У вёсцы Доўжа Віцебскага раёна ў ноч на Івана Купалу адбылася тэатралізаваная імпрэза

Культура По поводу

Летняя ноч, вялікае вогнішча, палявыя кветкі, яркія стужкі, меладычныя песні, ні з чым непараўнальнае хараство і казачная таямнічасць… Нягледзячы на тое, што карані свята Купалля адыходзяць у старажытнасць, яно і па сённяшні дзень прываблівае сваёй прыгажосцю і незвычайнасцю. Пераканацца ў гэтым, прынамсі, была магчымасць у кожнага, хто далучыўся да арганізаванай ААТ “Віцебская бройлерная птушкафабрыка” святочнай дзеі, якая ўпершыню разгарнулася ў жывапісным кутку нашага раёна — у вёсцы Доўжа.

Купалінкі
Купалінкі

Да  возера Сосна, на  беразе якога размяшчаецца кафэ “Прыазёрны двор “У Ганны”, спяшаліся і дарослыя, і дзеці, каб паглядзець на тэатралізаванае прадстаўленне, пацікавіцца, што могуць прапанаваць гандлёвыя рады, дый проста адпачыць і добра правесці час. Выяўна бачныя вялікія літары, якія склалі імя — Купала, прываблівалі нават звычайных мінакоў на імпрэзу, якая распачалася, калі сонца няспешна хавалася за гарызонт, кідаючы на зямлю развітальныя залацістыя блікі.

DSC01116Прывітаўшы ўдзельнікаў і гасцей мерапрыемства, намеснік дырэктара бройлернай птушкафабрыкі па ідэалагічнай і сацыяльнай рабоце Раіса Яршова адзначыла, што дзякуючы цікаўнасці да беларускай культуры, у новым тысячагоддзі традыцыя правядзення Купалля паводле старажытных канонаў не толькі не згінула, але і атрымала працяг. Гэтае свята ўвабрала ў сябе язычніцтва і хрысціянства, традыцыі і сучаснасць. Раіса Генадзьеўна выказала спадзяванне, што яно атрымае пастаянную прапіску ў “Прыазёрным двары”.

Творчы калектыў "Верхавяне"
Творчы калектыў «Верхавяне»

Арганізатары мерапрыемства парупіліся зацікавіць гледачоў цікавай і дынамічнай праграмай. Сумаваць не давялось нікому, бо сустракаць купальскую ноч і весяліцца ад душы разам з вяскоўцамі прыйшлі гаспадары свята — Юрась і Марыся (яны ж Юрась Цвірка і Раіса Грыбовіч — артысты Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Якуба Коласа), Купалішы і Купалінкі, “верхавяне” — супрацоўнікі птушкафабрыкі, фальклорны калектыў “Задзвінне”, а таксама тэатралізаваныя героі — работнікі раённага Дома культуры.

Юрась і Марыся
Юрась і Марыся

Марыся і Юрась паведамілі гасцям пра адно з самых старажытных і паэтычных святаў, якое адзначаецца тады, калі cонца заходзіць на самую вышыню нябеснага купала і ахінае сваёй светлавой плынню, калі ўся жывая прырода дасягае найвышэйшага росквіту. Не выпадкова ў першыя дні ліпеня і да яго сярэдзіны прынята збіраць расліны, якія набіраюць максімум пажыўных рэчываў. Прысутным нагадалі, што адным з іх прыпісваліся лекавыя ўласцівасці, другія маглі супрацьстаяць чарам, а трэція былі прыкметамі дабрабыту ў будучыні. Таму сімвалічна, што на Купалле плятуць вянкі. Не парушалі традыцыі ў Доўжы — на пляцоўцы ля кафэ разгарнулася своеасаблівая майстэрня, дзе былі нарыхтаваныя галінкі разнастайных раслін і кветак. Гэты матэрыял і быў выкарыстаны дзяўчатамі для стварэння сапраўдных зялёных кампазіцый. Загадаўшы самыя запаветныя жаданні, яны апускалі на ваду свае вянкі.

