Сельскагаспадарчае прадпрыемства “Мазалавагаз” першым у раёне закончыла жніво. На гэтым тыдні ў актавай зале УП “Віцебскаблгаз” урачыста адзначылі самае важнае свята хлебаробаў — “Дажынкі”.

С. Мелдэрэс і Я. Хашкоўскі

С. Мелдэрэс і Я. Хашкоўскі

Лёгкага хлеба не бывае. Гэтую аксіёму добра ведаюць аграрыі, а таксама генеральны дырэктар “Віцебскаблгаза” Пётр Шэршань. У сваім звароце да прысутных ён выказаў словы падзякі кіраўніцтву, спецыялістам, механізатарам, якія ў нялёгкай працы зрабілі ўсё магчымае, каб на стале кожнага быў важкі духмяны каравай.

Дзякуючы сплаву хлебаробскай навукі, гаспадарчага падыходу і вялікай адказнасці сёлета сельгасарганізацыі ўпершыню ўдалося пераступіць 6-ці тысячную мяжу па валаваму намалоту зерня і атрымаць ураджайнасць 51 ц/га. Выконваючы дзяржаўны заказ, на прадпрыемствы паступіла 380 тон харчовай пшаніцы і 200 тон рапса. Зараз рупліўцы рыхтуюць да здачы 500 тон харчовага ячменю. Да таго ж, аграрыям “Мазалавагаза” застаецца ўбраць з палёў 80 гектараў кукурузы на зерне — гэта на 30 больш чым у мінулым годзе. Пра гэта паведаміў намеснік генеральнага дырэктара па прамысловай і сельскагаспадарчай вытворчасці “Віцебскаблгаза” Канстанцін Пачэпка. У многім добраму выніку паспрыяла надвор’е. Працаўнікі раслінаводчай галіны гаспадаркі змаглі найбольш поўна выкарыстаць натуральную ўрадлівасць глебы ў аптымальным спалучэнні з агратэхнічнымі метадамі вырошчвання культур.

Хлеб-соль — героям жніва

Падчас ўрачыстасці намесніку старшыні аблвыканкама Уладзіміру Цярэнцьеву, намесніку старшыні райвыканкама Ксеніі Карабач, кіраўнікам прадпрыемстваў быў паднесены сімвал дабрабыту, багацця і гасціннасці — каравай, выпечаны з намалоту зерня новага ўраджаю. Ксенія Мікалаеўна ўручыла Падзякі кіраўніка раёна за вялікі асабісты ўклад у арганізацыю і правядзенне ўборачнай кампаніі працаўнікам сельгаспрадпрыемства Уладзіміру Лабковічу, Юрыю Мартынаву і Святлане Бацала.

За дасягненні высокіх паказчыкаў у працы, актыўны ўдзел ва ўборцы ўраджаю Ганаровымі граматамі УП “Віцебскаблгаз” узнагароджаны начальнік СГП “Мазалавагаз” Дзяніс Глушакоў, а таксама трактарысты-машыністы Васіль Кляменцьеў, Сяргей Фралоў, Аляксандр Калпакоў, Мікалай Косаў, майстар Дзмітрый Максімоўскі і інш. Шэраг удзельнікаў жніва атрымалі граматы “Віцебскгаза” за прафесійнае майстэрства, дасягненне значных вытворчых паказчыкаў, вялікі асабісты ўклад у развіццё сельскай гаспадаркі.

П. Шэршань уручае Ганаровую грамату Д. Глушакову

На працягу 20 дзён 7 зернеўборачных камбайнаў выходзілі на поле “Мазалавагаза”, тры з якіх сталі ўладальнікамі звання “Лепшы экіпаж”. Першага месца ўдастоены механізатар Сяргей Мелдэрэс і яго памочнік Яўген Хашкоўскі, на рахунку якіх — каля 1300 тон зерня. Кожны дзень хлебаробы зладжана пускалі свой агракарабель па полі і стараліся не прапусціць ніводнага “лапіка” збажыны, бо ведалі: кожнае вырашчанае зярнятка — каштоўнае. Упершыню за штурвал магутнай тэхнікі Сяргей Янісавіч сеў 17 год назад, так што вопыту і ўмення яму не займаць. Памочнік, для якога гэта ўборачная аказалася дэбютнай, недахоп вопыту кампенсаваў стараннасцю і жаданнем пераймаць самае лепшае ад свайго настаўніка. Навучэнец Гарадоцкага аграрна-тэхнічнага коледжа трапіў на жніво падчас летніх канікулаў па парадзе старэйшага брата, які працуе ў гаспадарцы намеснікам начальніка па механізацыі.

А. Шлепераў і В. Янчанка

Дарэчы, кожны год сабіраць ураджай на палях дапамагаюць працаўнікі рэгіянальных структурных падраздзяленняў “Віцебскаблгаза”. Так, вадзіцель Гарадоцкага філіяла Аляксандр Шлепераў у сёмы раз спраўна нясе механізатарскую вахту на мазалаўскім полі. Увогуле ў яго біяграфіі — гэта 18-ы ўборачны сезон. Другі год разам з ім шчыруе на палетках памочнік — вадзіцель з “Віцебскгаза” Віталь Янчанка. Падтрымлівае яго бацька, які працуе ў гэтай гаспадарцы таксама вадзіцелем. Ён жа, па прызнанні хлопца, і навучыў яго разбірацца ў “жалезным арганізме”. Будучы малым, Віталік яшчэ да педалей вялікагрузнай машыны не даставаў, а ўжо імкнуўся дапамагаць бацьку, таму добра ведае, якой нялёгкай цаной даецца хлеб. Экіпаж Шлеперава і Янчанкі ўзяў другое месца. А палявы дуэт Мікалая Сільмановіча і Уладзіміра Браніцкага заняў трэцюю пазіцыю ва ўнутрыгаспадарчым рэйтынгу.

Разумеюць адказнасць у вялікай справе Павел Маханькоў, Яўген Казэкін, Іван Конаў, якіх прызналі лепшымі вадзіцелямі аўтамабіля на адвозцы збажыны. А Арцём Сярдзюк, Валерый Прымак, Аляксандр Селязнёў сталі лепшымі аператарамі па дапрацоўцы зерня.

Працягнулася свята жніва музычнымі віншаваннямі калектываў мастацкай самадзейнасці віцебскіх газавікоў.

Вольга Булаўка.
Фота аўтара.