Старажытны горад доўга рыхтаваўся да Дня беларускага пісьменства. Абноўленыя аб’екты, плошчы і вуліцы чакаюць шматлікіх гасцей. У праграме свята мноства мерапрыемстваў запланавана на 1-3 верасня.

Урачыстае шэсце, прысвечанае 1155-годдзю горада Полацка, 500-годдзю беларускага кнігадрукавання і  Дню беларускага пісьменства, пачнецца ў 11 гадзін 2 верасня.

У Музеі беларускага кнігадрукавання пройдзе круглы стол беларускіх і замежных літаратараў «Дыпламатыя слова: Францыск Скарына ў сусветнай гуманітарнай прасторы». Тут жа адбудзецца прэзентацыя кнігі першадрукара «Малая падарожная кніжка» з кнігазбору ААТ «Белгазпрамбанк».

Ля Сафійскага сабора  збярэ гасцей урачыстае адкрыццё памятнага знака «Полацк — калыска беларускай дзяржаўнасці».

Шматлікія мерапрыемствы разгорнуцца на плошчах Ф. Скарыны і Свабоды.

Зацікаўленых збярэ фестываль кнігі і прэсы, у межах якога адкрыюцца павільёны «Кнігі і прэса Рэспублікі Беларусь», «Слова пісьменніка», «Друкарскі двор XVI стагоддзя», «СМІ Віцебшчыны» і інш. Увазе гасцей будзе прадстаўлены шэраг праектаў: «Майстры Прыдзвінскага краю», «Віцебскія панадворкі», «Вулічныя музыкі». Адбудуцца свята-фэсты сярэдневяковай культуры, нацыянальнай кухні і беларускай прадукцыі.

У парках і скверах ладзяцца выставы, гасцей запросяць музычныя праграмы, канцэрты.

На 3 верасня запланаваны ўручэнне Нацыянальнай літаратурнай прэміі, урачыстая цырымонія перадачы эстафеты Дня беларускага пісьменства гораду Іванава Брэсцкай вобласці.

На гэтыя дні да Полацка будзе прыкавана ўвага тысяч людзей з усяго свету.

Ніна Сталярэнка