадаў і прыёмаў, накіраваных на адукацыю моладзі. Праскоўя Іванаўна дасягае максімальнага ўключэння навучэнцаў у пазнавальную дзейнасць на занятках і іх актыўнасці. У сваёй прафесіі педагог абапіраецца на сучасныя тэхналогіі, і для лепшага засваення матэрыялу выкарыстоўвае мультымедыйныя прэзентацыі.

За 40 гадоў працы ў коледжы Праскоўя Рудык выпусціла за парог храма навукі не адно пакаленне аграномаў, многія з якіх працуюць цяпер на хлебнай ніве. Шэсць разоў ёй даводзілася браць на сябе яшчэ адну адказную місію — быць куратарам групы. І па сённяшні дзень былыя навучэнцы добра памятаюць дысцыпліны свайго любімага педагога, якія, нібы стрэлка компаса, паказалі ім дарогу ў жыццё.

Вольга Булаўка.
Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.