Тысячы людзей па ўсёй Беларусі, ды і з іншых краін постсавецкай прасторы, шукаюць любую інфармацыю пра лёс сваіх родных і блізкіх, якія загінулі падчас Другой сусветнай вайны. Аднак якім чынам, а галоўнае, дзе знайсці такія дадзеныя, калі з балючых часоў мінулага ліхалецця прайшло 70 гадоў? Пачуць адказ на гэтыя пытанні можна было на вучэбна-метадычным семінары па ўвекавечанні памяці абаронцаў Айчыны і ахвяр войнаў, які прайшоў на базе Ноўкінскай сярэдняй школы.

За гістарычнымі звесткамі хаваецца вельмі грувасткая праца даследчыкаў. Паколькі ў Беларусі няма адзінай базы дадзеных і імёны далёка не ўсіх салдатаў устаноўлены спецыялістам не проста даць адказ на запыты сваякоў загінулых, і блізкія ў сваіх лістах выказваюць жаданне наведаць месца пахавання. Да таго ж мноства аднолькавых прозвішчаў і назваў вёсак замаруджваюць пошук. А ўсім, хто прыходзіць да абеліска, хочацца быць упэўненым у тым, што пад плітой знаходзіцца менавіта іх герой. У сувязі з гэтым было прынята рашэнне стварыць адзіны электронны даведнік вобласці і раёна — “Кнігу Памяці грамадзян, загінулых пры абароне Айчыны”.

Аднак экспертам не пад сілу адшліфаваць безліч дакументаў і скласці гэтую віртуальную энцыклапедыю. Памочнікамі ў такой адказнай місіі стануць школы раёна, дзе будуць створаны спецыяльныя групы пад кіраўніцтвам намеснікаў дырэктараў па выхаваўчай рабоце. Такую думку выказала на семінары намеснік старшыні райвыканкама Ксенія Карабач. Яна пераканала прадстаўнікоў педагагічнага калектыву ўстаноў адукацыі ў тым, што такая дзейнасць далучыць падрастаючае пакаленне да ідэй патрыятызму і паспрыяе выхаванню любові да Радзімы. Ксенія Мікалаеўна падкрэсліла, што задача кожнага заключаецца ў тым, каб увекавечыць памяць герояў вайны, якія аддалі сваё жыццё, бясстрашна змагаючыся за нашу свабоду і незалежнасць.

Такая праца з’яўляецца неад’емнай часткай мерапрыемстваў, прымеркаваных да 70-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і знаходзіцца на асаблівым кантролі не толькі раённай, але і абласной улады.

Пра тое, што раён ужо актыўна ўключыўся ў пошукавую дзейнасць, сведчаць узнагароды Міжнароднай асацыяцыі грамадскіх пошукавых аб’яднанняў “Народная памяць пра абаронцаў Айчыны”. На міжнародным конкурсе-прэзентацыі фотакалажаў-банэраў па гісторыі міжнароднага пошукавага руху “Мае дарогі, як ваенныя шляхі…” памяці ветэрана Вялікай Айчыннай вайны Юлія Іконнікава, прысвечанай 70-годдзю Перамогі і 25-годдзю I Усесаюзнага збору пошукавых атрадаў, настаўнікі Вымнянскага дзіцячага сада-сярэдняй школы Вячаслаў і Таццяна Марозавы заваявалі гран-пры ў намінацыі “Імёны з салдацкіх медальёнаў”. Вучань гэтай установы адукацыі Ілья Марозаў стаў пераможцам у намінацыі “Песні Вялікай Айчыннай вайны і сучасныя песні той жа тэматыкі” за музычны відэакліп на песню “Прадзед”. Кіраўнік музея “Гісторыя Заронаўскага краю” Людміла Нікіціна, студэнт Станіслаў Нікіцін, навучэнцы Юлія Прасалава і Аляксандра Гвоздзева атрымалі дыплом 2-й ступені ў намінацыі “Я павяду цябе ў музей”. Кожны з удзельнікаў пошукавага руху быў адзначаны яшчэ і граматамі за актыўны ўдзел у конкурсе.

Людміла Нікіціна і Вячаслаў Марозаў

Людміла Нікіціна і Вячаслаў Марозаў

Вяртаючыся да абмеркавання пошукавай тэматыкі на семінары,  дырэктар абласнога музея Героя Савецкага Саюза М. П. Шмырова, старшыня абласнога аргкамітэта па ўвекавечанні памяці абаронцаў Айчыны і ахвяр войнаў Ірына Шышкова адзначыла, што на працягу двух гадоў вядзецца вялікая і дастаткова аб’ёмная работа па складанні кнігі Памяці. Прадугледжваецца, што аснову гэтага праекта складзе табліца, дзе будуць адлюстраваны звесткі пра дату і месца нараджэння, воінскія званні, часці, у якіх служыў салдат, дату і прычыну смерці, месца пахавання і інш. Ірына Аляксандраўна сказала, што ажыццяўленне такой задумы патрабуе пабудовы шматэтапнага ланцужка па зборы, удакладненні звестак, загрузцы інфармацыі ў пошукавую сістэму і інш.

Па словах  старшыні аргкамітэта па ўвекавечанні памяці абаронцаў Айчыны і ахвяр войнаў Віцебскай абласной арганізацыі Беларускага грамадскага аб’яднання ветэранаў Ларысы Бруевай, элемент складанасці заключаецца ў тым, што ў некаторых пашпартах воінскіх захаванняў прозвішчы не адпавядаюць архіўным дакументам абагуленай базы дадзеных (АБД) “Мемарыял”, якая была сфарміравана Міністэрствам абароны Расійскай Федэрацыі. Супастаўленне дадзеных дазволіць унесці адпаведныя карэктывы ў існуючыя спісы.

Гэта справа вельмі карпатлівая і патрабуе ўмення працаваць з фактамі. Праз пошукавы сайт па архіўных дакументах школьнікам і педагогам трэба будзе ўстанавіць імёны загінулых і каардынаты невядомых воінскіх захаванняў. Разам з тым атрыманыя звесткі неабходна дакладна занесці ў сістэму Excel. Аб працы з дакументальным архівам, размешчаным на інтэрнэт-сайце АБД “Мемарыял”, больш падрабязна расказаў Вячаслаў Марозаў. На семінары-практыкуме ён прадэманстраваў прэзентацыю па запаўненні табліцы-картатэкі. У дадатак для школ была распрацавана метадычка, якая стане своеасаблівым дапаможнікам у іх дзейнасці. Толькі адной установе адукацыі ў сярэднім прыйдзецца разабраць каля 800 прозвішчаў герояў. На мерапрыемстве былі акрэсленыя тэрміны здачы працы — усю інфармацыю пра персаналіі неабходна даслаць спецыялістам да 1 сакавіка будучага года.

Усе,  хто будзе задзейнічаны ў стварэнні кнігі, павінны адчуваць асаблівую адказнасць за тое, што кожная дапушчаная памылка можа змяніць лёс таго ці іншага воіна. Намеснік старшыні абласной ветэранскай арганізацыі Міхаіл Ляшчынскі акцэнтаваў увагу на тым, што трэба занесці кожнага пайменна не толькі ў раённыя спісы, але і на мемарыяльныя пліты, бо гэта з’яўляецца гістарычным мінулым нашага народа, памяць якога павінна жыць у стагоддзях.

Вольга Булаўка.
Фота аўтара.