Незвычайнае сямейнае свята «Гулі ў бабулі» знайшло прапіску ў Віцебскім раёне

Актуально Культура Молодежь

У адзін з суботніх дзянёчкаў у аг. Заронава бавілі час удзельнікі бясплатных курсаў «Мова нанова», жыхары вёскі і ўсе аматары жывога беларускага слова.
IMG_0372Спачатку фэст на свежым паветры быў запланаваны, як выпускны баль слухачоў курсаў, але жадаючых далучыцца было столькі, што ў выніку адбылося вельмі маштабнае свята з песнямі, гульнямі і смачнымі пачастункамі. Яго гаспадыняй, тою самай бабуляй, стала Людміла Никіціна, загадчыца музея «Гісторыя Заронаўскага краю».

— Мы маем гонар прымаць такіх гасцей, — адзначыла Людміла Нікіціна. — Тым больш, што ў гэтым годзе наш музей святкуе 30-годдзе. Я сама беларускамоўны чалавек, мне прыемна, што прысутныя размаўляюць, спяваюць на роднай мове, што сёння такое асяроддзе ўбачыць школьнікаў, якія на прыгожай беларускай мове вядуць экскурсію.

IMG_0340Атмасфера беларускасці, нацыянальнай еднасці панавала паўсюль. Народныя ўмельцы ахвотна прапаноўвалі свае вырабы, побач размясціліся майстры, якія дзяліліся сакрэтамі свайго рамяства. Як стварыць са звычайнага пучка сена, травы, галінак і кветак сапраўдны твор мастацтва, ведае кіраўнік студыі «Салікс» Алена Пятрова. Разам са сваімі навучэнцамі яна правяла майстар-клас па стварэнні фларыстычных кампазіцый.

Не меньш гледачоў вакол сябе сабраў разьбяр па дрэве Міхась Зінькоў. Даспадобы ўдзельнікам свята прыйшліся яго драўляныя «шаптункі». А калі ўзяў у рукі электрапілу і пачаў нешта чараваць каля сухога спіленага дрэва, то на гукі яго інструмента сабраліся літаральна ўсе прысутныя. Праз паўгадзіны бясформенны кавалак дрэва ператварыўся ў саву. Цяпер гэтая птушка будзе ахоўваць музей.

IMG_0366Не давалі сумаваць гасцям разнастайныя гульні, прыняць удзел у якіх прапаноўвала ўсім жадаючым актрыса Нацыянальнага драматычнага тэатра імя Якуба Коласа Раіса Грыбовіч. На пляцоўцы пад квітнеючымі яблынямі дарослыя і дзеці вадзілі карагоды, гулялі ў «ручаёк», спаборнічалі ў хуткасці, а таксама танцавалі і спявалі прыпеўкі.

Аднаўлялі сілы пасля гулянняў тут жа. Якое свята без шчодрых пачастункаў? Заронаўскія гаспадыні частавалі блінцамі, мёдам, бульбай з печы, адным словам, сталы проста ламіліся ад розных страў. А цудоўны настрой дапамагаў ствараць гурт «Re1ikt».

IMG_0331Разыходзіліся госці стомленыя, але задаволеныя, бо змаглі добра адпачыць. Арганізатары паабяцалі, што традыцыя бавіць час з любоўю і павагай да роднай мовы, якая зарадзілася ў такім маляўнічым месцы, будзе працягвацца.

Алена Чаплева.
Фота аўтара.



1 комментарий по теме “Незвычайнае сямейнае свята «Гулі ў бабулі» знайшло прапіску ў Віцебскім раёне

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.