Педагог з Віцебскага раёна пераўтварыў летапіс аграгарадка Акцябрская ў фільм

Культура Наши люди Образование По поводу

Ракурс, рух камеры, змена планаў… Менавіта такі “алгарытм” працы для відэааператара-аматара — настаўніка Акцябрскай школы Мікалая Талкачова калісьці стаў сапраўдным заняткам для душы, які атрымаў свае адгалоскі і сёння.

IMG_4660
Ларыса Якаўлева ўручае падзяку Мікалаю Талкачову

Узяць у рукі камеру падказала шматграннае жыццё пасёлка ў 70-я—80-я гады, калі Мікалай Васільевіч працаваў дырэктарам мясцовага Дома культуры. Пэўным чынам паўплываў на яго творчую самасвядомасць сябар, які, маючы рэжысёрскую адукацыю, добра валодаў усімі тэхнічнымі аспектамі кінаіндустрыі. Таму мастацкі густ і навыкі працы з апаратурай цесна перапляліся між сабой, што прывяло да стварэння сапраўднага творчага тандэма. Галоўнымі героямі аматарскіх відэасюжэтаў сталі разнастайныя выступленні калектываў мастацкай самадзейнасці, праца аграпрамысловага комплексу, візіты замежных гасцей і інш. Адзняты матэрыял не ляжаў на хатніх паліцах, ён выносіўся на суд гледачам, напрыклад, пры падвядзенні вынікаў сельскагаспадарчага года.

— Узнагароджванне лепшых працаўнікоў суправаджалася відэакампазіцыямі, дзе кожны з іх мог бачыць сябе на экране, — гаворыць педагог. — Аднак з-за таго, што не было ў наяўнасці сінхранізатара, фільм не быў агучаны, таму вядучы мерапрыемства самастойна даваў каментарыі да пэўных момантаў.

І вось сярод перадавікоў значылася даярка, у якой сын у той час служыў у войску. Паколькі ў вёсцы часта праходзілі вучэнні і неаднаразова Мікалаю Васільевічу як афіцэру запасу даводзілася сустракацца з прадстаўнікамі ваенкамата, ён захацеў арганізаваць нечаканую сустрэчу маці з сынам на гэтым мерапрыемстве, і, карыстаючыся выпадкам, звярнуўся з просьбай адпусціць у звальненне на некалькі дзён маладога салдата.

— Ішлі кадры працы гэтай жанчыны на полі. І калі ў яе спыталі пра запаветнае жаданне, адказала, што хацела б пабачыцца з сынам і даведацца, як ідуць яго справы ў войску. Вядучы, захоўваючы ад усіх да апошняга “сакрэт”, які ў той момант “хаваўся” за кулісамі, пачаў растлумачваць, што служба праходзіць выдатна, і пацвярджэннем таму было падзячнае пісьмо, — успамінае Мікалай Талкачоў. — Самым кульмінацыйным момантам свята стала тое, калі канферансье дадаў: “Што тут і казаць — няхай ён сам пра сябе раскажа”. І тут на сцэну выйшаў сын…

Гэтая гісторыя доўга “грымела” па ўсёй вёсцы і па-за яе межамі, засталася ў памяці і сёння.

Цыкл сюжэтаў на 16-міліметровай плёнцы Мікалай Васільевіч аб’яднаў у фільм “Гарадок сярод палёў”, які апынуўся ў тройцы лідараў на аглядзе-конкурсе аматарскіх кінастудый у Мінску. Не так даўно настаўнік Акцябрскай школы звярнуўся да супрацоўнікаў раённага гісторыка-краязнаўчага музея з прапановай аблічбаваць адзнятае, і з дапамогай галоўнага захавальніка фондаў Сяргея Марціновіча ўдалося дасягнуць пастаўленай мэты. Цяпер відэа  мае яшчэ і “голас” — сучасныя тэхналогіі дазволілі зрабіць якасную агучку. Трэба адзначыць, што фільм быў прадэманстраваны ў дзень святкавання 50-годдзя аграгарадка, таму прыдзвінцы змаглі ў поўнай меры перанесціся на некалькі дзясяткаў гадоў назад. Яшчэ раз дакрануцца да слаўнага мінулага гэтага населенага пункта прадставілі і ў музеі падчас адкрыцця выставы “Новыя паступленні—2014”. Багаты відэаархіў Мікалай Талкачоў пакінуў у спадчыну галоўнай прыдзвінскай захавальніцы каштоўнасцей мінулага. За гэты цяпер ужо музейны экспанат дырэктар установы культуры Ларыса Якаўлева ўручыла педагогу падзяку.

Вольга Булаўка.
Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.