«Міс Беларусачка» выбрана ў Кіраўскім яслях-садзе Віцебскага раёна

Конкурс Культура

Творчы конкурс прайшоў у дашкольнай установе адукацыі з мэтай папулярызацыі беларускіх традыцый і абрадаў сярод выхаванцаў і іх бацькоў.

На здымку: Аляксандра Баранава з дачкой Лізай
На здымку: Аляксандра Баранава з дачкой Лізай

Дзятва — выхаванкі старэйшай групы «Зорачкі» — разам з матулямі і татамі хвалявалася, але вядучыя Васіль і Васілінка хутка знялі напружанне і зарадзілі ўдзельнікаў конкурсу забіяцкім настроем.

У конкурснай праграме бацькі прадстаўлялі сваіх дачок — прэтэндэнтак на званне «Міс Беларусачка», вялі аповед пра сваю сям’ю, нацыянальныя касцюмы, стравы беларускай кухні. Было бачна, што дарослыя правялі вялікую падрыхтоўчую работу. Трэба было і скласці вершы, і сваімі ўласнымі рукамі касцюм не горш за знакамітага дызайнера пашыць, і стравы нацыянальнай кухні нагатаваць. Не засталіся без увагі кулінарныя шэдэўры Аляксандры Баранавай. У чатыры рукі яна з дачушкай Лізай нарабіла смачных клёцак. Іх, дарэчы, прызналася маці дашкольніцы, у сям’і вельмі любяць, таму яны часта ў меню Баранавых. Зрабіла Аляксандра для сваёй маленькай прыгажуні льняную сукенку, якую самастойна распісала. Нацыянальны арнамент маці з дзяўчынкай наносілі разам.

У яслях-садзе адзначылі, што перамогі заслугоўваюць усе ўдзельніцы, аднак мерапрыемства было заяўлена як конкурс, таму і пераможца павінен быць. Званне «Міс Беларусачка» прысуджана Лізе Баранавай, «Віцэ-міс Беларусачка» атрымала кожная з удзельніц.

— Такія мерапрыемствы знаёмяць дзетак з беларускай мовай і культурай. Прычым, адбываецца ўсё ненавязліва. Пакрыху, у форме гульні, гэта робіцца і на занятках, таму з радасцю ўспрымаецца малымі. Дзяўчынкі з цікавасцю прынялі ўдзел у конкурсе, які, акрамя ўсяго, паспрыяў раскрыццю творчых магчымасцяў дзяцей, сфарміраваў цікавасць да народнай творчасці, у гульнёвай форме далучыў іх да нацыянальнай культуры, — выказала свае меркаванні наконт мерапрыемства Аляксандра Баранава.

На здымку: удзельніцы конкурсу
На здымку: удзельніцы конкурсу

Яна падкрэсліла, што выкарыстанне ў працы з дашкольнікамі твораў народнай творчасці аказвае асаблівы ўплыў на выхаванне патрыятычных пачуццяў, нацыянальнай самасвядомасці.

Таццяна Дзіканава



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.