Сацыякультурны праект «Дыялог народаў і культур», у межах рэалізацыі якога на тэрыторыі аг. Мазалава прайшло некалькі дзясяткаў мерапрыемстваў, завяршыўся стварэннем алеі сяброўства.

На здымку: удзельнікі аднаго з пасяджэнняў «Згоды»

На здымку: удзельнікі аднаго з пасяджэнняў «Згоды»

Першапачаткова ён быў разлічаны на адзін навучальны год, але ў сувязі з тым, што ўдзельнікі з ліку замежных студэнтаў вузаў абласнога цэнтра і мясцовай моладзі праявілі небывалую цікавасць, арганізатарамі было прынята рашэнне зрабіць яго традыцыйным. Пра тое, што плануецца правесці падчас новага этапа праекта, расказаў яго аўтар, кіраўнік гуртка Мазалаўскага СДК Андрэй Струнчанка.

— Кожны месяц намі ладзіліся адкрытыя пасяджэнні клуба інтэрнацыянальнага сяброўства «Згода», якія праходзілі на гледача. Адным з першых мерапрыемстваў, якое летась стала самым масавым, была імпрэза  «Разам у новы год». Падчас яе правядзення ўдзельнікі падарожнічалі ў зімовы лес, з Калядой ішлі па аграгарадку, — адзначае Андрэй Струнчанка.

Дзякуючы «Згодзе» ў Мазалаўскім СДК і абласным метадычным цэнтры народнай творчасці былі праведзены дні кітайскай і арабскай культур, удзельнікі і арганізатары афармлялі розныя выставы, праводзілі майстар-класы па саломапляценні, маляванні на талерках, вучыліся рабіць традыцыйныя беларускія лялькі, ляпілі з гліны.

Сёлета таксама прайшоў шэраг мерапрыемстваў, адно з якіх — «Для згоды людской збіраем сяброў», падчас якога замежныя грамадзяне мелі ўнікальную мажлівасць далучыцца да беларускіх звычаяў і традыцый, пазнаёміцца з культурай нашай краіны.

— Не ўсе студэнты, якія прыехалі да нас з іншых краін і кантынентаў,  застаюцца на ўвесь тэрмін навучання. Многія атрымліваюць падрыхтоўчы курс рускай мовы і з’язджаюць на радзіму. Для тых, хто застаецца ў Віцебску, і была праведзена гэта імпрэза, — расказвае аўтар праекта. — Запамінальнай была і выстава фатаграфій «Мая Радзіма», дзе кожны мог паказаць самыя лепшыя пейзажы сваёй мясцовасці. 

Свята «На скрыжаванні культур» аб’яднала грамадзян з Беларусі, Расіі, Кітая, Лівана, Ірака, Узбекістана, Туркменістана, Туніса, Турцыі і іншых краін, прайшло з мэтай захавання, узаемаразумення і ўзаемнага ўзбагачэння нацыянальных культур. Падчас яго адбылася канцэртная праграма, далей эстафету падхапіла прэзентацыя і дэгустацыя нацыянальных страў, якімі змаглі пачаставацца ўсе госці. Не абышлося і без выставы літаратуры аб краінах свету, падрыхтаванай бібліятэкарамі.

Андрэй Струнчанка адзначыў, што праект завяршыўся, але ён будзе мець працяг у наступным навучальным годзе. Яго вынікам стане стварэнне палатна сяброўства. «Мы далі заданне студэнтам, каб яны прывезлі са сваёй краіны характэрную нацыянальную тканіну і маленькія сувеніры, каб потым сшыць вялікае палатно, якое і стане падагульненнем нашай працы, — расказвае кіраўнік праекта. — Ёсць у нас ідэя і аб стварэнні майстар-класаў па напісанні кітайскіх іерогліфаў і арабскіх літар для школьнікаў 5-11 класаў».

«Дыялог народаў і культур» — прыклад таго, што кожная краіна мае сваю гісторыю, карані і культуру, а кожны ўдзельнік — дастойны прадстаўнік свайго народа. Дзякуючы праекту ствараецца міжкультурны дыялог, выхоўваецца талерантнасць, фарміруецца паважлівае стаўленне да традыцый і звычаяў розных народаў.

Юлія Гаўрыленка