Гарадок гасцінна сустрэў на «Дажынках-2014» дэлегацыю Віцебскага раёна

По поводу Праздник

У мінулую суботу сталіца хлебаробаў Віцебшчыны г. Гарадок сустракала шматлікіх гасцей. У іх ліку лепшыя прадстаўнікі аграпрамысловага комплексу, а таксама работнікі будаўнічай галіны, жыллёва-камунальнай і лясной гаспадаркі, дарожнікі — тыя, хто добраўпарадкоўваў Гарадоцкі раён да свята. Напачатку неба акрапіла гасцей, а пасля паўдня горад заззяў ў сонечных промнях і ўсмешках людзей. І гэта сімвалічна: дождж — на багацце, сонца — на шчасце.

Пераможцы спаборніцтва Сяргей Воранаў і Арцём Бераснеў (СВК “Альгоўскае”)
Пераможцы спаборніцтва Сяргей Воранаў і Арцём Бераснеў (СВК “Альгоўскае”)

На мяжы Гарадоцкага раёна гаспадары сустракалі дэлегацыі хлебам-соллю. Да пачатку святочнага шэсця госці маглі прайсціся па вуліцах, на кожнай з якіх былі арганізаваны выставы, прэзентацыйныя пляцоўкі прадпрыемстваў і арганізацый, падворкі раёнаў вобласці. Побач з цэнтральнай плошчай і тэатралізаванай пляцоўкай “Белпошты” распачаў работу медыяфорум прыдзвінскіх сродкаў масавай інфармацыі.

хлеб-соль прадстаўнікам дэлегацыі Віцебскага раёна, на першым плане намеснік старшыні райвыканкама Ксенія Карабач, першы намеснік старшыні райвыканкама — начальнік райсельгасхарча Пётр Каранковіч, старшыня раённага Савета дэпутатаў Васіль Станкевіч
Хлеб-соль прадстаўнікам дэлегацыі Віцебскага раёна, на першым плане намеснік старшыні райвыканкама Ксенія Карабач, першы намеснік старшыні райвыканкама — начальнік райсельгасхарча Пётр Каранковіч, старшыня раённага Савета дэпутатаў Васіль Станкевіч

Шэсце ўдзельнікаў абласнога фестывалю-кірмашу “Дажынкі-2014” праходзіла ўздоўж жывога калідора — жыхары Гарадка і госці горача віталі герояў свята.

шэсце святочнай калоны
Шэсце святочнай калоны

Изображение 044Небывалы ўраджай атрыманы сёлета ў Віцебскай вобласці — ва ўсіх катэгорыях гаспадарак намалочана 1 мільён 302 тысячы тон зерня практычна ў амбарнай вазе, адзначыў, вітаючы ўдзельнікаў жніва, старшыня Віцебскага абласнога выканаўчага камітэта Аляксандр Косінец. Плануецца папоўніць гэты ўраджай яшчэ 50-70 тысячамі тон зерня кукурузы, што дасць магчымасць у значнай ступені ўмацаваць як хлебную прамысловасць, так і кармавую базу. Аляксандр Мікалаевіч выказаў шчырую ўдзячнасць хлебаробам і ўсім, хто быў задзейнічаны ў ланцужку работ ад сяўбы да ўборкі ўраджаю. “У няпростых умовах паўночнага краю вы змаглі дасягнуць такіх вынікаў. Нам даводзіцца працаваць больш інтэнсіўна, чым у іншых рэгіёнах, але мы не адстаем ад іх, што сведчыць пра зладжаную арганізаваную работу жыхароў Віцебскай вобласці”, — падкрэсліў губернатар.

Аграпрамысловы комплекс Віцебшчыны развіваецца дынамічна і планамерна. Як адзначыў старшыня аблвыканкама, толькі за апошнія пяць год поўнасцю мадэрнізаваны машынна-трактарны парк, набыта 15,9 тыс. адзінак новай тэхнікі на суму больш за 4 трлн. рублёў. Дзякуючы рэалізацыі праграмы “Чыстыя палі”, за апошняе пяцігоддзе ўведзена ў севазварот кінутых, зарослых зямель 210 тыс. гектараў, што дало магчымасць павялічыць контурнасць палёў з 6,6 практычна да 15 гектараў.

Изображение 088
Шмат’ярусны каравай ад “Віцебскхлебпрама”

Пільная ўвага ўдзяляецца на Віцебшчыне “другому хлебу”. Будуюцца сховішчы ў Талачынскім, Полацкім раёнах, у сялянска-фермерскай гаспадарцы “Вармас” Віцебскага раёна. Вялікая работа праводзіцца па мадэрнізацыі жывёлагадоўчага комплексу. Маштабныя змены адбываюцца ў перапрацоўчай індустрыі. Усё гэта дае магчымасць стварыць умовы для харчовай бяспекі — адну са складнікаў нацыянальнай бяспекі краіны.