Юрась акцэнтаваў увагу на стол з кветкамі, якія былі падрыхтаваны прадстаўнікамі падраздзяленняў прадпрыемства да ўдзелу ў конкурсе “Купальскі букет”. Гледачоў здзівіла віртуознае выкананне кампазіцый з разнастайных кветак. Адразу была бачна карпатлівая работа майстроў. Кожны штрых твораў быў выкананы з вялікай любоўю, і гэта адчувалася пры мімалётным позірку на іх. У выніку трэцяе месца раздзялілі аўтатранспартны парк і цэх гатовай прадукцыі са сваімі вырабамі “Сэрца Купалля”  і “Купальская сімфонія” адпаведна. У кроку ад “золата” спыніліся “Дзявочыя мары” грамадскага харчавання, а лідарам конкурсу стала “Купалінка”, якую прадставіла бухгалтэрыя. Тройка прызёраў і астатнія 9 удзельнікаў атрымалі каштоўныя падарункі ад Velcom.

Таццяна Кірпічэнка ў вобразе Кікімары
Таццяна Кірпічэнка ў вобразе Кікімары

Не абыйшлося свята без нячысцікаў, якія прывольна пачуваюць сябе ў ноч на Івана Купалу. У сваю хатку, размешчаную на тэрыторыі кафэ, заманьвала намеснік дырэктара РДК Таццяна Кірпічэнка ў вобразе Кікімары. Міфічная істота завязвала стужкі жаданняў, гадала на чашы з травамі, загадвала загадкі і здзяйсняла іншыя “рытуалы”. Усе казачныя і міфічныя персанажы пастараліся данесці да гледачоў глыбінныя пачуцці і веру людзей у добрае і шчаслівае. Гэтаму ж паслужыла і купальскае вогнішча, якое аб’яднала ўсіх прысутных, каб ачысціцца ад злых чараў. Усе разам — і артысты, і адпачываючыя, узяўшыся за рукі, накіраваліся да агню “праганяць вядзьмарскую сілу” і пачалі вадзіць карагод пад абрадавыя песні. Акрамя гэтага, на свяце было  паказальнае выступленне файер-клуба “Вальтмар” з выкарыстаннем піратэхнічных сродкаў.

Цяпло і святло ад агню абудзіла ў кожнага веру ў сваю папараць-кветку. Згодна з павер’ямі, чалавек, які знайшоў галоўны атрыбут Купалля, будзе шчаслівым усё жыццё. Гэты момант стаў адметнай рысай і кульмінацыяй мерапрыемства. Аднак, каб адшукаць легендарную расліну, не трэба было блукаць па лесе. Арганізатары мерапрыемства прапанавалі гасцям знайсці яе на тэрыторыі “Прыазёрнага двара” — у хуткім часе папараць-кветка знайшла сваю ўладальніцу.

Добраму святочнаму настрою і цудоўнаму адпачынку паспрыяў гандаль. Была наладжана выстава-продаж вырабаў з саломкі “Саламяных спраў майстры”, кветкавы майстар-клас ад Velcom. Сярод запрошаных гасцей былі і бешанковіцкія кавалі, якія на вачах прысутных звычайны кавалак жалеза пераўтваралі ў прыгожыя і крэатыўныя сувеніры. Актыўна працавалі гандлёвыя кропкі бройлернай птушкафабрыкі, і ўдзельнікі мерапрыемства маглі паласавацца багатым асартыментам прысмакаў. Сярод маленькіх прыдзвінцаў папулярнасцю карысталіся ласункі, розныя ўпрыгожванні, аксесуары і цацкі.

Не абышлося Купалле без гульняў, віктарын, латарэі і інш. Бліжэй да поўначы мерапрыемства скончылася дыскатэкаю. Пачалі разыходзіцца людзі, поўныя яркіх уражанняў. А недзе, мабыць, спраўлялі баль ведзьмакі з лесуном, вадзілі карагоды русалкі з вадзяным. Калі хтосьці скажа, што бачыў, як гулялі нячысцікі, можна паверыць гэтаму чалавеку: у чароўную купальскую ноч магчыма ўсё…

Вольга Булаўка.
Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.