Установы адукацыі Віцебскага раёна прынялі актыўны ўдзел ў «Восеньскім карагодзе»

Актуально Образование По поводу

Настаўнікі ўстаноў адукацыі  раёна штогод гаспадараць на адной з пляцовак выставы-кірмашу навучальных устаноў вобласці «Восеньскі карагод». Прычым кожны раз здзіўляюць гасцей і ўдзельнікаў мерапрыемства сваёй фантазіяй у афармленні гандлёвых палатак. Сёлета тут прапісаліся «Пышечная» і «Чай-пей». «Разынкі» прыйшліся даспадобы гараджанам — каля іх выстройваліся чэргі з пакупнікоў.

На здымку: вымнянскія педагогі сустракаюць на сваім падвор’і Уладзіміра Цярэнцьева
На здымку: вымнянскія педагогі сустракаюць на сваім падвор’і Уладзіміра Цярэнцьева

Па колькасці гараджан, якія прыйшлі на кірмаш, можна ўпэўнена сцвярджаць, што гэта мерапрыемства чаканае. «Восеньскі карагод» сабраў не менш удзельнікаў, чым яго вясновы папярэднік.

— Гэтыя мерапрыемствы — яшчэ адна магчымасць прадэманстраваць увесь патэнцыял сярэдніх спецыяльных устаноў, прафтэхадукацыі. Ад рэалізацыі прадукцыі яны атрымліваюць неблагія пазабюджэтныя сродкі, якія накіроўваюць на ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы, — адзначыў старшыня абласнога Савета дэпутатаў Уладзімір Цярэнцьеў.

На здымку: Жанна Клянская
На здымку: Жанна Клянская

У гэты восенькі дзень ён прыйшоў на свята зусім не па службе, а з мэтай набыць саджанцы для свайго саду. Казаў, што не адразу прыняў рашэнне — шырокі выбар, але ўсё ж такі аддаў перавагу адной установе адукацыі і набыў у яе яблынькі.

На кірмашы былі  прадстаўлены сапраўдныя шэдэўры кулінарнага майстэрства. Дырэктар Старасельскай школы Вадзім Сакратароў, які сустракаў гасцей у вобразе волата Фёдара Махнова, настойліва запрашаў да шчодрага стала сваёй установы адукацыі. Прыгожыя гаспадыні ў нацыянальных строях без перапынку разлічвалі пакупнікоў.

З песняй гандлявалі вымнянцы. Муж і жонка Сіняковы, работнікі мясцовага дзіцячага сада-сярэдняй школы, былі за падтрымку на адкрытай кухні, дзе ў прысутнасці ўдзельнікаў кірмашу гатаваліся дранікі і юшка. Гэтую місію не ўпершыню давяраюць повару Жанне Клянскай і яе мужу загадчыку гаспадаркі Алегу.

— Гэтыя дзве стравы — своеасаблівы брэнд нашай установы адукацыі не толькі на падобных мерапрыемствах, але і на раённым узроўні, — адзначыла дырэктар Вымнянскага дзіцячага сада-сярэдняй школы Таццяна Цітова.

Пасля гэтага кірмашу для Суражскага дзіцячага сада-сярэдняй школы такім брэндам з упэўненасцю можна лічыць блінцы з розным начыннем. Яно было шырока прадстаўлена на тэматычна аформленым гандлёвым ра-дзе, у цэнтры якога красавалася лялька-блінніца.

На здымку:  мазалаўскія скамарохі запрашаюць наведаць «Пышечную» Старасельскай СШ
На здымку: мазалаўскія скамарохі запрашаюць наведаць «Пышечную» Старасельскай СШ

Крочыць далей — значыць не абысці «Чай-пей». Тут вам і гарбата на лекавых раслінах, і розныя прысмакі да яе. Зазірнуць сюды — атрымаць падрабязны рэцэпт маладосці і даўгалецця, а найперш — добрага настрою. Яго тут «прапісвала» загадчыца Заронаўскага дзіцячага сада Зоя Пека.

Побач здаровую канкурэнцыю ёй складала дырэктар Акцябрскай сярэдняй школы Вольга Красакова. І калі яна прапанавала ўдзельнікам мерапрыемства прысмакі на любы густ для страўніка, то прадстаўнікі Альгоўскага дзіцячага сада-базавай школы — для душы. Свае вырабы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва прэзентавалі педагогі дадатковай адукацыі Цэнтра дзяцей і моладзі. Для жадаючых далучыцца да іх рамяства тут былі арганізаваны майстар-класы. Асобныя проста з заміраннем сэрца назіралі за тым, як выкладчыкі, улюбёныя ў сваю справу, укладваюць у матэрыял душу і сэрца, як праз кароткі час нараджаецца прыгожая цацка або тавары, неабходныя ў гаспадарцы.

