Шмат сыноў і дачок зямлі нашай паклалі свае жыцці, згубленае здароўе, дзяцінства, маладосць на алтар Вялікай Перамогі. Пра тыя цяжкія гады, людскія лёсы напісана мноства кніг, у тым ліку і беларускімі аўтарамі. Задача бібліятэчных работнікаў — годна прадставіць гэтыя творы, зрабіць так, каб запалі яны ў душы і сэрцы сённяшніх пакаленняў, знайшлі там водгук.

Фото: https://cdn3.img22.ria.ru

Сярод новых сучасных форм папулярызацыі друкаваных выданняў у апошні час актыўна заяўляе пра сябе буктрэйлер. Гэта невялікі відэаролік, які ў адвольнай мастацкай форме расказвае пра кнігу. Гэта свайго кшталту яе відэарэклама. Асноўная мэта — зацікавіць, заінтрыгаваць чытача, прадставіць візуальную інфармацыю так, каб гэтую кнігу захацелася ўзяць у рукі і пачытаць.

Цэнтральная раённая бібліятэка падрыхтавала да ўдзелу ў гарадскім конкурсе буктрэйлер па матывах рамана Уладзіміра Кліпеля «Мядзвежы вал», прысвечанага падзеям Вялікай Айчыннай вайны, а менавіта — разгрому варожай групоўкі ў баях за вызваленне Віцебска і Віцебскага раёна. Аўтар кнігі быў непасрэдным іх удзельнікам у 1943-1944 гг., таму ён імкнуўся максімальна захаваць час і месца, ход і развіццё падзей у паласе 39-й Арміі, у якой яму давялося служыць. Дзевяць месяцаў вялася крывавая бітва за кожную высотку, кожны населены пункт: Яроміна, Копці, Замасточча, Вароны і інш. Напрыканцы буктрэйлера дэманструюцца фотаздымкі помнікаў загінулым воінам на тэрыторыі нашага раёна.

На пытанне: «Чаму менавіта гэтая кніга была абрана?» загадчыца аддзела абслугоўвання і інфармацыі ЦРБ Таццяна Захарэнка адказала:

— «Мядзвежы вал» з серыі «забытых». Папулярнасць выдання прыйшлася на сямідзясятыя-васьмідзясятыя гады. Створаны буктрэйлер па матывах кнігі дае магчымасць успомніць гэты раман і даць яму другое жыццё.

Напярэдадні Дня Перамогі стала вядома, што буктрэйлер цэнтральнай раённай бібліятэкі адзначаны дыпломам у намінацыі «За ўвасабленне твораў рэгіянальнай тэматыкі».

У год святкавання 70-годдзя Вялікай Перамогі бібліятэкары аграгарадкоў у межах акцыі «70-годдзю Перамогі — 70 бібліятэчных спраў» прынялі актыўны ўдзел у распрацоўцы буктрэйлераў на тэму: «Кніга аб вайне: новы фармат».

Падрыхватавала Таццяна Дзіканава.