Біскуп Віцебскай дыяцэзіі Алег Буткевіч павіншаваў каталіцкіх вернікаў са святам Уваскрэсення Хрыстова

По поводу Праздник

Уваскрэсенне Хрыстова з’яўляецца для ўсіх вернікаў галоўным сімвалам сапраўднай ахвярнасці і ўсёдаравальнай любові, заахвочвае задумацца над сэнсам чалавечага жыцця, адчуць дачыненне да вечных каштоўнасцей, заснаваных на дабрыні, міласэрнасці, спачуванні. Пра гэта расказаў напярэдадні такой святочнай падзеі біскуп Віцебскай дыяцэзіі Алег Буткевіч.

Алег Буткевіч
Алег Буткевіч

Традыцыі светлай урачыстасці зыходзяць у глыбіню стагоддзяў, сімвалізуючы перамогу праўды, адраджэнне і аднаўленне ўнутранага свету чалавека. Крыжовая ахвяра Хрыста — гэта трыумф фальшу над праўдай, злога духа над дабром, і смерць — гэта не канец гісторыі, а яшчэ адна частка, у якой Езус уваскрасае ў славе, адкрываючы тым самым для кожнага дарогу ў вечнае жыццё, падкрэсліў Алег Буткевіч. І гэта тая добрая навіна, якую нясе Вялікдзень, дорачы радасць і надзею, натхняючы на станоўчыя справы і памкненні. Разам з тым патрабуе духоўнага фундамента — веры, якая павінна закранаць глыбіні душы і сэрца, весці да сапраўднай еднасці з Хрыстом, самаўдасканалення. Яго Эксцэленцыя адзначыў, што Уваскрэсенне Збаўцы — момант для абуджэння ў кожным чалавеку імпульсу да высокіх маральных ідэалаў, здзяйснення ўпэўненага кроку насустрач Богу.

— Аднак некаторыя застаюцца абыякавымі да веры і ім не хочацца, каб іх апякалі, таму імкнуцца жыць самастойна, — звярнуў увагу біскуп Віцебскі. — І гэта адбываецца да той пары, пакуль перад пэўнай праблемай чалавек не адчуе сябе бездапаможным. Тады ўзнікае жаданне, каб Стварыцель апынуўся дзесьці побач.

Гэта, на думку кіраўніка Віцебскай дыяцэзіі, з’яўляецца дзейсным сродкам, каб зруйнаваць абыякавасць, абудзіць веру і ўсвядоміць, што перад Богам мы застаёмся малымі бездапаможнымі дзецьмі, якія могуць жыць самастойна, трымаючы Яго за руку.

Дарагія вернікі, шаноўныя браты і сёстры ў Хрысце!
Вялікдзень — гэта добрая нагода, каб зноў адчуць сябе ў моцных бацькоўскіх руках Нябеснага Айца, які, ратуючы сваіх дзяцей, знішчыў нават смерць. Няхай дастаткова нам будзе пакоры, каб прызнаць, што існуе Хтосьці вышэйшы і мудрэйшы за нас.
Віншую ўсіх каталіцкіх вернікаў са святам і жадаю, каб кожны мог адчуць тую поўню жыцця, якую дае вера ў схаваную ад вачэй, але адкрытую для сэрца моц Божай любові. Хрыстос Уваскрос!
+Алег Буткевіч

Вольга Булаўка.
Фота аўтара.



2 комментария по теме “Біскуп Віцебскай дыяцэзіі Алег Буткевіч павіншаваў каталіцкіх вернікаў са святам Уваскрэсення Хрыстова

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.