Віцебскі раён прыняў удзельнікаў рэспубліканскага семінара кіраўнікоў музеяў устаноў адукацыі

2016-й - год культуры Актуально Традиции, обряды

У тым, што магчымасці музейнай педагогікі вельмі шырокія як для вучняў, так і для настаўнікаў, яны ўпэўніліся падчас наведвання Вымнянскага дзіцячага сада — сярэдняй школы і гісторыка-этнаграфічнага музея «Гісторыя Заронаўскага краю».

На здымку: удзельнікі гістарычнай тэатралізаванай інсталяцыі «Вядомыя людзі ў гісторыі Віцебскага раёна» дырэктар Мазалаўскай СШ Сяргей Зубовіч у вобразе гаспадара сядзібы «Мілае» Ігната Манькоўскага і дырэктар Лятчанскай БШ Міхаіл Дук — батаніка Уладзіміра Адамава.
На здымку: удзельнікі гістарычнай тэатралізаванай інсталяцыі «Вядомыя людзі ў гісторыі Віцебскага раёна» дырэктар Мазалаўскай СШ Сяргей Зубовіч у вобразе гаспадара сядзібы «Мілае» Ігната Манькоўскага і дырэктар Лятчанскай БШ Міхаіл Дук — батаніка Уладзіміра Адамава.

Начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму Віцебскага райвыканкама Вольга Разанава расказала, што  краязнаўства і музейная справа з’яўляюцца аднымі з прыярытэтных напрамкаў дзейнасці ўстаноў адукацыі па навучанні і выхаванні дзяцей і моладзі. На сённяшні дзень працуюць музей сістэмы адукацыі раёна, 11 школьных, з якіх са званнем народны — гісторыка-краязнаўчы музей Старасельскай СШ і гісторыка-этнаграфічны «Гісторыя Заронаўскага краю».

— Вучні разам з педагогамі ўдзельнічаюць у экспедыцыях, збіраюць цікавыя рэчы, праводзяць інтэрактыўныя экскурсіі ў музеях, з’яўляюцца пераможцамі абласных, рэспубліканскіх, міжнародных конкурсаў па краязнаўстве, — адзначыла Вольга Іванаўна.

Установамі адукацыі ў апошнія гады рэалізавана 5 адукацыйных, культурна-гістарычных праектаў. Цікавым з’яўляецца фальклорна-абрадавы «Духоўнае адраджэнне культурных традыцый і быту беларусаў», мэтай і задачамі якога з’яўляецца вывучэнне, захаванне культурна-гістарычнай спадчыны раёна, патрыятычнае, духоўнае, мастацка-эстэтычнае выхаванне дзяцей і моладзі на аснове рэгіянальных традыцый. Асаблівасць —  у спалучэнні пошукавай працы і творчай прэзентацыі вынікаў яе праз правядзенне раённых культурна-масавых мерапрыемстваў. Праект з’яўляецца доўгатэрміновым і складаецца з некалькіх этапаў: стварэнне макетаў старадаўніх архітэктурных будынкаў раёна; адраджэнне народных абрадаў, традыцый, песень, гульняў; рамёстваў і прадметаў быту беларусаў мінулых часоў; адзення, а таксама культуры народаў, якія пражываюць на тэрыторыі Віцебскага раёна.

Па словах Вольгі Разанавай, матэрыялы праекта шырока выкарыстоўваюцца ва ўстановах адукацыі, культуры, пры правядзенні тэатралізаваных казак у Прыдзвінскай рэзідэнцыі Дзеда Мароза (в. Барвін), а таксама раённых масавых мерапрыемстваў. У мінулым годзе, напрыклад, была пастаўлена навагодняя казка па матывах легенд і паданняў знакамітага фалькларыста і этнографа М.Я. Нікіфароўскага, які нарадзіўся і пражываў у в. Вымна.

Цікавымі і карыснымі для вучняў, іх бацькоў, мясцовых жыхароў і гасцей раёна сталі і іншыя праекты, створаныя аўтарскімі калектывамі ўстаноў адукацыі.

Вучнямі Суйкаўскай сярэдняй школы і навучэнцамі гурткоў «Юны краязнаўца» і «Юны экскурсавод» Цэнтра дзяцей і моладзі Віцебскага раёна пад кіраўніцтвам педагогаў-краязнаўцаў Людмілы Нікіцінай і Дзмітрыя Раздробенкі распрацаваны шэсць турыстычных маршрутаў пад агульнай назвай «Залатое кальцо Віцебскага раёна», якія расказваюць пра геаграфічныя, эколага-краязнаўчыя адметнасці той ці іншай мясцовасці, побыт жыхароў, мясцовыя славутасці і подзвігі герояў падчас ваеннага ліхалецця і інш. Ужо праведзена больш за сотню экскурсій для жыхароў і гасцей раёна па ўсіх накірунках турыстычных маршрутаў (Мазалава, Доўжа, Лужасна, Заронава, Суйкава, Вымна, Сураж, Заполле і інш.).

