Незвычайную археалагічную знаходку здзейсніў напачатку года жыхар Віцебскага раёна

Актуально В центре внимания

Незвычайную знаходку здзейсніў на  беразе  Заходняй  Дзвіны напачатку  года  жыхар вёскі  Старое  Сяло Андрэй  Есіпенка. Ён  знайшоў  баявую  сякеру, якая  праляжала  ў  зямлі не  менш  за  пяцьсот  гадоў.
DSC_1974Кіраўнік краязнаўчага музея Старасельскай сярэдняй школы Маргарыта Юшкевіч расказвае, што на сённяшні дзень гэты экспанат — другі ў іх калекцыі.

— Першую сякеру прынёс наш былы вучань Рыгор Трусаў больш за пяць гадоў таму. Я доўга не магла зразумець, да якога гістарычнага перыяду яна адносіцца. Аднойчы музей наведаў археолаг, акадэмік Нацыянальнай акадэміі навук Беларуси. Менавіта ён расказаў, што знаходка наша не што іншае, як баявая зброя пятага стагоддзя, — расказвае Маргарыта Дзмітрыеўна.

Па словах краязнаўцы, па форме першая і другая сякеры адрозніваюцца, адсюль можна зрабіць выснову, што яны былі створаны ў розны час і належалі розным плямёнам. Пацвярджае яе здагадку і тое, што другая выраблена з больш трывалага жалеза.

— Знойдзеная рэч каштоўная тым, што ў яе захавалася сякерышча. Мы адразу бачым, што яно дубовае, бо з-за доўгага знаходжання ў вадзе стала вельмі моцным, нават падобным на метал. А гэта ўласціва толькі дубу, — кажа Юшкевіч.

Да якога ж перыяду адносіцца дадзеная знаходка? Каб даведацца пра гэта, мы звярнуліся па дапамогу да загадчыка кафедры гісторыі Беларусі ВДУ імя П.М. Машэрава Анатоля Дулава. Ён паведаміў, што гэта баявая сякера старажытнарускага перыяду. Пацвердзіў гэтую інфармацыю і беларускі археолаг Мікалай Плавінскі, які спецыялізуецца на зброі да-дзенага часу. Па яго меркаванні, сякера адносіцца прыкладна да XIII-XV стагоддзяў.

Юлія Гаўрыленка



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.