У Віцебскім раёне пачалася рэалізацыя акцыі «Вайна вачыма пакаленняў»

Актуально

У раёне рэалізуецца акцыя «Вайна вачыма пакаленняў», ініцыятарамі якой выступілі Моладзевая палата, аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама. Старт праекту дала ветэран Вялікай Айчыннай вайны, жыхарка вёскі Вымна Ефрасіння Бараноўская.

Ефрасіння Бараноўская
Ефрасіння Бараноўская

Візіт прадстаўнікоў райаддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама, райсавета ветэранаў, культработнікаў у Шапурова быў абумоўлены тым, што Ефрасіння Прохараўна час ад часу знаходзіцца ў дачкі. Узрост і стан здароўя 94-гадовай жанчыны патрабуюць больш пільнай увагі. Таму догляд за ёй, па прызнанні родных, іх свяшчэнны абавязак. Усе блізкія добра ведаюць ваенные крокі ў жыцці ветэрана — у перыяд нямецка-фашысцкай акупацыі была франтавой хірургічнай медсястрой. Ад гэтага яшчэ даражэй і каштоўней для родных кожная маршчынка на яе твары, кожная сівінка ў валасах.

Працоўная біяграфія Ефрасінні Бараноўскай пачалася ў Пудацьскай бальніцы, куды прыйшла пасля заканчэння Віцебскай фельчарска-акушэрскай школы. Амаль аднагадовай практыкі з ліхвой хапіла маладому медыку, каб у кровапралітныя саракавыя дапамагаць хворым і параненым суайчыннікам вярнуцца ў строй. Бязлітасным фашысцкім ботам прайшлася вайна па лёсе многіх, у прыватнасці, гераіні раённай акцыі. На плечы тады яшчэ 20-гадовай дзяўчыны цяжкім грузам ляглі разнастайныя выпрабаванні. Вайна пазбавіла яе акрыленай юнацкасці і прымусіла надоўга забыцца пра цяпло бацькоўскай хаты, простыя зямныя радасці.

Навіну пра пачатак Вялікай Айчыннай даведалася ў Суражы. У пачатку ліпеня дзяўчына атрымала позву ў ваенкамат, адкуль яе і яшчэ чацвярых дзяўчат адправілі ў Віцебскую 153-ю стралковую дывізію, якая потым была пераўтворана ў 3-ю гвардзейскую. Тут Ефрасіння змяніла каралі, завушніцы, сукенку на ваенную экіпіроўку і ў складзе ваеннаабавязаных накіравалася капаць абарончыя акопы.

У гады вайны яна служыла ў медсанбаце. Падчас цяжкіх бітваў паступала вялікая колькаць параненых, і разам з калегамі-медыкамі, сабраўшы волю ў кулак, змагалася за жыцці савецкіх салдатаў. Колькі ж трэба было мужнасці і ўстойлівасці такім юным дзяўчатам, як Ефрасіння, каб не даць слабінку, не страціць самавалодання тады, калі вакол столькі болю і крыві!  Тысячы разоў сціскалася яе сэрца так, быццам паранены не хтосьці, а яна сама. Дарэчы, не аднойчы знаходзілася ў эпіцэнтры баявых дзеянняў, калі непадалёк разрываліся снарады адзін за другім, вакол грукатала… На яе вачах ворагі разбамбілі медсанбат, узарвалі санітарную машыну… І кожны раз дзяўчыне ўдавалася ўхіляцца ад фашысцкага прыцэлу, каб ратаваць ад смяротнай кулі іншых. Сярод іх апынуўся будучы муж — ранены ад’ютант камандзіра дывізіі Анатоль Бараноўскі. Гэта была лёсавызначальная сустрэча.

Ваенны абавязак прымусіў дзяўчыну рухацца ўслед за лініяй фронту, аднак, нягледзячы на гэта, узніклыя пачуцці вытрымалі шматкіламетровыя адлегласці і выпрабаванні. У складзе 3-га Беларускага фронту яна сустрэла доўгачаканую Перамогу, а ў канцы 1945-га атрымала прапанову рукі і сэрца. Дадаткам да пасведчання аб заключэнні шлюбу сталі шматлікія ўзнагароды. ордэны Чырвонай Зоркі, Айчыннай вайны II ступені, медалі «За баявыя заслугі», «За абарону Сталінграда», «За ўзяцце Кёнігсберга», «За Перамогу над Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне» і іншыя — сведчанне моцнага характару, добрасумленнага выканання сваіх абавязкаў.

Да пасляваеннай цішыні яна прывыкла не адразу, доўга яшчэ ў снах бачыла ваенныя жахі. У сямейных клопатах не дазваляла сабе пагружацца ў мінулае. Гаючым бальзамам стала праца. Ефрасіння Прохараўна не здрадзіла абранаму прафесійнаму шляху і працягнула распачатую медыцынскую справу ў Янавіцкай бальніцы, на Вымнянскім ФАПе…

Праект «Вайна вачыма пакаленняў» дазволіў яшчэ раз перагартаць старонкі пройдзеных жыццёвых этапаў Ефрасінні Бараноўскай, пракруціць у памяці кінастужкай адгрымелыя залпы, якія, нібы аскепкі, назаўсёды засталіся ў яе свядомасці.

Вольга Булаўка.
Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.