Бібліятэка Мазалаўскай школы Віцебскага раёна — сапраўдны храм ведаў

Актуально Культура

Ад школьнай парты і на ўсё дарослае жыццё суправаджае чалавека святло кнігі, такой дзіўнай і жыццёва неабходнай. Любоў да яе пачынаецца звычайна са школьнай бібліятэкі.

Фото из открытых источников
Фото из открытых источников

У Мазалаўскай школе ўвагу хлопчыкаў і дзяўчынак зазыўна прыцягвае кароткі і важкі выраз над уваходам «Бібліятэка — храм ведаў». Пераступаючы парог, навучэнцы трапляюць у незвычайную чароўную казку, дзе паўнаўладная гаспадыня — Вялікасць Кніга. А добрая казачніца — бібліятэкар Ірына Уладзіміраўна Федзякіна. Яна са шчырай усмешкай і раскажа, і пакажа, і зацікавіць сваіх дапытлівых наведвальнікаў неацэнным багаццем — кнігамі. На пярэднім плане самыя галоўныя і неабходныя даведнікі — трыццаць тамоў вялікай савецкай і дзесяць тамоў беларускай энцыклапедый. А далей — стэлажы, на якіх каля дваццаці тысяч вучэбных дапаможнікаў, мастацкай, метадычнай, даведніцкай літаратуры.

Уражвае дэкор памяшкання. Тут прасторна, утульна і светла. Мяккія крэслы, на падаконніках — жывыя кветкі, на падлозе — дываны. За сталамі можна пачытаць перыёдыку, пазнаёміцца з новымі кнігамі і часопісамі. Пасля кожнага перапынку дзеці гурбой запаўняюць бібліятэку.

Аформленыя выставы і стэнды пастаянна аднаўляюцца і папаўняюцца. Ахвотна ўдзельнічаюць школьнікі ў аб’яднанні па інтарэсах — лялечным тэатры «Лялька», якім кіруе бібліятэкар. Ірына Уладзіміраўна прыцягвае да ўдзелу ў пастаноўках дзяцей усіх узростаў, умела развівае здольнасці і эстэтычны густ навучэнцаў. З поспехам выступаюць юныя артысты са сваімі спектаклямі ў Доме культуры, яслях-садзе. Зараз рыхтуецца да паказу «Кошкін дом» Маршака.

Не так даўно бібліятэка ўдзельнічала ў абласным конкурсе «Бібліятэка ў сучаснай інфармацыйнай прасторы». Федзякіна стала пераможцай  у намінацыі «Праектна-вынаходніцкая дзейнасць» і ўзнагароджана дыпломам упраўлення адукацыі абласнога выканаўчага камітэта. Зараз Ірына Уладзіміраўна прымае актыўны ўдзел у абласным конкурсе на лепшую кніжную выставу па тэме «Духоўнасць. Мараль. Асоба».

Вялікую цікавасць у калектыву ўсёй школы выклікаў конкурс мастацкага чытання вершаў рускіх і беларускіх паэтаў аб порах года, падрыхтаваны бібліятэкарам разам з настаўнікамі. Першае месца ў ім заваявалі другакласніцы Варвара Навіцкая, шасцікласніцы Каця Зайцава і Яна Казінец, другое — пяцікласнік — Арцём Жураўскі. Гэтыя дзеці з’яўляюцца самымі актыўнымі чытачамі бібліятэкі і памочнікамі Ірыны Уладзіміраўны.

Каб крочыць у нагу з часам, Федзякіна надае пільную ўвагу сувязі кнігі з новымі інфармацыйнымі тэхналогіямі і сваю галоўную задачу бачыць у фарміраванні фізічна і маральна здаровай асобы, карыснай і патрэбнай людзям, праз цудадзейную моц кнігі.

Ала Дружкова



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.