На здымку: прадстаўнікі Кіраўскай школы на чале з В. Арцёменка
На здымку: прадстаўнікі Кіраўскай школы на чале з В. Арцёменка

На выставе-кірмашы можна было набыць агародніну і садавіну. На падворку Віцебскага раёна — іх яшчэ і выйграць, прыняўшы ўдзел у латэрэі. За сімвалічную плату гульцы атрымлівалі са шчодрага сельскагаспадарчага куфара буракі, фасолю, цыбулю, яблыкі і іншую прадукцыю сада-агарода.

Шмат было і тых, хто мэтанакіравана прыйшоў на мерапрыемства для таго, каб назапасіць вітамінную прадукцыю на зіму. Дырэктар Кіраўскай сярэдняй школы Вольга Арцёменка кожны кірмаш стаіць за прылаўкам, гандлюе. Многіх пакупнікоў пазнае ў твар, бо штогод прыходзяць да іх. Вольга Аляксандраўна расказвае, што на школьным участку сельскагаспадарчая прадукцыя суседнічае з кветкамі.

— Атрымаць ураджай можа толькі сапраўдны руплівы гаспадар. У нашай установе адукацыі гэта Жамал Цюркіна. Неабыякавымі да гэтай справы застаюцца і іншыя педагогі, праяўляюць цікавасць і далучаюцца да працы на зямлі вучні. Хто ведае, можа, дзякуючы гэтай справе, хлопцы і дзяўчаты праз час аддадуць перавагу прафесіі, што будзе запатрабавана ў вёсцы. Як кажуць, дзе нарадзіліся, там і сабе прызначэнне знойдуць, — прызнае дырэктар сярэдняй школы.

Бачаць сваё прызванне ў працы на зямлі навучэнцы прафтэхкаледжа сельскагаспадарчай вытворчасці (аг. Акцябрская). Ганарацца гэтым. Кажуць, што выпрабаванні загартоўваюць, а іх у сельскай гаспадарцы хапае. Аднак усё гэта не суразмерна з тым пачуццем, калі ты бачыш вынік сваёй працы — шчодры ўраджай. Ім навучэнцы штогод дзеляцца з гараджанамі. На кірмашы яны рэалізуюць бульбу, моркву, буракі, яблыкі. Упэўніцца, што гэтая прадукцыя запатрабаваная, можна па доўгіх чэргах з пакупнікоў. Нават часу, каб зрабіць фотаздымак, няма. Маленькі перапынак на тое, каб прарэкламаваць тавар.

— Ён у рэкламе не мае патрэбы. Якасць — высокая, цана — прывабная, — адзначаюць віцябчанкі Любоў і Лізавета, якія прыйшлі на мерапрыемства з мэтай набыць 15 мяхоў бульбы.

Выбар пакінулі за акцябрскай. Не сумняваюцца, што «скарб» прыйдзецца да смаку, і ў наступным годзе абавязкова вернуцца ў прызначаны дзень па ўжо знаёмым адрасе.

На здымку: Любоў і Лізавета набылі бульбу ў навучэнцаў акцябрскага каледжа, чым і задаволены
На здымку: Любоў і Лізавета набылі бульбу ў навучэнцаў акцябрскага каледжа, чым і задаволены

IMG_8332Па словах дырэктара каледжа Аляксандра Якубава, сярод навучэнцаў нават існуе конкурс на тое, каб прадстаўляць навучальную ўстанову на мерапрыемстве такога ўзроўню. Для тых, хто бачыць сябе сярод гэтых юнакоў і дзяўчат, тут разгарнулася імправізаваная прафарыентацыйная пляцоўка.

Кожны год гандлюе на «Восеньскім карагодзе» Вялікалятчанскі дзіцячы дом — рэалізуе кветкі. Сёлета з выгаднымі прапановамі аб супрацоўніцтве звярнулася да дырэктара ўстановы Веры Дук Вольга Трублоўская, дырэктар Ноўкінскай сярэдняй школы, выказала зацікаўленасць у набыцці кветак для зімовага саду.

Цікавы праект прапанавалі на кірмашы Янавіцкая сярэдняя школа ў супрацоўніцтве з Віцебскім заапаркам і ВДУ імя П. М. Машэрава. Установа адукацыі сумесна з імі займаецца вывучэннем птушак і іх гняздоўяў.

Прыходзілі на мерапрыемства, якое не інакш як святам гараджане і не называюць, сем’ямі. А сёлета — яшчэ і з мэтай павіншаваць педагогаў з Днём настаўніка.

Таццяна Дзіканава.
Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.