Па даўняй завядзёнцы ў ААТ «Віцебская бройлерная птушкафабрыка» ў правядзенні зажынак прытрымліваюцца народнага календара — ладзяць абрад у Пракопаў дзень. Лічылася, што «Пракоп летні жніво пачынае». Ці то святы дапамагае, ці то сучасныя тэхналогіі, але ж палеткі бройлернай птушкафабрыкі штогод радуюць высокім ураджаем. І сёлета разлікі на яго добрыя.

На здымку: Надзея Грыбанава з удзельнікамі жніва

На здымку: Надзея Грыбанава з удзельнікамі жніва

Вачэй не адарваць ад бяскрайняга залатога поля азімай трыцікале, што каля в. Задзвінне. Буйное калоссе паклонам вітае ўдзельнікаў жніва. На ўскрайку роўненькім шнурочкам выстраіліся камбайны. Апрабаванне яны прайшлі ўжо на збожжавым полі ў аддзяленні «Тарасенкі», і яно паказала: гатовыя згодна тэхналогіям правесці ўборку. А ёй сёлета належыць 6013 гектараў збожжавай групы і 606 — яравога рапсу. Пачнуць жніво з азімай пшаніцы. Але пакуль будуць абжынаць палі па перыметру, каб збажына прадувалася, падсыхала пасля дажджоў. «Масавую ўборку павядзем у залежнасці ад вільготнасці зерня. Сушыльная гаспадарка поўнасцю гатова прыняць новы ўраджай», — расказвае намеснік генеральнага дырэктара па сельскай гаспадарцы Надзея Грыбанава.

На здымку: першы сноп — Аляксандру Гучэнку;

У чатырох сельгасаддзяленнях: «Курына», «Тарасенкі», «Навасёлкі» і «Шмырова» на жніве будуць задзейнічаны 22 камбайнавыя экіпажы. Нагрузка на кожны па разліках складзе 305 гектараў. Распрацавана сістэма матэрыяльнага і маральнага стымулявання.

Традыцыйна абрад Зажынкі прайшоў у аддзяленні «Курына» і паколькі поле прылягае да вёскі Задзвінне, на свята сабра-ліся не толькі непасрэдныя ўдзельнікі жніва, прадстаўнікі адміністрацыі акцыянернага таварыства, але і мясцовыя жыхары.

На здымку: тэхнолагі палёў Анатоль Галееў, Таццяна Сямёнава, Марына Сярэбраннікава і Уладзімір Артамонаў

Па ўсіх абрадавых канонах правялі мерапрыемства самадзейныя артысты цэнтра культуры і творчасці Віцебскага раёна і народны ансамбль народнай песні «Вераснянка» Мазалаўскага СДК. Дзве жнейкі сярпамі збожжа зажыналі, сноп вязалі, прыгаворваючы: «Дай, Божа, жыта ў полі снапамі, у гумне капамі». Першы зажыначны букет калосся ўручылі мінулагодняму пераможцу спаборніцтва на жніве Аляксандру Гучэнку. А духмяны каравай з мукі старога ўраджаю — Надзеі Грыбанавай. Прымаючы сімвал дабрабыту і дастатку, яна адзначыла: «Сёння нават хмары расступіліся, і з вышыні ўсміхаецца сонца, натхняе на добрую справу. А працаваць нашы хлебаробы ўмеюць. У мінулым годзе адразу два камбайнавыя экіпажы сталі ў раёне першымі «тысячнікамі». Сярэдняя ўраджайнасць склала 38 цэнтнераў з гектара». Надзея Васільеўна выказала спадзяванне, што і сёлета паказчыкі будуць не горшыя.

На здымку: каравай — удзельнікам жніва

Адзіны на ўсіх падарунак — вялізны каравай паднеслі камбайнерам работнікі сталовай, каб нагадаць хлебны водар і даць падсілкавацца перад напружанай працай.

Прывітанне ад генеральнага дырэктара адкрытага акцыянернага таварыства Ганны Шарэйка і шматлікага калектыву птушкаводаў перадала хлебаробам намеснік па ідэалагічнай і сацыяльнай рабоце Раіса Яршова. Яна пажадала, каб і Дажынкі сустракалі з такім жа добрым настроем, з сонцам на небе і ў душы.

На здымку: праз сімвалічныя вароты — у добры шлях

Галоўны аграном Марына Сярэбраннікава прызналася, што адразу і не скажа, якое па ліку жніво на яе рахунку, і пачатак кожнага — свята, бо адкрывае важнейшую справу сезона. Берагчы сябе, тэхніку, з сыноўнім клопатам адносіцца да зямлі, якая ўдосталь накорміць працавітых, заклікала Марына Анатольеўна.

Благаславіў працаўнікоў на добрую справу, акрапіў святой вадой  камбайнераў і тэхніку, каб не ведалі стомы дужыя рукі і не падводзіла тэхніка, настаяцель Свята-Узнясенскага храма (в. Лужасна) протаіерэй Міхаіл.

Каб зярняты з зажыначных снапоў уліліся ў жытнёвую раку і ляглі вялікім духмяным караваем на стол, жадалі культработнікі. «Збярыце ўсё збожжа! Няхай і надвор’е паможа! Збярыце ўсё да былінкі, хай шчодрымі будуць Дажынкі!» — зычылі яны. А затым праводзілі камбайнераў праз вароцікі рушнікоў да сваіх стэпавых караблёў. У добры шлях, жніво-2016!

Ніна Сталярэнка.
Фота аўтара.