На базе дзіцячага аздараўленчага лагера “Спартакавец” Віцебскага раёна справілі “Прыдзвінскія Калядкі”

В центре внимания Глубинка Наши люди Образование По поводу Праздник Традиции, обряды

На  базе дзіцячага аздараўленчага лагера “Спартакавец” справілі “Прыдзвінскія Калядкі”. Рыхтуючыся да іх, райаддзел адукацыі, спорту і турызму і Цэнтр дзяцей і моладзі ведалі: як правядзеш гэтае свята, такі і ўвесь год будзе…

IMG_9632З глыбінi вякоў дайшлі да нашых дзён Каляды і звязаны з імі вясёлы абрад, калі ішлі калядоўшчыкі па вясковых вуліцах, у вокны стукалі, песні спявалі ды руплівых гаспадароў славілі.

Па такім сцэнарыі разгортваліся  падзеі і ў Прыдзвінскай рэзідэнцыі Дзеда Мароза, які дазволіў правесці ў сваіх уладаннях фэст. На запрашэнне адгукнуліся Янавіцкая, Суражская, Бабініцкая, Мазалаўская школы і Вымнянскі дзіцячы садок—сярэдняя школа. За колькі дзён яны “збудавалі” ў зімовым лесе “хаты”, якія гасцінна адчынілі свае дзверы для госцейкаў — хлопчыкаў і дзяўчынак і іх настаўнікаў з устаноў адукацыі нашага раёна. Каб не мёрзнуць ды не стаяць, яны разам вясёлым гуртом пайшлі калядаваць.

IMG_9639Першымі іх віталі Лявон з Лявоніхай з Бабініч. Яны шчодра частавалі калядоўшчыкаў і квасам, і каўбаскай, але перш-наперш куццю пакаштаваць далі. Дзякавалі гаспадары добрым людзям за свята, якое прынеслі яны на іх “панадворак”.

Вымнянская хата таксама была на цуды багата. Але, перш, чым надзяліць тых, хто пастукаў у дзверы, гаспадары  загадалі іх “павесяліць, каб гасцінцы зарабіць”. Падыйграла ім і Козачка, якая быццам бы з ног звалілася. Каб падняць яе, многа не трэба: “два боханы хлеба і бочка жыта, каб Каза была сыта. А яшчэ аладкі, каб былі бакі гладкі. Яшчэ мала — дайце кусок сала. Чацвёрты пірог, каб Казу сцярог, а хто такі харошы, хай насыпле грошай…”

Многія з калядных абрадаў  вымнянскія вучні ведаюць ад свайго славутага земляка Мікалая Нікіфароўскага, фалькларыста, этнографа. Пра тое, што яго справа жыве ў вяках, сведчыць цікавасць хлопчыкаў і дзяўчынак да сваёй гісторыі і культуры.

IMG_0013Як і іх продкі, не пачыналі свята у хаце без калядоўшчыкаў янавічане. Тым, хто да іх завітае, прапаноўвалі загадкі. Госцейкі ж пусцілі ў ход Мядзведзя, які скончыў Смаргонскую акадэмію і цяпер можа здзівіць сваімі трукамі.  І здзівіў… Як здзівілі сваёй гасціннасцю калядоўшчыкаў мазалаўскія і суражскія гаспадары. Іх сталы ламіліся ад смачнага варыва, духмянага печыва, якія былі прыгатаваны спецыяльна да застолля.

Па словах загадчыка аддзела спорту, турызму, краязнаўства і экалогіі Цэнтра дзяцей і моладзі раёна Людмілы Нікіцінай, асаблівае месца ў святкаванні Каляд адводзілася абрадаваму сталу і святочным стравам. Стол, вядома, павінен быць багатым, каб у наступным годзе мець добры ўраджай і здароўе. На ім  абавязкова павінна быць калядная куцця — ячневая каша з дабаўленнем мёду, арэхаў, шкварак, блінцы і розныя прысмакі. Вялікая колькасць страў сведчыла пра тое, наколькі гаспадарлівая сям’я, бо тое, што летам напрацавалі, зімой на стол паставілі.

Кожны з маленькіх удзельнікаў прыдзвінскага фэсту павёз дадому не толькі ўражанні ад святочнага дзеяння, але і поўныя кішэні смачнага. Арганізатары спадзяюцца, што хлопчыкі і дзяўчынкі будуць распавядаць сваім сябрам і бацькам пра традыцыі беларускага народа, да якіх дакрануліся.

IMG_9988—Каб маленькі чалавек з гонарам і годнасцю мог сказаць: “Я – беларус!”, ухіл пры навучанні і выхаванні дзяцей робіцца на вусную народную творчасць, важнае месца аддаецца фальклору — галоўнаму мастацкаму багаццю нашых продкаў, дзякуючы якому захоўваецца пераемнасць традыцый, ажыццяўляецца сувязь пакаленняў і бесперапыннасць духоўнага развіцця нацыі, — кажа сакратар раённай арганізацыі РГА  “Белая Русь” Святлана Бараўцова, падкрэсліваючы, што аб’ядненне заўсёды падтрымлівае і прымае актыўны ўдзел у правядзенні народных святаў, кола якіх  распачынаюць Калядкі.

Трэці год запар крочыць па раёне праект “Духоўнае адраджэнне культурных традыцый і побыту беларускага народа”. За гэты час многае ўдалося зрабіць па пашырэнні ведаў дзетак пра даўнія беларускія традыцыі, адзначае намеснік дырэктара па вучэбна-метадычнай рабоце Цэнтра дзяцей і моладзі Наталля Прыгожая. Але галоўнае — выхаванне павагі і любові да народнай спадчыны.

Таццяна Дзіканава.
Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.