У Віцебскім раённым цэнтры культуры і творчасці створаны фальклорны калектыў «Гарэзы»

2016-й - год культуры Глубинка Коллектив Культура Молодежь Социальный аспект Традиции, обряды

Гісторыя фальклорнага танцавальнага калектыву «Гарэзы» пачала пісацца зусім нядаўна, ён быў створаны ў пачатку 2016 года. Кіраўнікі двух харэаграфічных гурткоў Віцебскага раённага цэнтра культуры і творчасці аб’ядналіся дзеля адной мэты — стварыць дзіцячы фальклорны калектыў па адраджэнні народных танцаў Віцебскага раёна.

На здымку: тулаўскія «Гарэзы»
На здымку: тулаўскія «Гарэзы»

«Гарэзы» сёння — гэта 7 пар, якія складаюцца з дзяцей пачатковых і сярэдніх класаў. У калектыве злучыліся хлопцы з гурта сучаснага танца «Тандэм» (кіраўнік Міхась Ананьеў) і дзяўчаты з харэаграфічнага гуртка «Капрыз» (кіраўнік Вера Леднік). А, як вядома, калі дзве творчыя асобы, у дадзеным выпадку харэографы, аб’ядноўваюць свае сілы — хутка чакай вынікаў.

Стварэнню калектыву папярэднічаў вялікі і грунтоўны падрыхтоўчы этап, які складаўся з фальклорных экспедыцый па населеных пунктах Віцебскага раёна. У адраджэнні адметных народных танцаў ахвотна ўдзельнічалі самі вяскоўцы, а таксама работнікі сельскіх Дамоў культуры. Так, дзякуючы жыхарцы г.п. Янавічы Раісе Васільеўне Нямцовай, былі зроблены відэазапісы такіх беларускіх танцаў з мясцовымі асаблівымі элементамі, як кракавяк, падыспань, «Каробачка», «На рэчаньку» і «Свеціць месяц». Найвялікшую каштоўнасць уяўляюць сабраныя відэаматэрыялы пра танец, бытаванне якога было распаўсюджана толькі ў Суражскім раёне — «Лянцяй». Існавала нават такое выслоўе: «Ленцяя танцаваць». Адраджэнне гэтага адметнага мясцовага танца стаіць у планах калектыву на восень.

На просьбу намесніка дырэктара Віцебскага раённага цэнтра культуры і творчасці Марыны Яско, якая непасрэдна займалася збіраннем неабходных матэрыялаў, энергічна адклікнуліся работнікі Заронаўскага СДК і дырэктар народнага гісторыка-этнаграфічнага музея «Гісторыя Заронаўскага краю» Людміла Нікіціна. Пры іх дапамозе былі сабраны відэаматэрыялы ад сям’і Гушчанкаў — Антаніны Аляксандраўны і Аляксандра Якімавіча, на аснове якіх калектыў зараз рэпеціруе танец пад усім вядомай назвай «Яблычка». Трэба адзначыць унёсак, зроблены жыхаром в. Сцяпная Янавіцкага сельсавета Анатолем Іванавічам Альшанікавым. Будучы маладым хлопцам ён граў у ансамблі, але ж здароўе зараз не тое, затое голас яшчэ малады ды звонкі. Анатоль Іванавіч наспяваў матывы, пад якія выконваліся беларускія народныя танцы ў іх мясцовасці.

Першы вопыт выступлення ў складзе фальклорнага танцавальнага калектыву хлопчыкі і дзяўчаткі атрымалі 22 чэрвеня гэтага года на рэінкарнацыі абрадавага свята, прысвечанага летняму сонцастаянню на беразе возера Шэвіна, што ў Лятчанскім сельсавеце. Там пры падтрымцы Акцябрскага і Альгоўскага дамоў культуры «Гарэзы» паказалі 6 нумароў. Самым цікавым выступленнем вечара стаў танцавальны флэшмоб, падрыхтаваны на аснове трох танцаў: «Ойры», «Какеткі» і «На рэчаньку».

Таксама «Гарэзы» прымалі ўдзел у святкаванні Купалля на маляўнічым беразе возера Сосна ў Доўжы.

Калектыў актыўна ўдзельнічае ў мерапрыемствах, якія арганізуе Цэнтр культуры і творчасці. У ліку іншых удзельнікаў гурт падтрымліваў брэнд «Прыдзвінскі квас» на пляцоўцы Віцебскага раёна ў межах XXV міжнароднага фестывалю мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску».

У планах гуртка ўдзел у розных мерапрыемствах, фестывалях, конкурсах раённага і абласнога ўзроўняў. Але галоўная мэта, для здзяйснення якой тулаўскія «Гарэзы» будуць прыкладаць усе намаганні — атрымаць перамогу на турніры беларускіх танцаў, які штогод праводзіцца ў межах міжнароднага свята традыцыйнай культуры «Браслаўскія зарніцы».

Алена Бадзяла.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.