Прыгарадны населены пункт Альгова Віцебскага раёна адзначыў свята вёскі

Праздник

У жніўні завітала свята да жыхароў Альгова. Дзень аграгарадка — яркі, маляўнічы і запамінальны, адзначалі да самага вечара.

На здымку: інфармацыйны стэнд прэзентуе Алена Сергіенка
На здымку: інфармацыйны стэнд прэзентуе Алена Сергіенка

Кожны вялікі і маленькі населены пункт мае сваю гісторыю. У далёкія часіны пачало пісаць сваю Альгова. Пазнаёміла гасцей свята са старажытнымі звесткамі пра аграгарадок загадчыца Альгоўскай бібліятэкі Алена Сергіенка. Яна паднесла мінулае не зусім звычайна: аформіла інфармацыйны стэнд у выглядзе беларускага алфавіта, дзе кожная літара пачынае паведамленне пра нейкае знакавае месца ці падзею, звязаныя з населеным пунктам.

На здымку: Надзея Якімовіч
На здымку: Надзея Якімовіч

З лаканічнай, але вельмі змястоўнай выставы ўсе прысутныя маглі даведацца, напрыклад, што ўпершыню аграгарадок упамінаўся ў летапісу XV стагоддзя, як каралеўскія ўладанні. Пазней, у 1558 годзе, — як маёмасць Яна Кіселя ў Віцебскім ваяводстве Вялікага княства Літоўскага. А ў XІX ст. Альгова знаходзілася ў складзе памесця Лянковічаў. Як многія маглі здагадацца, назву населенага пункта звязваюць з імем кіеўскай княжны Вольгі. Пра яе адпачынак на Віцебшчыне і заснаванне гарадоў і вёсак ходзіць шмат легенд і паданняў.

Адкрыць урачыстае мерапрыемства запрасілі шаноўнага ў аграгарадку чалавека — былога старшыню сельскага Савета Надзею Ільінічну Якімовіч. Яна шмат гадоў дапамагала словам і справай усім, хто звяртаўся ў мясцовы орган улады. Даючы старт святу, Надзея Ільінічна зазначыла, што ў Альгова багатая гісторыя і выказала надзею на тое, што родны куточак не згасне, а будзе развівацца, добраўпарадкоўвацца і далей квітнець. Яна пажадала ўсім прысутным доўгіх год жыцця, поспехаў, здароўя і пазітыўнага настрою.

У гэты дзень на пляцоўцы гучала шмат прыемных слоў у адрас доўгажыхароў і самых маленькіх вяскоўцаў. Апладысментамі і памятнымі сувенірамі віталі вяскоўцы гаспадароў, прысядзібныя ўчасткі якіх атрымалі ганаровае званне лепшых.

На здымку: узорны харэаграфічны калектыў «ОльКира»
На здымку: узорны харэаграфічны калектыў «ОльКира»

Дзякуючы намаганням дырэктара Дома культуры Галіны Хачапурыдзе і мастацкага кіраўніка Юліі Ракала, свята населенага пункта праходзіла весела і цікава. Насычаная канцэртная праграма не пакінула нікога абыякавым. Разам з артыстамі гледачы спявалі і танчылі. Акрамя таго, ва ўсіх прысутных на мерапрыемстве была мажлівасць пакаштаваць салодкую вату, дзеці з задавальненнем гушкаліся на надзіманых горках і скакалі верхам на кані.

Адным словам, свята ў аграгарадку прайшло ў цёплай, добрасуседскай атмасферы. І толькі, калі сонца пачало заходзіць, аднавяскоўцы з добрым настроем разышліся па хатах, несучы з сабой толькі прыемныя ўражанні.

Алена Бадзяла
Фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.