Бібліёбус заглянуў у вёскі Акцябрскага сельсавета Віцебскага раёна

Культура По поводу Работа с населением

Доўгія зімовыя вечары — якраз той зручны час, калі людзі аддаюць перавагу кнізе. І хаця канкурэнцыю ёй складае тэлевізар, аднак сапраўдныя аматары асноўнай крыніцы ведаў са шматгадовым чытацкім стажам не змяняюць сваёй звычцы. Яны — актыўныя наведвальнікі бібліятэк. А тым чытачам, якія жывуць у аддаленых і маланаселеных вёсках, дзе бібліятэк няма, літаратуру прывозіць бібліёбус. Напярэдадні навагодніх святаў супрацоўнікі цэнтральнай раённай бібліятэкі завіталі ў населеныя пункты Акцябрскага сельсавета.

На вясковай вуліцы (справа Лідзія Каробкіна)
На вясковай вуліцы (справа Лідзія Каробкіна)

Мабільная перасоўная сістэма абслугоўвання курсіруе згодна з пэўным графікам па загадзя вызначаным маршруце. Кожны прыпыначны пункт ў бібліярэйсах ведае на памяць вадзіцель аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Вадзім Кірзоў. Не першы раз у салоне кніжнай “Газэлі” — бібліятэкары ЦРБ Лідзія Каробкіна і Зінаіда Волкава.

У Шульцаве бібліёбус спыніўся побач з аўталаўкай, таму адразу знайшліся тыя, хто з задавальненнем скарыстаўся не толькі паслугамі гандлю, але і выязной бібліятэкі. Як аказалася, літаратурныя густы ў сяльчан даволі разнастайныя. Тое, што яны любяць чытаць, стала зразумелым па тым, колькі кніжак бяруць з сабой, прайшоўшы папярэднюю рэгістрацыю ў фармуляры. Адны прыходзяць з пакетамі, другія — з вялікімі плеценымі скрынкамі, бо ведаюць, што поліэтылен не заўсёды вытрымае кніжную нагрузку.

Марыя Гарнак
Марыя Гарнак

Для Тамары Ярмолінай бібліёбус — сапраўдная знаходка і добрая дапамога арыентавацца ў інфармацыйнай прасторы. “Люблю чытаць, таму па магчымасці знаёмлюся з навінкамі літаратуры, тым больш што бібліятэкары знаходзяць індывідуальны падыход да кожнага”, — адзначыла мясцовая жыхарка. З гадамі не аслабла цікавасць да чытання і ў Ганны Кашынскай, якая прызналася, што пакуль вочы ў акулярах, будзе працягваць сваё захапленне. Для зручнасці заказвае кнігі з больш буйным шрыфтам. Бывае, што доўга за поўнач заседжваецца з літаратурай Вольга Несцярэнка.

Сапраўдныя бібліяманы жывуць і ў Васютах. Тэматычнымі перыядычнымі выданнямі, прысвечанымі хатнім клопатам: часопісы з кулінарнымі рэцэптамі, парадамі па вядзенні сада, агарода цікавіцца Раіса Карповіч. Марыя Гарнак бярэ літаратуру не толькі для сябе, але і для сваёй 10-гадовай дачкі. Многія прызналіся, што калі кніга не зусім даспадобы, усё роўна дачытваюць да канца, спасылаючыся на тое, што аўтар над сваім творам працаваў працяглы час, укладваючы ў яго пэўную ідэю.

Супрацоўнікі ЦРБ перакананыя, што, нягледзячы на сучасныя інфармацыйныя тэхналогіі, кнігі не здаюць свае пазіцыі. Яны заўсёды будуць запатрабаванымі, а, разам з тым, і бібліятэка, бо гэта не сховішча літаратуры, а ўстанова, у якой без перапынку бурліць жыццё, напоўненае яркімі падзеямі, знамянальнымі датамі, святамі, новымі займальнымі кніжнымі выданнямі. А працуюць тут ініцыятыўныя, вынаходлівыя прафесіяналы, якія  час ад часу развозяць “веды” і ўносяць разнастайнасць у паўсядзёнае жыццё вяскоўцаў.

Вольга Булаўка.
Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.