Жыхарка вёскі Лучынаўка Віцебскага раёна Вольга Селязнёва сустрэне 101-ы Новы год

В центре внимания Наши люди По поводу Праздник Работа с населением Социальный аспект

Жыццё — імгненне між мінулым і будучым. У Вольгі Іванаўны Селязнёвай яно доўжыцца цэлае стагоддзе і 15 снежня ўзяло адлік на другое. У старэйшыны роду вялікая дружная сям’я: дзве дачкі, чацвёра ўнукаў, пяцёра праўнукаў і двое прапраўнукаў. Кожны да 100-гадовага юбілею бабулі падрыхтаваў падарунак, але, пэўна, самым незвычайным стаў новы пашпарт, які ўручыла доўгажыхарцы начальнік аддзялення па грамадзянству і міграцыі  Віцебскага РАУС Святлана Авік.

Селязнёвай і Святлана Авік
Вольга Селязнёва і Святлана Авік

Па біяграфіі Вольгі Селязнёвай можна вывучаць гісторыю: рэвалюцыя, Грамадзянская вайна, калектывізацыя, Вялікая Айчынная, аднаўленне разбуранай краіны… І гэта не проста пералік падзей. Кожны перажыты адрэзак часу пакінуў адбітак ў лёсе. Жыццё Вольгі Іванаўны не падобна на шэрую сумную аповесць. Хутчэй за ўсё гэта захапляльны раман, у якім знайшлося месца і цяжкім выпрабаванням, і дзіўным прыгодам, і вялікаму каханню.

Нарадзілася Вольга на хутары Лужына трэцім дзіцём у сям’і Цурбанавых, пасля яе яшчэ з’явіліся на свет два браты і сястра. Карміла ўсіх “дзедава зямля” — бацька маці 25 год быў рэкрутам у царскай арміі, за што яму і падаравалі надзел. Як і ўсе яе аднагодкі Вольга рана зведала цяжар сялянскай працы. Ад  маці навучылася прасці, ткаць і шыць. Пасля рэвалюцыі ў хаце Цурбанавых нейкі час размяшчалася школа, у ёй дзяўчынка вучылася грамаце — скончыла тры класы.

Працаваць пайшла ў Друкава на льнозавод. Трасту мялі, трапалі — з-за пылу не бачылі свету. Працавітасць маладой работніцы не засталася незаўважанай — Вольгу накіравалі вучыцца ў Шклоў, адкуль праз некалькі месяцаў вярнулася майстрам. На той час на заводзе працаваў пажарным статны прыгажун Рыгор. Пазнаёміліся. Ён штовечар праводзіў Вольгу да яе хутара, а потым 10 кіламетраў ішоў дадому, у в. Каралёва. Праз год згулялі вяселле. Яна і зараз да драбніц памятае той летні дзень, калі яе каханы прыехаў на тройцы коней.

У Рыгоравай сям’і была вялікая гаспадарка, і рукі маладой нявесткі былі вельмі дарэчы. Свякроў прыняла яе як дачку. У 1936 годзе ў маладых нарадзілася дачка Ала, а праз тры гады — Лера. Уступілі ў калгас. Рыгор з Вольгай працавалі ў калектыўнай гаспадарцы, а дзяцей даглядала бабуля Варвара Карпаўна.

Вайна перакрэсліла ўсе мары. З першых дзён Рыгора праводзілі на фронт, а Вольга з маленькімі дачушкамі і бабуляй апынуліся спачатку ў канцлагеры “5-ы полк”, а потым — за агароджай у Слуцкім раёне. Пасля вызвалення вярнуліся дадому, дакладней, на пажарышча. Вёска спалена, лес наўкола высечаны. Тут каля паўгода стаяў фронт. Пасяліліся як і астатнія аднавяскоўцы у бункеры. На шчасце пахаванка абмінула іх сям’ю. Рыгор Селязнёў хоць і быў паранены, але вярнуўся дадому, дзе яго назначылі ў калгасе брыгадзірам. Пакрысе абжываліся, адбудоўваліся. “За працадзень рыдлёўкамі капалі калгаснае поле, запрагалі ў барану кароў… — успамінае Вольга Іванаўна. — Жылі цяжка, але дружна, у згодзе”.

Выраслі дочкі, перабраліся жыць у Віцебск, завялі свае сем’і. Наведваючы бацькоў, радаваліся трапяткім адносінам паміж імі. Рыгор называў жонку не інакш, як лялечкай, дапамагаў ва ўсім, ні разу не пакрыўдзіў. “За ім мама прыберагла здароўе”, — мяркуюць дочкі. Сямнаццаць год Вольга Іванаўна жыве адна. Апошнім часам Ала і Лера практычна не пакідаюць маці. Звалі жыць да сябе ў горад. Наадрэз адмовіла. І дочкі разумеюць: пазбаў яе прывычнага рытму жыцця — згасне. Мама і зараз у 100 год любіць пасядзець на лавачцы ў гародчыку, яшчэ і травіну вырве ды дочкам пакажа, як палоць трэба — дужа павучаць любіць. Яна і зімой  абувае валёнкі, завязвае цёплую хустку і выходзіць падыхаць свежым паветрам. Вельмі любіць лазню і не проста мыцца, а парыцца! Так з расказаў дачок і раскрыўся сакрэт даўгалецця Вольгі Селязнёвай. Але самае галоўнае ў ім, пэўна, — жыццялюбства. Бабуля ніколі не давала волю гневу, зайздрасці. Як гасцінная гаспадыня яна са шчырасцю сустракае ўсіх  на парозе сваёй хаты. У гэтым пераканаліся дырэктар ТЦСАН Віцебскага раёна Леанід Кавалёў, старшыня Варонаўскага сельвыканкама Юрый Осіпаў і кіраўнік Дома культуры Аляксандр Вашчанка, якія прыйшлі да доўгажыхаркі з падарункамі і віншаваннямі.

Любяць бываць у бабулі ўнукі і праўнукі, бо яна і мудрую параду дасць і пажартуе, і песню за сталом зацягне любімую “Па Дону гуляет…”.

Вольга Іванаўна любіць святы, калі збіраюцца родныя людзі — у хаце становіцца шумна, весела. Зараз яна, як дзіця, чакае Новы год і напамінае дочкам, каб хоць не забыліся ёлку паставіць. Жаданне ў бабулі таксама ёсць — простае і шчырае: каб і надалей сям’я, што дае ёй сілы, жыла дружна, каб здароўя Бог даў усім добрым людзям.

Ніна Сталярэнка.
Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.