Бібліятэкар Курынскай сельскай бібліятэкі Марыя Карновіч стала пераможцай абласнога этапа рэспубліканскага конкурсу «Бібліятэка — асяродак нацыянальнай культуры» за 2015 год у намінацыі «За пошукавую і даследчую працу».

На конкурс быў прадстаўлены імідж-праект «Фактары поспеху маёй бібліятэкі» з выкарыстаннем электронных рэсурсаў і папяровых носьбітаў.

У складзе фундаментальнай працы фотапартрэт вёскі Курына і відэаэкскурсія па яе ваколіцах, даследаванні гісторыі аднаго фотаздымка і семантыкі арнаменту курынскіх рушнікоў. У літаратурна-творчым праекце «Свая хатка як родная матка» бібліятэкар прасачыла, як продкі будавалі дом. Вялікую работу правяла Марыя Аляксандраўна да гадавіны вызвалення вёскі Курына ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і 70-годдзя Вялікай Перамогі. Яна падрыхтавала відэаролік з успамінамі малалетніх вязняў фашысцкіх канцлагераў, сумесна з мясцовай школай выдала зборнік «За гэтай сцяною стогне зямля». Распрацавала краязнаўчы турыстычны маршрут па курынскай зямлі.

Цікавасць у праекце выклікаюць творчыя майстэрні, што праводзяцца ў кніжным храме — гэта і бяростапляценне, і вырабы з цеста, і арыгінальныя самаробныя паштоўкі для любай матулі. Заслугоўваюць увагі мерапрыемствы па прапагандзе беларускай мовы і літаратуры ў рабоце з дзецьмі і падлеткамі.

Кіраўніцтва раённай цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы ўручыла Марыі Карновіч дыплом пераможцы і выказала спадзяванне, што і на рэспубліканскім этапе яе праект зойме дастойнае месца.

Ніна Сталярэнка