Старэйшая жыхарка Шапечынскага сельсавета Віцебскага раёна Лідзія Анучкіна адзначыла 100-гадовы юбілей

Дата Наши люди По поводу Праздник

Кажуць: на вяку, як на доўгай ніве. А жыццёвае поле Лідзіі Захараўны Анучкінай працягласцю ў 100 год. Колькі на ім сеяна-перасеяна, колькі ўраджаяў сабрана — ніякай мерай вагі не падлічыць… 

На здымку: новы пашпарт — доўгажыхарцы
На здымку: новы пашпарт — доўгажыхарцы

У вёсцы Ляхі, што прытулілася да лесу на самай мяжы з Сенненскім раёнам, пражыла ўсе сто год старэйшая жыхарка Шапечынскага сельсавета. Яе хата на водшыбе ў гэты лістападаўскі дзень напоўнілася гоманам. З годнасцю прымала паважаная юбілярка віншаванні.

«Далёка не кожны адолее шлях у 100 год. Вы з гонарам прайшлі яго, не разгубіўшы душэўнай цеплыні і шчырасці», — пачала віншавальную цырымонію в. а. старшыні Шапечынскага сельвыканкама Святлана Панчанка. Яе прадоўжылі прадстаўнікі ААТ «Ліпаўцы» — пераемніка гаспадарак, у якіх усё жыццё адпрацавала Лідзія Захараўна. Шчырыя пажаданні ад імя райвыканкама далучыў да падарунка дырэктар Тэрытарыяльнага цэнтра сацабслугоўвання насельніцтва Леанід Кавалёў. Афіцыйна ж засведчыла факт 100-годдзя, уручыўшы Анучкінай новы пашпарт, начальнік аддзялення па грамадзянству і міграцыі РАУС Вольга Ткачонак. Узяўшы дакумент, бабулька пажартавала: «Дык гэта, мусіць, без яго «там» не прымаюць?»

З першых хвілін знаёмства ўражваюць яе сакавітая мова, пачуццё гумару, яснасць думак. За святочным сталом доўгажыхарка ахвотна ўзгадвала вехі гісторыі, цесна пераплеценыя з уласным жыццём, дакладна называла даты, імёны — памяць захавала ўсё да драбніц. У сям’і Ляхоўскіх Ліда нарадзілася першым дзіцём за два гады да ўстанаўлення савецкай улады. Пасля яе з’явіліся на свет яшчэ шасцёра братоў і сястрычак. Калі малодшанькай ледзве споўнілася два гады, памерла маці. 16-гадовай Лідзіі давялося падзяліць з бацькам усе клопаты аб дзецях і хатняй гаспадарцы. Дзяўчынка вымушана была пакінуць школу (здатная да навукі, кемлівая ад прыроды, яна на той час вучылася ў сёмым класе ў Багушэўску, што па тых мерках раўнялася сярэдняй адукацыі). «Цяжка даводзілася, не хапала ні сіл, ні вопыту, але ж скардзіцца было некаму. Бацька больш не жаніўся — каму патрэбны ўдавец з такой процьмай ртоў», — распавядае жанчына.

Гады яе сталення супалі з эпохай калектывізацыі. У ліку першых Ліда пайшла на работу ў калгас пад назвай «Ідэя», пазней ён быў перайменаваны ў «Радзіму». Не цуралася ніякай працы: жала і малаціла, церабіла лён і капала бульбу, грэбла сена і стагавала салому. А дома прала і ткала, абшывала вялікую сям’ю, даглядала гаспадарку. Спаць клалася за поўнач, а прачыналася на досвітку. Крыху палягчэла, як выйшла замуж за Аляксея — хлопца са свайго калгаса. Перад вайной у сакавіку ў Анучкіных нарадзіўся сынок Валера. Усе памкненні маладой маці ў гады ліхалецця былі накіраваны на тое, каб зберагчы дзіця. Дзякуй Богу, выжылі. Хоць цяжка было пасля вайны, але радаваліся мірным дням. Згадзіліся веды, набытыя ў сямігодцы. Ладны час Лідзія Захараўна працавала на ферме загадчыцай, нават з дзясятак пенсіённых год прыхапіла.

Пахаваўшы мужа, засталася ў хаце адна. Валера вывучыўся, працаваў інжынерам на заводзе ў Магілеве, але часта са сваёй сям’ёй наведваў маці. Унукі Ларыса і Ігар любілі праводзіць канікулы ў бабулі ў Ляхах.

У няспыннай плыні пранеслася 100 зім, адшапацела столькі ж лістападаў… Яшчэ два гады таму бабулька корпалася ў агародзе, а потым страціла зрок. «Як жыць і сцягу не бачыць», — думала ў роспачы Лідзія Захараўна. Яе вачамі стаў адзіны сын. Валерый перабраўся жыць да маці, каб даглядаць старэнькую. Сам ужо не малады, і ніхто б яго не зганіў, каб перадаў маці пад апеку сацыяльнай службы. Але сумленне, сыноўнія любоў і абавязак прадыктавалі рашэнне памяняць добраўпарадкаваную кватэру на хату ў лясной глушы. У Ляхі часта наведваецца яго сям’я: жонка, дзеці, унукі Аляксей і Лера. І тады салодкай млосцю шчыміць матчына сэрца — дастойна выхавала сына. Ён даглядае старэнькую, фактычна стаў яе рукамі і вачамі. Не пакідаюць паважаную суседку аднавяскоўцы. Заходзяць, цікавяцца, ці мае ў чым патрэбу, Яўгенія Ляхоўская, Лідзія Смагіна, Святлана Вінаградава, Соф’я і Генадзь Фраловы. Лідзія Захараўна ніколі ні з кім не сварылася. Незласлівая па характары, яна ніколі не трымала ў галаве дрэнных думак. Магчыма, таму і наканаваны ёй лёсам доўгі век.

Ніна Сталярэнка.
Фото аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.