Праект «Турызм для пажылых» паўгода паспяхова рэалізуецца ў Віцебскім раёне

Наши люди Социальный аспект

Старасць дома не застане ўдзельнікаў праекта «Турызм для пажылых», які паўгода паспяхова рэалізуецца ў раёне.

хлеб-соль прымае Ядзвіга Сыроваткіна, справа Раіса Ходас
Хлеб-соль прымае Ядзвіга Сыроваткіна, справа Раіса Ходас

Гэта ўжо трэці праект, які аб’ядноўвае пажылых людзей з мэтай паўнацэннага ўдзелу ў грамадскім жыцці, сама- і ўзаемадапамогі, усебаковай рэалізацыі іх патэнцыяльных магчымасцей. І калі першыя два — “Дабрабыт” і “Дабрыня” — асноўны ўпор у арганізацыі вольнага часу робяць на “камерныя” формы: пасяджэнні, рамесную дзейнасць, наведванні адзінокіх, інвалідаў на даму, то новы праект прапагандуе вандроўкі, а рух, як вядома, — гэта жыццё.

Турызм — новая форма работы з пажылымі людзьмі, накіраваная на арганізацыю карыснага адпачынку, пашырэнне кола зносін ветэранаў, прапаганду здаровага ладу жыцця і, у рэшце рэшт, — актыўнае даўгалецце, распавядае старшыня Віцебскага раённага савета ветэранаў Раіса Ходас. “Згадзіцеся, не кожны пенсіянер можа дазволіць сабе падарожнічаць у адзіночку, а разам куды зручней і весялей пераадольваць шлях”, — зазначае Раіса Іванаўна.

Дзейсную дапамогу ў рэалізацыі ўсіх пачынанняў пажылых турыстаў аказваюць райвыканкам і непасрэдна тэрытарыяльны цэнтр сацабслугоўвання насельніцтва, раённы савет ветэранаў. Куратарам праекта з’яўляецца адказны сакратар савета ветэранаў, спецыяліст па сацыяльнай рабоце ТЦСАН Ніна Казлова. У рамках праекта прадстаўнікі пярвічных ветэранскіх арганізацый летам пабывалі на экскурсіі на воінскім мемарыяле ў аг. Копці, у Заронаўскім гісторыка-этнаграфічным музеі. У пачатку кастрычніка здзейснілі паездку ў Сянно, дзе прайшло выязное пасяджэнне прэзідыўма райсавета ветэранаў. Разам з калегамі з суседняга раёна абмеркавалі дзейнасць ініцыятыўных груп і развіццё міні-праектаў, заручыліся ўзаемападтрымкай. Шмат кропак сутыкнення знайшлі з сенненскай “Крыніцай” — так называецца іх міні-праект валанцёрскага накірунку. У ходзе агляднай экскурсіі пазнаёміліся са славутымі мясцінамі Сянна і ваколіц, наведалі аграсядзібу.

З візітам у адказ на мінулым тыдні ў нашым раёне пабывала сенненская дэлегацыя ў складзе членаў прэзідыўма райсавета ветэранаў і ўдзельнікаў міні-праекта “Крыніца”. Па шляху руху, у аг. Ноўка, яе сустракалі хлебам-соллю. Насычанай была сустрэча аднадумцаў з двух раёнаў. Для яе ўдзельнікаў былі арганізаваны азнаямляльныя экскурсіі ў Свята-Успенскі кафедральны сабор, музей-сядзібу вялікага рускага мастака І. Я. Рэпіна “Здраўнёва”. Пасля шлях ляжаў у Заронава, дзе гасцей шчыра вітала старшыня сельскага Савета дэпутатаў Раіса Ярошкіна. Напачатку наведалі воінскае пахаванне,  ушанавалі памяць загінулых, а гэта больш за 8000 чалавек, хвілінай маўчання.

Незабыўнае ўражанне пакінула ў гасцей наведанне Заронаўскага музея. Схіліўшы галовы, ветэраны слухалі аповед экскурсаводаў пра ваеннае ліхалецце на тутэйшай тэрыторыі. Успаміналі маладосць у стылізаванай пад вясковую хату зале “Вяртанне ў СССР”. Дзівіліся на экспанаты калекцыйных выстаў. І нават перанесліся з кіраўніком музея Людмілай Нікіцінай у віртуальны свет — залу беларускай міфалогіі, адчыненую ўсяго пару месяцаў таму.

— Вы зрабілі нам цудоўны падарунак. Мы ўбачылі краявіды, якія натхнялі на творчасць мастака Рэпіна. Прайшлі ваеннымі сцежкамі ў Заронаве і нават вярнуліся ў маладосць, — выказала ўдзячнасць арганізатарам сустрэчы старшыня Сенненскага  раённага савета ветэранаў Ядзвіга Сыроваткіна.

Дарэчы, падзяліцца ўражаннямі змаглі ўсе падчас падвядзення вынікаў мерапрыемства, якое адбылося ў Заронаўскім сельскім клубе. Кіраўнік сенненскага міні-праекта “Крыніца” Ніна Мяцеліца прапанавала больш цесна супрацоўнічаць ініцыятыўным групам, пераймаць карысны вопыт для паляпшэння якасці жыцця пажылых людзей.
Такія сустрэчы ўзбагачаюць усіх удзельнікаў, даюць магчымасць абмеркаваць праблемы і падзяліцца напрацоўкамі, выказала свой пункт гледжання адказны сакратар Віцебскага абласнога савета ветэранаў Таццяна Говарава.

За кубкам гарбаты ў няспешнай размове ветэраны Віцебскага і Сенненскага раёнаў знайшлі шмат агульных тэм. Добрым падарункам стала для іх выступленне мастацкіх калектываў Заронаўскага клуба. Не засталіся ў накладзе нашы ветэраны і госці — прадэманстравалі свае творчыя здольнасці: артыстычную дэкламацыю, звонкія галасы і галоўную каштоўнасць — сэрцы, адкрытыя для добрых спраў.

Ніна Сталярэнка.
Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.