Бібліятэкар з вёскі Заронава Віцебскага раёна захоўвае кніжны скарб у 7 тысяч экзэмпляраў

Культура Наши люди Работа с населением

Ва ўтульным памяшканні невялікай бібліятэкі ў вёсцы Заронава знаходзіцца кніжны скарб у 7 тысяч экзэмпляраў. Гэты храм кнігі наведваюць амаль 400 чытачоў. Тут камфортна, пануе адметная атмасфера спакою. Усе гэтыя ўмовы створаны дзякуючы намаганням бібліятэкара Вольгі Івановай.

Вольга Іванова
Вольга Іванова

Яшчэ ў маладосці бібліятэка для яе была ў нейкай ступені незвычаным, магічным месцам. Цікавыя выставы, маляўнічыя кнігі і часопісы заўсёды яе прываблівалі. Таму не дзіўна, што закончыла Магілёўскі бібліятэчны тэхнікум і ўжо на працягу 37 гадоў застаецца вернай абранаму прафесійнаму шляху.

Вольга Аляксандраўна не ўяўляе свайго жыцця без літаратуры, ёй падабаюцца раманы, дэтэктывы, перыядычныя выданні. Калі ў рукі трапіць цікавая кніга, то можа прасядзець з ёй да раніцы. Гэта прафесія патрабуе немалых ведаў у розных галінах навукі. Кажуць, што бібліятэкарам можа працаваць толькі натхнёны чалавек, і Вольга Іванова поўнасцю адпавядае гэтаму азначэнню.

Той, хто імкнецца рухацца разам з інфармацыйным патокам, часта прыходзяць у сельскую бібліятэку, а гасцінная гаспадыня з радасцю сустракае кожнага.

—Асноўны пік чытачоў — восенню і зімой, калі народ не заняты “зямельнымі” справамі, — кажа Вольга Іванова. — Часта сюды прыходзяць мясцовыя пенсіянеры, каб пагаварыць, абмеркаваць тую ці іншую сітуацыю.

Вольга Аляксандраўна перакананая, што бібліятэка — не проста сховішча кніг, дзе час ад часу можна штосьці пачытаць, а гэта яшчэ цэнтр выхавання, дзе адчынены шлях ў свет культуры, літаратуры і мастацтва.

У гэтай установе культуры часта афармляюцца выставы, якія з’яўляюцца візітнай карткай і паказваюць творчы погляд на свет і тэматыку экспазіцыі. Упрыгожваюць бібліятэку і вязаныя шыдэлкам вырабы Вольгі Івановай. Сярод іх — сурвэткі разнастайных памераў і ўзораў. Кожная  патрабуе ўседлівасці і карпатлівасці, таму ў сярэднім яна затрачвае на адну каля 6 гадзін. Калі бібліятэка раней размяшчалася ў канторы КУСГП “Пестуніца”, вяла гурток па самаробцы. Ужо трэці год як храм кнігі “жыве” ў спецыяльна адведзеным памяшканні ў мясцовым Доме культуры. І яго можна назваць ачагом вольнага часу і своеасаблівым інфармацыйным цэнтрам для вяскоўцаў.

Вольга Булаўка.
Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.