Людміла Нікіціна з вучнямі Суйкаўскай школы сумесна са сваімі аднадумцамі з Вымнянскага дзіцячага сада — сярэдняй школы Наталляй Вінаградавай і Вячаславам Марозавым сталі аўтарамі праекта да 70-годдзя Вялікай Перамогі «Музейны дыліжанс «Кола часу» («Цягнік Перамогі»).

На здымку: яны, а таксама іншыя выбітныя асобы Прыдзвінскага краю: волат Фёдар Махноў з жонкай Ефрасінняй, фалькларыст Мікалай Нікіфароўскі, мастак Ілля Рэпін, у ролі якіх ужыліся педагогі ўстаноў адукацыі, сталі часткай інтэрактыўнай экскурсіі; ажыўшыя карціны Іллі Рэпіна «Осенний букет» і «Белорус».
На здымку: яны, а таксама іншыя выбітныя асобы Прыдзвінскага краю: волат Фёдар Махноў з жонкай Ефрасінняй, фалькларыст Мікалай Нікіфароўскі, мастак Ілля Рэпін, у ролі якіх ужыліся педагогі ўстаноў адукацыі, сталі часткай інтэрактыўнай экскурсіі; ажыўшыя карціны Іллі Рэпіна «Осенний букет» і «Белорус».

Два школьныя аўтобусы былі аформлены ў своеасаблівы музей на колах, экскурсаводы якога — юныя краязнаўцы разам з настаўнікамі, распавядалі пра баявыя падзеі, герояў, партызан і звычайных жыхароў вёсак, якія змагаліся з нямецкімі акупантамі ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Экскурсіі ладзіліся інтэрактыўныя, з песнямі, музыкай, успамінамі ветэранаў вайны, выставай прадметаў ваеннага побыту і г.д., — расказала Вольга Разанава.

Яна падкрэсліла, што з мая па ліпень бягучага года перасовачны музей пабываў амаль ва ўсіх кутках раёна і ў г. Віцебск. У лютым «Музейны дыліжанс» прыняў удзел у рэспубліканскім конкурсе «100 ідэй для Беларусі» у Мінску, арганізаваным ГА «Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі», дзе адбылася творчая прэзентацыя праекта.

Не менш высокую адзнаку ў гэтым конкурсе атрымаў культурна-гістарычны праект «Інтэрактыўная выстава «Жывыя карціны «Здраўнёва». Вучні Бабініцкай сярэдняй школы разам з настаўнікамі ў творчай форме праз інсцэніраванне сюжэта падалі ўсю глыбіню зместу карцін Іллі Рэпіна, дапамаглі зразумець задуму, мастацка-эстэтычную і краязнаўчую каштоўнасць твораў знакамітага мастака. Сама прэзентацыя праекта і яго відэаматэрыялы дэманструюцца і сёння на вучэбных занятках і пры правядзенні выхаваўчых школьных і раённых мерапрыемстваў. Героі карцін Рэпіна ажылі на вачах і гасцей музейнага форуму.

Настаўнікам Вымнянскага дзіцячага сада — сярэдняй школы Таццяне і Вячаславу Марозавым належыць ідэя стварэння праекта «Цаною жыцця…» Вучні пад іх кіраўніцтвам працуюць па ўстанаўленні імёнаў загінуўшых на тэрыторыі сельсавета ў часы Вялікай Айчыннай вайны. Знойдзена больш за 4 тысячы прозвішчаў, зафіксаваных у базе дадзеных «Мемарыял». Дзякуючы праекту, людзі знаходзяць сваіх родных, загінуўшых падчас вайны на тэрыторыі раёна, і прыязджаюць на месцы іх пахавання з розных куткоў Беларусі і замежжа. У тым, што геаграфія пошуку сапраўды шырокая, удзельнікі семінара маглі ўпэўніцца па флажках на карце, размешчанай у школьным музеі.

Як вынік праектнай дзейнасці музеяў устаноў адукацыі і як працяг яе толькі ў мінулым годзе створаны дакументальныя фільмы «Вяртанне да вытокаў», «Шляхамі памяці», «Наша Заронава», а таксама выдадзена кніга «Адкрыты ўрок», у якіх прадстаўлены ўвесь краязнаўчы, культурна-гістарычны, адукацыйны матэрыял, назапашаны ў практыцы работы музеяў і ўстаноў адукацыі раёна па вывучэнні рэгіянальных асаблівасцяў, духоўнаму адраджэнню культуры і побыту беларусаў. У планах краязнаўцаў яшчэ шмат задумак і ідэй, якія могуць стаць асновай новых цікавых праектаў (стварэнне музея хлеба у Вымна, музея фатаграфіі ў Суражы, музея космасу ў Ноўцы і г.д. ), а значыць, новых заняткаў і мерапрыемстваў для дзяцей і моладзі Віцебскага раёна. Свае напрацоўкі ў гэтым накірунку вымнянцы прадэманстравалі пачэсным гасцям і атрымалі высокую адзнаку за праведзеную работу. Прыемна ўражаны былі ўдзельнікі семінара самадзейнай творчасцю выхаванцаў дзіцячага сада — школы, якія далі тэатралізаванае прадстаўленне народнага абраду «Багач».

Таццяна Дзіканава



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.