Смачны ў нас прыдзвінскі квас. Пераканацца ў гэтым змаглі жыхары абласнога цэнтра і шматлікія госці ХХIV Міжнароднага фестывалю мастацтваў “Славянскі базар у Віцебску” ў мінулую нядзелю. На плошчы Свабоды Віцебскі раён прадстаўляў і абараняў свой брэнд — прыдзвінскі квас.

Па прызнанню наведвальнікаў, наша падвор’е вылучалася сярод астатніх каларытнасцю, гасціннасцю, шчодрасцю і весялосцю.
Гаспадары запрашалі зрабіць квас-тур у Мазалава і Ноўку, Вымна і Янавічы, Альгова і Тулава. Усе каларытна аформілі свое панадворкі, упрыгожыўшы іх калоссем, снапочкамі, палявымі кветкамі, а ў цэнтры кожнага, як і належыць, красаваліся бочачкі з квасам. Рэцэпты яго прыгатавання розныя — з разынкай, кіслінкай, гарчынкай і кожны — смаката. Гаспадынькі запрашалі гасцей пакаштаваць напою:
Асалоду ты адчуеш —
Толькі квасу пах пачуеш,
Калі ж кроплю паспытаеш,
Выпіць літр пажадаеш!
Гэта лепшы напой пасля лазні, таму і абсталявалі яе на падвор’і. Разнастайныя венікі — бярозавыя, дубовыя, ліпавыя, з ядлоўцам, прымессю траў прапаноўвалі гаспадыні. А разам з імі — коўшыкі, вяхоткі. Зазірнуць у квасавую лазню было шмат жадаючых.
Багаты асартымент прадукцыі, выключна з натуральнай расліннай сыравіны выставілі прадстаўнікі пасялення Звон-Гара. Узвышаліся на сталах боханы хлеба дамашняй выпечкі з пшанічнай, льняной, аржаной мукі — з семкамі, кунжутам, гарбузнятамі. З дубовай бочкі налівалі хлебны квас, а яшчэ частавалі соладавым, з лісцем чорнай парэчкі, мяты. Прапаноўвалі ферментаваныя травяныя чаі. Для ласуноў — разнастайны мед, соты, славянскія саладосці — пасцілу, прыгатаванню з канцэнтраванага ягаднага і фруктовага пюрэ. Для модніц — экалагічную касметыку — дэзадаранты і мыла, якое вараць па старынных рэцэптах з раслінных масел з дабаўленнем травяных сокаў. Прывабліваў званагорскі гардэроб льнянога адзення з ручной вышыўкай: славянскія касавароткі, кашулі, сарафаны.
Работнікі Шапечынскага Дома культуры Святлана Якаўлева і Ірына Пастаялкіна, акрамя страў беларускай нацыянальнай кухні, прадставілі шырокі асартымент лялек-абярэгаў. Тут жа давалі майстар-класс па іх вырабу і… атрымлівалі заказы. Да прыкладу, ішла жанчына ў царкву на хрысціны дзіцяці і папрасіла шапечынскіх майстрых зрабіць два абярэгі — Пелянашку і Карміцельку.
Ганарыцца Віцебскі раён сваімі ўмельцамі, рамёствамі і знакамітымі землякамі. У в. Касцюкі, непадалеку ад Старога Сяла, жыў самы высокі чалавек у свеце Федар Махноў. Рост яго быў 285 см, даўжыня ступні — больш за паўметра, далоні — 32 см. Велікан сустракаў гасцей пры ўваходзе на Віцебскае падвор’е. Невялікую экспазіцыю аб ім падрыхтаваў раённы гісторыка-краязнаўчы музей. У прыватнасці, можна было ўбачыць гліняныя адбіткі следу і рукі старасельскага гіганта, патрымаць чаравік такога памеру, які ён насіў, сфатаграфавацца на фоне сілуэта Фёдара Махнова. Тут жа прадстаўлялася магчымасць паспрабаваць сваю сілу падняццем гіры. Буклеты з біяграфіяй велікана можна было ўзяць на памяць.

Цікавае відовішча разгарнулася на цэнтральнай сцэнічнай пляцоўцы плошчы Свабоды. Лепшыя калектывы мастацкай самадзейнасці абаранялі прыдзвінскі квас у пастаноўках, вершах, песнях, танцах. Народныя ансамблі народнай песні “Раніца”, “Вераснянка”, “Весялуха”, вакальная група “Дубравушка” і іншыя калектывы і выканаўцы весялілі народ. Музыкі гралі — квас праслаўлялі і Віцебскі раён, дзе жывуць працавітыя людзі, самабытныя майстры, захоўваюцца славянскія традыцыі.
Ніна Сталярэнка.
Фота аўтара.