Спрадвеку хлеб у беларусаў быў у пашане і з’яўляўся паказчыкам заможнасці, дабрабыту і дастатку. І па гэты дзень традыцыя  сустракаць паважаных гасцей хлебам-соллю захоўваецца ў нашай краіне не толькі як частка ўрачыстага этыкету, але і свяшчэннай цырымоніі, якая сімвалізуе хлебасольства гаспадароў.

На здымку: дарагіх гасцей у дзіцячым садзе — сярэдняй школе заўсёды сустракаюць хлебам-соллю

У Віцебскім раёне ёсць матэрыяльныя і духоўныя багацці, сярод якіх вяршэнствуе хлеб. Педагогі і вучні Вымнянскага дзіцячага сада — сярэдняй школы збіраюць экспанаты, якія дапамогуць будучым пакаленням зразумець сапраўдную каштоўнасць хлеба.

Пачуццё павагі да хлеба, беражлівае да яго стаўленне, можна нават сказаць трапяткое, — частка культуры беларусаў. Ва ўсе часы ў пашане той, хто вырошчвае хлеб, пячэ яго. Гэта не аднойчы чулі ад сваіх бабуль і дзядуль вымнянскія школьнікі, бачылі ўвачавідкі, якое стаўленне да хлебаробаў. Сёння гэты стратэгічны для краіны прадукт гаспадыні набываюць у крамах, а былі часы, калі духмяны бохан выпякалі па асабістым, сямейным рэцэпце. У нашы дні да іх амаль не звяртаюцца. Аднак гэта не пра вымнянскіх шкаляроў, якія падчас краязнаўчых экспедыцый занатавалі столькі аўтэнтычных рэцэптаў, што хоць зборнік выдавай. Сярод экспанатаў не толькі яны, але і прылады для прыгатавання хлеба. Гістарычны аповед пра яго хлопцы і дзяўчаты заўсёды пачынаюць з зярнятка, працы руплівых гаспадароў хлебных палеткаў, жней…

Аліна Клянская кажа, што маленькае слова «хлеб» мае глыбокі сэнс. Яго яна асацыіруе з Радзімай, народам.

— Хлеб, здабыты нялёгкай сялянскай працай, спрадвеку лічыўся галоўным багаццем краіны, — ведае дзяўчына.

Яна падкрэслівае, што без мінулага няма будучыні, таму неабходна памятаць пра тое, як людзі працавалі раней, якія маральныя каштоўнасці былі для іх першапачатковымі.

Дырэктар установы адукацыі Таццяна Цітова адзначае, што ідэя стварэння музея — гэта даніна павагі тым, дзякуючы каму кожны дзень на прылаўках крамаў з’яўляюцца свежаспечаныя боханы, тым, хто перадаў нам у спадчыну багаты культурны здабытак. У аграгарадку спадзяюцца, што ў хуткім часе ў Вымне ветрык надзьме шчокі і прымусіць рабіць павольныя рухі млын. Пакуль што папяровы…

Таццяна Дзіканава
Фота аўтара