Дырэктар Янавіцкай сярэдняй школы Віцебскага раёна Ірына Ізобава будуе свой храм

Глубинка Наши люди Образование

 Якім ён будзе — пакажа час. Галоўнае, лічыць педагог, каб чэсна можна было прызнацца: «Я зрабіла ўсё, што магла…»

Изобова И.М.Ірына Ізобава скончыла Гомельскае музычна-педагагічнае вучылішча, пасля — Мінскі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт. З 1989 года яе лёс звязаны з Янавіцкай сярэдняй школай, у якой яна пачынала сваё прафесійнае станаўленне настаўнікам беларускай мовы і літаратуры. У гэтай жа ўстанове адукацыі больш за 10 год яна працавала намеснікам дырэктара па выхаваўчай рабоце. Апошніх шэсць — узначальвае сярэднюю школу.

— Выбар зроблены. Ён свядомы. Мой крыж — будаваць храм радасці пазнання, любові, даверу і шчасця, несці адказнасць за тандэм дзяцей і педагогаў Янавіцкай сярэдняй школы, — кажа Ірына Ізобава.

Кожны дзень яна скрупулёзна і дасканала вырашае розныя праблемы, не дзелячы іх на важныя і не вельмі.

— І абавязкова раблю з гэтага пэўныя вывады, не адпілоўваючы свой крыж, як сказана ў адной прытчы, — падкрэсліла педагог.— Раскажаце яе? — пацікавіліся.— Чаму не, — адказала Ірына Міхайлаўна і пачала аповед. —  Па жыццёвай дарозе ішлі два чалавекі, несучы кожны свой крыж. Знясільваючай была тая дарога. Першы цярпліва трываў, а другі, каб лягчэй было ісці, адпілаваў частку даўжэйшага крыжовага канца — і ісці адразу стала лягчэй. Падышлі яны да прорвы. Першы паклаў цераз яе свой крыж і прайшоў па ім, як па кладцы. Тое ж самае зрабіў і другі, ступіў на свой крыж і… Не хапіла якраз таго, адпілаванага раней кавалка…

Ірына Ізобава спадзяецца, што яе крыжа хопіць, каб перакінуць яго праз «прорву» праблем сённяшняга адукацыйнага асяроддзя. Выкарыстоўваючы ўжо напрацаваныя тэарэтычныя і практычныя дасягненні кіраўніцкага менеджменту, яна імкнецца весці свой калектыў да лепшых паказчыкаў. Але толькі не любой цаной.

— Дэспатызм… Пакаранне… Страх… Прабачце, толькі не гэта. Паказчыкі, дасягнутыя такім шляхам, часовыя, не маюць будучыні. Галоўнае, каб усім удзельнікам працэсу хацелася ісці ў школу з радасцю. Здаецца, проста, а на самой справе — вельмі складана і важна, — разважае Ірына Міхайлаўна, упэўненая ў тым, што толькі пазітыўнае ўспрыманне рэчаіснасці — аснова кіраўніцкага поспеху і руху наперад асабнага чалавека і калектыву ў цэлым. — Настаўнік — унікальны творца. Цвёрда ўпэўнена: хочацца тварыць там, дзе цэняць і паважаюць, дзе хочацца жыць прафесійна. Толькі сітуацыя поспеху дае такую магчымасць. Мая задача як кіраўніка — стварыць гэтую неабходнасць для творчай рэалізацыі кожнага педагога і вучня. Кіраваць — значыць, прыводзіць да поспеху іншых.

Такая рэалізацыя педагога, па меркаванні Ірыны Ізобавай, стварае для кожнага навучэнца адукацыйны камфорт і дапамагае бацькам вырасціць чалавека: сына, дачку, грамадзяніна. Дарэчы, Ірына Міхайлаўна шмат увагі надае ўзаемадзеянню з законнымі прадстаўнікамі вучняў, як на ўзроўні каардынацыі бацькоўскага камітэта, так і асабістых зносін. На асаблівым яе кантролі знаходзяцца пытанні па папярэджанні сацыянальнага сіроцтва. Ізобава асабіста ўзначальвае рэйды па сем’ях, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы.

Ірына Міхайлаўна ведае, што школьны храм пачынаецца з першай прыступкі, з першага позірку, з першага прывітання, і галоўнае, каб усё першае было прыгожым. Таму вялікую ўвагу Ізобава надае эстэтычнаму і матэрыяльнаму абсталяванню вучэбных кабінетаў. Неаднойчы асобныя з іх прызнаваліся лепшымі ў раённым аглядзе-конкурсе. Праводзіцца сістэмная работа па добраўпарадкаванні тэрыторыі ўстановы адукацыі і набыцці сучасных стэндаў, па стварэнні малых архітэктурных формаў і збудаванняў з металічнага дроту.

Пад кіраўніцтвам Ірыны Міхайлаўны ва ўстанове адукацыі праводзіцца краязнаўчая работа. Сёлета на базе сярэдняй школы адчыніў свае дзверы эколага-краязнаўчы даследчы цэнтр «Янавічане».

— Без падтрымкі немагчыма ўзняцца па лесвіцы школьнага жыцця. Кожны педагог — скарбонка ведаў і таленту. Мы — артысты, мы — турысты, мы — вучоныя, мы — паэты. Вучні нашы непасрэдныя, яркія, непаўторныя. Бацькі — улюбёныя ў сваіх дзяцей, — кажа Ірына Ізобава.

Яна лічыць, што заслужыць іх давер — вялікі поспех для кіраўніка.

— Я імкнуся яго апраўдаць і шчыра радуюся, калі людзі спадзяюцца на мяне. У трох чалавек, што неслі каменне, спыталі, што яны робяць. Першы адказаў: «Нясу гэты пракляты камень». Другі адказаў: «Зарабляю на хлеб». Трэці: «Будую храм!» Мне вельмі хочацца пабудаваць свой храм, — жаданне прафесіянала сваёй справы, мудрай жанчыны і проста добрага чалавека — Ірыны Міхайлаўны Ізобавай.

Таццяна Дзіканава



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.