Адкрытае акцыянерная таварыства «Віцебская бройлерная птушкафабрыка» першым у раёне правяло абрад «Зажынкі», сімвалізуючы пачатак масавага жніва збожжавых культур. Месцам правядзення ўрачыстасці было абрана ўрочышча Будзіслава.

Калектыў «Гасцінец»

Са старадаўніх часоў павялося, што гэтае працоўнае свята распачынае самую гарачую пару ў календары земляробаў, калі колас ужо наліўся і саспеў, збажына стаіць залатой сцяной і чакае руплівых рук хлебаробаў.

Хлеб-соль Н. Грыбанавай

На полі роўнай шарэнгай выстраіліся магутныя збожжаўборачныя камбайны «New Holland», якія гарманічна ўпісаліся ў прыродны ландшафт зеляніны лесу і жаўцізны хлебнай нівы. А побач з імі — галоўныя героі жніва — механізатары і вадзіцелі, спецыялісты — тыя, чыімі намаганнямі будзе сабраны сёлетні ўраджай.

Звяртаючыся з прывітальным словам да хлебаробаў, намеснік дырэктара бройлернай птушкафабрыкі па сельскай гаспадарцы Надзея Грыбанава адзначыла, што перад працаўнікамі стаіць няпростая задача: збожжавыя належыць убраць з плошчы 3 130 гектараў, да таго ж — 651 гектар рапсу.

—    Масавая ўборка — эта сапраўдны экзамен для хлебаробаў, і яго мы павінны вытрымаць на высокім ўзроўні, — падкрэсліла Надзея Васільеўна. — Праца ў звеннях, дакладная рэгуліроўка механізмаў камбайнаў, захаванне нормаў пажарнай бяспекі, строгі ўлік прадукцыі — вось тыя складнікі, што гарантуюць важкі каравай.

Сёлета аддзяленне «Курына» папоўнілася новымі механізатарамі, якія будуць працаваць на айчынных камбайнах і чатырох «New Holland». Прычым за кошт апошніх двух «іншаземцаў» гаспадарка абнавіла свой парк тэхнікі ў мінулым годзе. Усяго ж у гэтым сезоне на збожжавых палетках трох аддзяленняў птушкафабрыкі задзейнічаны 13 экіпажаў, і кожнаму з іх у сярэднім, па падліках адміністрацыі, прыйдзецца апрацаваць звыш 290 гектараў.

Духмяны каравай – хлебаробам

Хлеб, выпечаны з мукі леташняга ўраджаю, быў паднесены Надзеі Грыбанавай, як сімвал плённай працы і дабрабыту. У знак пашаны камбайнерам таксама ўручылі духмяны каравай, каб падсілкавацца перед пачаткам напружанай работы.

Благаславіў на вялікую справу хлебаробаў ігумен Віктар, які акрапіў святой вадой удзельнікаў жніва і тэхніку — каб не падводзілі ў патрэбны час ні дужыя рукі, ні магутныя механізмы. Ансамбль народнай песні «Гасцінец» Кіраўскага сельскага Дома культуры выканаў фальклорныя песні. З музычным суправаджэннем калектыў рушыў да пасеваў, каб здзейсніць самы галоўны святочны рытуал. Яго ўдзельнікі сярпом зжалі першы сноп, на які паставілі каравай, адламалі кавалак і паклалі на ржышчы пад зажыначнымі каласамі. З пажаданнямі багатага ўраджаю культработнікі ўручылі «залаты» букет галоўнаму аграному Марыне Сярэбраннікавай. Згодна з традыцыямі продкаў, на працягу года захоўвалі сноп, якому аказвалася асаблівая пашана, і лічылася, што ён валодае цудадзейнай гаючай сілай.

Зажыначны абрад працягваўся нядоўга — усе разумелі, што нават хвіліну выдатнага надвор’я страчваць нельга. Машыны раз’язджаліся, з неба ласкава свяціла сонца і «залатое» поле клікала сваіх рупліўцаў…

Вольга Булаўка.
Фота аўтара.