Калекцыю народнага мужчынскага адзення стварыла метадыст-майстар Цэнтра рамёстваў Віцебскага раёна

Актуально Культура

У выставачнай зале Віцебскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці прайшла выстава зімовага народнага адзення Віцебшчыны. На ёй была прадстаўлена калекцыя народнага мужчынскага адзення віцебскага строю «Рэканструкцыя па карціне і арыгіналу». Касцюмы выкананы метадыстам-майстрам Цэнтра рамёстваў «Адраджэнне» Віцебскага раёна Надзеяй Гутнікавай.

На фотаздымку: Надзея Гутнікава
На фотаздымку: Надзея Гутнікава

Дадзеная выстава з’яўляецца трэцім этапам праекта «Сцяжкі майстэрства» і накіравана на замацаванне творчых здабыткаў папярэдніх этапаў з мэтай больш глыбокага раскрыцця адметнасцей зімовага адзення жыхароў Віцебшчыны ХІХ–30-х гадоў ХХ стагоддзяў. На працягу функцыянавання выставы ў абласным метадычным цэнтры народнай творчасці адбудзецца семінар па праблемах традыцыйнага касцюма з удзелам навукоўцаў, майстар-класы па вышыўцы верхняга адзення, вязанню панчох, шкарпэтак і г. д., а таксама фотасесія ў традыцыйных строях і зімовых уборах.

На выставе прадстаўлены манекены і лялькі ў зімовых народных строях рэгіянальнага характару, вырабы з лямцу, са скуры, тканыя, арнаментальнае вязанне і г. д.

На фотаздымку: калекцыя мужчынскіх строяў
На фотаздымку: калекцыя мужчынскіх строяў

Калекцыя «Рэканструкцыя па карціне і арыгіналу» ўключае мужчынскі касцюм, рэканструяваны па карціне Іллі Рэпіна «Беларус» і рэканструяваны армяк з фондаў Віцебскага абласнога краязнаўчага музея. Аўтарам і выканаўцам гэтых адметных работ выступіла член Беларускага саюза дызайнераў, член Творчага саюза мастакоў Расіі і Міжнароднай асацыяцыі мастакоў, удзельніца шматлікіх рэспубліканскіх і міжнародных конкурсаў і праектаў Надзея Гутнікава. Да манекенаў з народнымі строямі майстрыха дадала тлумачальныя тэксты па рэгіянальных адметнасцях дадзенай вопраткі, аформленыя ў партфоліа.

За рэканструкцыю зімовага строю ў адпаведнасці з мясцовай традыцыяй Наталля Гутнікава адзначана дыпломам ІІ ступені. Увогуле, традыцыйны касцюм з’яўляецца адным з галоўных кампанентаў, па якім вызначаецца адметнасць культурнай прасторы рэгіёна, бо ў ім увасабляюцца эстэтычны густ, этычныя погляды і рэлігійныя вераванні народа. Строі Падняпроўя, Прыдзвіння і Паазер’я Віцебшчыны ўтрымліваюць непаўторныя кампазіцыйныя рашэнні, каларыты і арнаментальныя матывы.

Андрэй Струнчанка,  
вядучы метадыст Віцебскага АМЦНТ



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.