Міні-праект “Дабрыня” з Задуброўскага сельскага клуба Віцебскага раёна перадае свае веды і вопыт моладзі

В центре внимания Культура Наши люди Работа с населением

Жаданне быць патрэбнымі, перадаць свае веды і вопыт моладзі сабрала разам удзельнікаў міні-праекта “Дабрыня”, які рэалізуецца з верасня 2012 года на базе Задуброўскага сельскага клуба.

В. Глінко і В. Бізікава
В. Глінко і В. Бізікава

Гэта другая  ініцыятыўная група ў нашым раёне, якая вядзе сваю дзейнасць пад сцягам Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа. Па словах старшыні раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання Вольгі Бізікавай, спачатку ўдзельнікі такіх аб’яднанняў вырашаюць агульныя праблемы, арганізоўваюць вольны час. У далейшым актывісты пачынаюць рухаць наперад інтарэсы свайго рэгіёна, рэалізуючы для гэтага сацыяльныя міні-праекты. Сваю дзейнасць яны вядуць у цесным супрацоўніцтве з мясцовымі ўладамі.

—Пенсіянеры — менавіта яны ў суполках рухаючая сіла, людзі з абмежаванымі здольнасцямі не толькі заяўляюць аб сваіх патрэбнасцях, але і прапаноўваюць шляхі рашэння праблем. Гэта дапамагае ім  зразумець, што яны патрэбны грамадству, бо ад вынікаў іх працы ў многім залежыць асабістая будучыня і будучыня аднавяскоўцаў, — кажа Вольга Ігараўна.

Сёння задуброўская ініцыятыўная група, якую ўзначальвае загадчык сельскага клуба Вільгаміна Глінко, складае пятнаццаць чалавек, у іх ліку сацыяльныя работнікі, удзельнікі мастацкай самадзейнасці, працаўнікі мясцовага сельгаспрадпрыемства, майстарскага ўчастка жыллёва-камунальнай гаспадаркі і іншыя. Усе яны маюць шчырае сэрца, што падштурхоўвае іх рабіць добрыя ўчынкі. Збіраюцца разам куды часцей запланаваных сустрэч, дзеля таго, каб падзяліцца адзін з адным радаснымі навінамі, расказаць пра жыццё, а таксама звярнуцца да сябровак за парадай ці… новым рэцэптам смачнага печыва. Бо кожная з жанчын сярод сваіх захапленняў называе кулінарыю. Канкурэнцыю ёй складае бадай толькі  кветаводства. Ёсць у “Дабрыні” і свае “зоркі”. Да спявачак Вільгаміны Глінко і Зінаіды Марзонавай тут варта далучыць рукадзельніц-майстрыц Вольгу Бяззубаву і Людмілу Юдзенка. Менавіта яны адказваюць за натхненне падчас творчай майстэрні, якая адчыняе свае дзверы для ўсіх жадаючых.

IMG_0098Каб надаць ёй утульную хатнюю атмасферу, міні-праект накрывае сталы, за якімі ўдзельнікі могуць пагутарыць за кубачкам духмянай зялёнай гарбаты. Склад напою трымаецца ў сакрэце. Адно вядома: збор і нарыхтоўка лекавых раслін — справа саміх жанчын. “Каб  заўсёды быць здаровымі”, аб гэтым мараць чырвонакрыжаўцы, якіх старасць дома не застане. Удзельніцы праекта адгукаюцца на кожнае свята, а час ад часу дораць яго  і самі, здзяйсняючы творчыя вандроўкі. Заўсёды яны чаканыя госцейкі ў аддзяленні сацыяльнай адаптацыі, рэабілітацыі і дзённага знаходжання для інвалідаў. Задуброўскія валанцёры даносяць да сваіх суседзяў  з г. п. Сураж ідэі дабра, гуманізму і міласэрнасці, імкнуцца далучаць да шматлікіх акцый і мерапрыемстваў. Напрыклад, “Скажы туберкулёзу — не”, “Разам супраць пажараў” і іншыя.

У мінулым годзе ў Задуброўскім клубе “Дабрыня” прымала гасцей. Творчая моладзь з вёскі Гара далучылася да ліку сяброў міні-праекта. Нягледзячы на тое, што яны “працуюць” ў розных “узроставых катэгорыях”, адзін аднаго ўзбагачаюць, перш за ўсё духоўна. Майстэрня “Берагіня”, якая працуе ў Гары, сапраўдная скарбонка аўтэнтычнай культуры, адчыніць якую даручылі менавіта задуброўскім майстрыхам. Ад  работ рукадзельніц ініцыятыўнай групы маладыя людзі засталіся ў захапленні.
Не пакідае “Дабрыня”  без увагі і тых, хто па стане здароўя і ўзросце не могуць прыйсці ў клуб на вячоркі. Бо міні-праект у сваёй дзейнасці надае вялікае значэнне дапамозе сацыяльна-неабароненай катэгорыі насельніцтва.

—Наведванне адзінокіх і адзінока пражываючых, інвалідаў, ветэранаў вайны і працы па месцы жыхарства, удзел у рэспубліканскай акцыі “Збіраем дзяцей у школу”, аказанне  дапамогі аднавяскоўцам, якія апынуліся ў цяжкай жыццёвай сітуацыі і многае іншае не дае нам быць абыякавымі да тых, хто побач, — кажа Вільгаміна Уладзіміраўна, падкрэсліваючы, што гэткая сацыяльная дапамога не была б магчымай без узаемадзеяння з мясцовымі органамі ўлады,  участкам “Задуброўе” УП ЖКГ “Вітрайкамгас”, прафкамам КУСГП “Задуброўе” і індывідуальным прадпрымальнікам Міраславай Корыкавай.

“Дабрыня” выступае ініцыятарам суботнікаў па навядзенні парадку на зямлі. У мінулым годзе ўдзельніцы міні-праекта выязджалі на ўборку воінскага пахавання ў в. Каменка. На гэты запланавана добраўпарадкаванне роднага аграгарадка.

Што ячшэ ўвайшло ў перспектыўнае планаванне “Дабрыні” расказала Вільгаміна Глінко: “Міні-праект у гэтым годзе возьме ўсё лепшае з мінулагодніх напрацовак і працягне дзейнічаць ў сацыяльным накірунку, далучаючы да яго моладзь. Вялікая ўвага будзе надавацца сумеснаму  адпачынку ўдзельнікаў ініцыятыўнай групы. Гэта падарожжа да святых месцаў і паходы па грыбы і ягады”.

Жанчыны ўпэўнены, што ў іх добрай місіі часам дастаткова адзінай усмешкі, а на іх “Дабрыня” шчодрая. Вольга Бізікава дадала да гэтага яшчэ і жыццёвы вопыт валанцёраў, які трэба падмацоўваць “прафесійным”. Для гэтага і надалей прымаць актыўны ўдзел у семінарах і трэнінгах, якія арганізуе для ініцыятыўных груп Чырвоны Крыж. У мінулым годзе ў межах праекта яны пазнаёміліся з дзейнасцю сваіх аднадумцаў у Оршы і Мінску.

Таццяна Дзіканава.
Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.