У Віцебскім раёне пасведчанні аб нараджэнні дзіцяці ўручаюць бацькам у радзільным доме

Актуально Семья

Аддзел загс Віцебскага райвыканкама ў юбілейны год падрыхтаваў шмат сюрпрызаў. Адзін з іх — для наваспечаных мам і іх немаўлят. Адразу некалькім сем’ям непасрэдна пры выпісцы з радзільнага дома ва ўрачыстай абстаноўцы былі ўручаны пасведчанні аб нараджэнні дзіцяці. Самы першы і самы галоўны ў жыцці дакумент атрымалі малыя з аграгарадкоў Ноўка і Тулава.

На здымку: Ірына Блонская віншуе наваспечаных бацькоў
На здымку: Ірына Блонская віншуе наваспечаных бацькоў

Пяшчота і радасць перапаўняюць зараз сэрцы Алены Чэкан і Ігара Краўцова з аг. Тулава, бо зусім нядаўна яны сталі бацькамі. Імя першынцу выбралі даўно, вырашылі не прытрымлівацца моды, а назваць сына прыгожа, па-славянску, Уладзімірам. Хлопчык вагой 3390 г і ростам 51 см з’явіўся на свет 12 красавіка ў радзільным доме №3. Ужо праз пяць дзён нованароджанага з мамай сустракалі муж і бацька, а таксама шматлікія сваякі. Падзяліла радасць ад папаўнення ў сям’і і выканала адказную місію — ўручыла пасведчанне аб нараджэнні — кіраўнік спраў Тулаўскага сельвыканкама Ірына Блонская.

— Гэтая падзея будзе галоўнай не толькі ў гісторыі вашай сям’і, але і ў летапісе аддзела загса райвыканкама і ў справах Тулаўскага сельскага выканаўчага камітэта, таму што ўпершыню маленькі грамадзянін, хоць і знаходзіцца зараз на руках ў бацькі, але атрымлівае свой першы дакумент асабіста, — звярнулася да бацькоў немаўляці Ірына Уладзіміраўна. — Любіце сына, песціце, выхоўвайце ў славу Радзіме, на дабро людзям і сабе на радасць.

Дарэчы, за чатыры месяца бягучага года ў Тулаўскім сельсавеце зарэгістравана ўжо 10 дзяцей. Хочацца спадзявацца, што радасныя гуканні немаўлят зазвіняць яшчэ не ў адным доме, а мінулагодняя лічба сем’яў, дзе адбылося папаўненне, узрасце ўдвая.

Сям’я Чарнагузавых з аг. Ноўка ў гэтым красавіку таксама папоўнілася на аднаго чалавека. Маленькая Уладзіслава стала сапраўдным падарункам для сваёй старэйшай сястрычкі. Павіншавалі з нараджэннем дзіцяці бацькоў Яўгенія і Вольгу, а таксама ўручылі пасведчанне аб нараджэнні адразу пры выпісцы з радзільнага дома старшыня Ноўкінскага сельвыканкама Андрэй Лебедзеў і кіраўнік спраў Ірына Лініч.

На здымку: Андрэй Лебедзеў і Ірына Лініч з сям’ёй Чарнагузавых
На здымку: Андрэй Лебедзеў і Ірына Лініч з сям’ёй Чарнагузавых

Як адзначыла начальнік аддзела загс райвыканкама Алена Клокава, практыка такіх урачыстых уручэнняў у юбілейны для органаў загса год будзе працягнута. Для бацькоў гэта магчымасць як мага скараціць працэдуру рэгістрацыі, для супрацоўнікаў аддзела — яшчэ адна нагода зрабіць важную для кожнай сям’і падзею святочнай і запамінальнай.

Алена Чаплева
Фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.