У ААТ “Рудакова” Віцебскага раёна прайшоў конкурс прафмайстэрства “Лепшы аператар машыннага даення — 2013”

Актуально В центре внимания Конкурс Наши люди По поводу

Гучнае “му-у” з малочнатаварнай фермы “Добрына” ААТ “Рудакова” даносілася не як звычайна — больш урачыста. А ўсё таму, што “плямістыя персоны” тут сустракалі ўдзельніц конкурсу прафесійнага майстэрства “Лепшы аператар машыннага даення — 2013”.

Дырэктар ААТ "Рудакова" Міхаіл Пінчук з удзельніцамі конкурсу
Дырэктар ААТ «Рудакова» Міхаіл Пінчук з удзельніцамі конкурсу

“Белае золата” — асноўная крыніца прыбытку і паспяховасці сельгаспрадпрыемства, і кожнаму кіраўніку хочацца, каб малака было як мага больш. На гэта, як правіла, уплываюць забяспечанасць кармамі, адносіны да жывёлы, захаванне ўсіх правілаў тэхналогіі даення. Удала спраўляюцца з пастаўленымі задачамі даяркі ААТ “Рудакова”. Таму не дзіва, што сельскагаспадарчая арганізацыя не сыходзіць з першых пазіцый зводак па колькасці надоенага малака ў раёне. Па словах дырэктара ААТ “Рудакова” Міхаіла Пінчука, сучасныя тэхналогіі вытворчасці, збалансаваная кармавая база, добрыя ўмовы для жывёлы з’яўляюцца галоўнымі фактарамі, якія садзейнічаюць атрыманню стабільных вынікаў. Да гэтага трэба яшчэ дадаць правільную арганізацыю працы спецыялістаў, у тым ліку і даярак. Каб праверыць іх прафесійнае майстэрства і было арганізавана сапраўднае “малочнае” шматбор’е. Па словах старшыні прафкама ААТ “Рудакова” Валянціны Крывянчук, кіраўніцтва сельгасарганізацыі вырашыла адрадзіць пасля пяцігадовага перапынку спаборніцтва сярод аператараў машыннага даення.

Тое, што месцам правядзення конкурсу стала малочнатаварная ферма “Добрына” — не выпадкова. Як адзначыў начальнік комплексу Аляксандр Запрудскі, у 2012-м гаспадарка дасягнула самага высокага ўдою на карову — каля 6,5 тысячы кілаграмаў. У гэтым годзе, па прагнозам Аляксандра Уладзіміравіча, такая лічба павялічыцца. Зараз на ферме ўтрымліваецца 2250 галоў буйной рагатай жывёлы, з якіх 700 — дойныя. Усё малако рэалізуецца на перапрацоўчыя прадпрыемствы вышэйшым гатункам і класам “экстра”, прычым на долю апошняга прыходзіцца каля 77 працэнтаў.

Вяртаючыся непасрэдна да конкурсу, трэба сказаць, што на званне лепшага аператара машыннага даення прэтэндавалі канкурсанткі з ферм: “МТК-1200”, “Сасноўка”, “Камары” і “Добрына”. Самай малодшай удзельніцы — 20 гадоў, а старэйшай — 49.

Ніна Усава падчас зборкі даільнага апарата
Ніна Усава падчас зборкі даільнага апарата

На першым этапе калегам па “малочнаму цэху” давялося пабываць у ролі студэнтак. Кожная з іх цягнула білет з тэарэтычнымі пытаннямі па фізіялогіі жывёлы, тэхналогіі даення, ахове працы. Затым пад адлік стрэлкі секундамера даяркам неабходна было сабраць і разабраць даільны апарат. Галоўным крытэрыем ацэнак паслужыла не толькі дасканалае веданне ўсіх яго дэталяў, але і паслядоўнасць дзеянняў.

Святлана Талкачова рыхтуецца да практычнай часткі
Святлана Талкачова рыхтуецца да практычнай часткі

У трэцім туры аператары машыннага даення прыступілі да практычнай часткі. “Плямістыя персоны” фермы “Добрына” адчувалі пільную ўвагу да іх, а даяркі размаўлялі з жывёламі, як з сяброўкамі: якую пахваляць, а якой зробяць слушную заўвагу. Самым смачным быў заключны — чацвёрты конкурс, які патрабаваў пры дэгустацыі малочных напояў вызначэння іх назвы.

Пераможцы конкурсу: Ірына Крупеня, Любоў Сарапененка, Валянціна Тамашэвіч
Пераможцы конкурсу: Ірына Крупеня, Любоў Сарапененка, Валянціна Тамашэвіч

Па выніках усіх этапаў “бронзу” ўзяла Любоў Сарапененка (“Камары”), другое месца атрымала Ірына Крупеня (“Добрына”), а першай стала Валянціна Тамашэвіч (“МТК-1200”). Гэтыя аператары машыннага даення з самага пачатку спаборніцтва ўзялі высокую планку і не знізілі зададзены тэмп у канцы. Лідары конкурсу ўзнагароджаны памятнымі прызамі і грашовымі прэміямі. Усе ўдзельніцы атрымалі салодкія падарункі. Аператары машыннага даення паказалі адладжаную гадамі сістэму працы, і, мяркуючы па надоях, яны прытрымліваюцца яе штодзённа.

Вольга Булаўка.
Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.