У Віцебскім раёне прайшоў конкурс маладых выканаўцаў “Песні юнацтва нашых бацькоў”

Конкурс Молодежь Наши люди По поводу

Існуюць музычныя кампазіцыі, якія заслужана атрымоўваюць народнае прызнанне і нават праз дзясяцігоддзі не страчваюць сваёй папулярнасці. Якраз такія творы склалі раённы этап конкурсу маладых выканаўцаў “Песні юнацтва нашых бацькоў”, прысвечанага 70-годдзю Вялікай Перамогі. Пляцоўкай правядзення музычнага марафону стаў Акцябрскі СДК.

Анастасія Рудава і Ілона Когаль з Ноўкінскай і Бабініцкай ДШМ
Анастасія Рудава і Ілона Когаль з Ноўкінскай і Бабініцкай ДШМ

Вясёлыя і сумныя, лірычныя, выпрабаваныя часам, агнём вайны, людскімі лёсамі, песні ажывалі ў маладых звонкіх галасах удзельнікаў конкурсу. Мяркуючы па вялікай колькасці ўдзельнікаў, запатрабаванасць такога музычнага спаборніцтва працягвае расці, паколькі гэта добрая магчымасць заявіць пра сябе.

Перш чым выйсці на сцэну, удзельнікі рэпетыравалі за кулісамі свае нумары, ведаючы, што конкурс прад’яўляе да кожнага пэўныя патрабаванні — у асноўным артыстызм, вакальныя дадзеныя. Менавіта такія крытэрыі былі вызначальнымі пры ацэньванні выступленняў. Музычныя “размінкі” даносіліся з кожнай грымёрнай, дзе ў большасці выпадкаў шліфавалі моманты ўзяцця пераходных нот.

Канкурсанты двойчы выходзілі на сцэну. У першым аддзяленні яны выконвалі песні грамадзянска-патрыятычнай накіраванасці, а ў другім — шлягер. Быццам не гукамі, а гарачым шчырым сэрцам выводзілі вакалісты словы песні. Прычым кожнае выступленне суправаджалася відэасюжэтамі ці фотазастаўкамі на экране, якія адпавядалі тэматыцы кампазіцыі. Тут прагучалі песні, якія былі “побач” з салдатамі ў паходзе, на прывале, нават падчас баявых аперацый. У хвіліны адпачынку мелодыі надавалі сілы стомленым, бадзёрылі, а ў рашучыя — дапамагалі сабрацца з духам.

Анастасія Ніканорава
Анастасія Ніканорава

Некаторыя кампазіцыі гучалі неаднаразова, што яшчэ раз пацвердзіла іх папулярнасць. Аднак у кожнага была свая манера падачы абранага матэрыялу. Удзельнікі імкнуліся ўкласці ўсю душу ў песню, быць праўдзівымі, шчырымі. Пераканаць журы ў сапраўднасці сваёй эмацыянальнай падачы кампазіцыі ўдалося Яўгену Скрыннікаву — загадчыку аўтаклуба раённага цэнтра культуры і творчасці, выступленне якога было ацэнена  дыпломам трэцяй ступені. Ён упэўнены, што конкурс такога кшталту дапамагае выхоўваць пачуццё павагі да спадчыны свайго народа, патрыятызм, забяспечваць сувязь пакаленняў. Радком вышэй апынулася Анастасія Ніканорава — удзельніца эстраднага калектыву «Экшн» пры Бабініцкім СДК,  прадэманстраваўшы сваю шматгранную афарбоўку голасу. Яна перакананая, што адраджэнне лепшых нацыянальных традыцый пачынаецца менавіта з песні, у якой праслаўляецца Радзіма, адданасць Айчыне. Найвышэйшую ступень музычнага п’едыстала конкурсу журы вырашыла пакінуць пустой.

Пераможцы  выступілі на рэгіянальным занальным адборачным туры ў Гарадку. Яўгену Скрыннікаву ўдалося па-майстэрску абысці сваіх канкурэнтаў з іншых рэгіёнаў Віцебшчыны і атрымаць пуцёўку ў наступны этап, канстатавала намеснік дырэктара раённага цэнтра культуры і творчасці Марына Яско. Яўген прадставіць наш раён на абласным туры, які пройдзе ў сакавіку ў Оршы.

Вольга Булаўка.
Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.