Справаздачны канцэрт адбыўся ў Ноўкінскай ДзШМ Віцебскага раёна

Актуально Культура

Гукі музыкі і роднай мовы на гадзiну аб’ядналі навучэнцаў Ноўкінскай дзіцячай школы мастацтваў, іх бацькоў і ўсіх прысутных у канцэртнай зале Віцебскага раённага дома культуры.

На здымку: Эля Семянкова, Насця Філіповіч і Даша Хоцькіна падчас выступлення
На здымку: Эля Семянкова, Насця Філіповіч і Даша Хоцькіна падчас выступлення

На вялікай сцэне адбылася важная для дзяцей падзея — справаздачны канцэрт па вынiках навучальнага года. Не менш хвалюючым дадзенае мерапрыемства стала для яго арганізатара, непасрэднага кіраўніка і галоўнага натхняльніка — выкладчыцы па класе фартэпiяна Святланы Шчарбаковай.

— Тое, што імпрэза праводзілася ў галоўным культурным будынку населенага пункта, дапамагло нашым вучням адчуць сябе сапраўднымi артыстамi, навучыцца пераадольваць сваё хваляванне перад выступленнем. А, дзякуючы дапамозе дырэктара Дома культуры Алесі Кiсялёвай, у нас атрымалася зрабіць свята яшчэ больш яркiм і запамiнальным, — адзначыла яна.

У час правядзення адказнага відовішча вядучыя пазнаёмілі аўдыторыю з сапраўдным сузор’ем талентаў, ад самых маленькiх (Эля Семянкова, Дана Баброўская, Насця Фiлiповiч) да старэйшых (Георгiй Берулава, Сафiя Цiханава, Вiкторыя Туравец), у выкананні якіх прагучалі класiка, джаз, рок, музычныя п’есы i спевы.

Чароўны свет музыкi i роднай мовы стварылі для гасцей сёлетнія выпускнiкі Юлiя Васiлькова, Валерыя Дудкiна i Юлiя Зайцава. Дырэктар Ноўкiнскай дзіцячай школы мастацтваў Вiктар Макарэвiч павіншаваў дзяўчат з паспяховым заканчэннем і ў святочнай атмасферы ўручыў пасведчанні аб заканчэнні ўстановы дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі.

Трэба заўважыць, што канцэрт быў не зусім звычайным. Удзел у музычным выступленні разам са сваімі маленькімі зорачкамі ўзялі іх бацькі. Некалькі год назад Iрына Яскевiч была вучаніцай Святланы Міхайлаўны, а ўжо сёння прывяла да цудоўнай выкладчыцы з 30-гадовым стажам сваіх двух дзяцей, побач з якімі ў гэты раз выступала на сцэне. Сёння Ірына працуе эканамістам, але святая да музыкi любоў засталася ў яе на ўсё жыццё.

— Ідэю сумеснага канцэрта малых і дарослых актыўна падтрымалі цэлыя сем’і. Сцэнарый справаздачнага мерапрыемства цалкам распрацавала бабуля маёй вучаніцы Надзея Яскевіч. Вельмi хочацца, каб такiя ўрачыстасці сталі традыцыяй. У новым навучальным годзе мы плануем працягнуць гэты новы для нас вопыт і стварыць нават музыкальны спектакль, у якім дзеючымі асобамі стануць персанажы беларускага эпасу, — расказала Святлана Шчарбакова.

Алена Бадзяла



2 комментария по теме “Справаздачны канцэрт адбыўся ў Ноўкінскай ДзШМ Віцебскага раёна

  1. гукі музыкі і Поднай мовы??? Подная мова — нейкае новае слова? А філолагаў вы ўжо папярэдзілі?

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.