Шчырую падзяку Аляксандр Косінец выказаў усім, хто прыклаў намаганні да добраўпарадкавання Гарадка. За кароткі прамежак часу тут практычна абноўлены ўвесь жыллёва-камунальны комплекс, мадэрнізаваны цэнтральная плошча і воінскі мемарыял. Капітальна адрамантаваны Палац культуры, дзіцячая школа мастацтваў, раённы краязнаўчы музей. Пабудавана лыжаролерная траса. Рэканструявана спартыўная зала. Пераўтварэнні закранулі не толькі Гарадок, але і сельскія населеныя  пункты раёна.
Газіфікаваны г. п. Езярышча і аг. Бычыха. Уведзены ў эксплуатацыю жывёлагадоўчы комплекс у аг. Віроўля. Пасля меліярацыйных работ дадаткова ўведзена ў севазварот 15 тыс. гектараў ворных зямель.

Старшыня аблвыканкама Аляксандр Косінец акрэсліў перспектывы развіцця аграпрамысловага комплексу.  Гэта перш за ўсё выкананне праграмы “Вітагра”, інтэграцыя сельгаспрадпрыемстваў, інтэнсіўны шлях развіцця, зніжэнне сабекошту, выпуск канкурэнтаздольнай, экспартна-арыентаванай прадукцыі. У канчатковым выніку ўсё гэта ў значнай ступені ўзніме сацыяльна-эканамічны ўклад жыцця насельніцтва. “Самае каштоўнае, што ў нас ёсць — гэта людзі, іх трэба берагчы, паважаць і цаніць”, — сказаў Аляксандр Косінец. Ён выказаў найлепшыя пажаданні хлебаробам і спадзяванні, што каравай, які яму паднеслі, у наступным годзе  будзе ўдвая большым.

Рашэннем Віцебскага аблвыканкама вызначаны пераможцы абласнога спаборніцтва на ўборцы ўраджаю зерневых і зернебабовых культур сярод асобных катэгорый работнікаў. Іх узнагароджанне стала галоўнай падзеяй свята. У ліку пераможцаў узнімаліся на сцэну  прадстаўнікі нашага раёна. Сярод камбайнераў другое месца ў першай групе камбайнаў заняў старшы камбайнер ААТ “Рудакова” Мікалай Шушкевіч. На камбайне “Ліда-1300” ён намалаціў 1557 тон зерня. Трэцяе месца ў трэцяй групе камбайнаў пакінуў за сабой экіпаж камбайна СВК “Альгоўскае” ў складзе Сяргея Воранава і Арцёма Бераснева, на КЗС-1218 намалаціўшых  2634 тоны зерня. Сярод моладзевых экіпажаў ва ўзросце да 31 года першае месца ў трэцяй групе камбайнаў узяў экіпаж зноў СВК “Альгоўскае” ў складзе Аляксея Мясаедава і Аляксея Іванова. І яшчэ адзін пераможца спаборніцтва з гэтай гаспадаркі — старшы камбайнер Іван Рабцаў.

У ліку вадзіцеляў транспартных сродкаў вызначыліся і сталі пераможцамі прадстаўнікі  ААТ “Рудакова”: Віктар Чарнагузаў і Аляксандр Холад. Пераможцам уручаны Падзячныя пісьмы Віцебскага аблвыканкама, грашовыя прэміі і каштоўныя падарункі — тэлевізары “Віцязь”.

 прадстаўнікі ААТ “Рудакова”: Мікалай Шушкевіч, Аляксандр Холад, Віктар Чарнагузаў.

Прадстаўнікі ААТ “Рудакова”: Мікалай Шушкевіч, Аляксандр Холад, Віктар Чарнагузаў.

Шчыра павіншаваў хлебаробаў Віцебшчыны са святам і ўручыў Ганаровыя граматы першы намеснік міністра Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Рэспублікі Беларусь Леанід Марыніч.

Названы пераможцы рэспубліканскага агляду-конкурсу “Землекарыстанне высокай культуры земляробства, добраўпарадкаванне машынных двароў, жывёлагадоўчых ферм і комплексаў”.

Усіх, хто слаўна папрацаваў на хлебнай ніве, славілі ў песнях лепшыя творчыя калектывы Віцебшчыны і сталічныя артысты. А тым часам на вуліцах Гарадка бурліла фестывальнае жыццё. На выставы запрашалі ўстановы адукацыі, прапаноўвалі разнастайныя вырабы цэнтры рамёстваў, падсілкавацца запрашалі павільёны выязнога гандлю з кожнага раёна.

на падворку Віцебскага раёна “Прыдзвінскі квас”
На падворку Віцебскага раёна “Прыдзвінскі квас”

На Прыдзвінскі квас гасцей і ўдзельнікаў “Дажынак” на падворак Віцебскага раёна запрашаў дзядзька Квасыч. Тут мясцовыя майстры разгарнулі сувенірную лаўку, моцныя целам і духам атрымалі магчымасць наведаць квасавую лазню…

Кіруючыся імправізаванай картай, можна было наталіць смагу фірменным прыдзвінскім напоем, сакрэты прыгатавання якога раскрылі гаспадыні з Мазалава, Тулава, Альгова і Ноўкі. Дэгустатарам спадабаўся квас на любы смак — яблычны і нават хрэнавы.

Пакідаючы падворак, усе жадаючыя фатаграфаваліся на памяць, каб пакінуць уражанні ад сустрэчы: “І я тут быў, квас “Прыдзвінскі” піў”.

Ніна Сталярэнка.
Фота аўтара і Таццяны Дзіканавай.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.