Напярэдадні свята Нараджэння Хрыстова біскуп Віцебскі Алег Буткевіч правёў прэс-канферэнцыю

В центре внимания

Падчас мерапрыемства ён расказаў пра значныя для Віцебскай дыяцэзіі падзеі 2017 года, падзяліўся планамі на год наступаючы, адказаў на пытанні прадстаўнікоў сродкаў масавай інфармацыі.

На здымку: Алег Буткевіч
На здымку: Алег Буткевіч

Шматлікімі візітацыямі запомніўся бягучы год, біскуп наведаў большасць парафій дыяцэзіі. Як адзначыў іерарх, яму было прыемна сустрэцца з вернікамі, пазнаёміцца з жыццём каталіцкай супольнасці, пагутарыць са свяшчэннаслужыцелямі, убачыць добрыя прыклады ўзаемадзеяння Касцёла з дзяржаўнымі ўстановамі, грамадскімі арганізацыямі.

Важнейшай падзеяй адыходзячага года Алег Буткевіч назваў 500-годдзе беларускага кнігадрукавання, перакладу Бібліі на беларускую мову нашым земляком Францыскам Скарынам. Своеасаблівай данінай павагі гэтай даце стане тэлевізійная трансляцыя святочнага богаслужэння з касцёла Святога Андрэя Баболі, што знаходзіцца ў Полацку.

Біскуп Віцебскі расказаў пра аднаўленне касцёла Святога Антонія ў абласным цэнтры, які павінен стаць не толькі сакральным будынкам каталіцкай канфесіі, але і архітэктурнай славутасцю горада на Дзвіне. Ён таксама падзяліўся навіной пра будаўніцтва новага касцёла ў мікрараёне Білева і ў г. Паставы.

Галоўнай падзеяй 2018 года іерарх назваў візіт каталіцкіх біскупаў у Апостальскую сталіцу, дзе адбудзецца сустрэча з Папам Рымскім. Гэта своеасаблівая справаздача аб дзейнасці каталіцкага Касцёла ў Беларусі, лічыць біскуп. Папярэдняя сустрэча з пантыфікам адбылася ў 2009 годзе. На пытанне, што пры магчымасці скажаце Папу, Алег Буткевіч адказаў: «Перадам запрашэнне вернікаў наведаць Беларусь. Таксама падзялюся радасцю, што Касцёл у нас жыве і развіваецца, раскажу пра Віцебскую дыяцэзію».

Падчас прэс-канферэнцыі біскуп Віцебскі адзначыў, што падрыхтоўка да аднаго з галоўных святаў каталіцкага свету пачалася задоўга. У межах Дзён хрысціянскай культуры ладзіцца шмат мерапрыемстваў, прысвечаных Нараджэнню Божаму, гэта конкурсы батлейкі, каляднай песні, выстава дзіцячай творчасці ў Мастацкім музеі Віцебска. Знакавая прыкмета свята — дабрачынныя акцыі, дзякуючы якім асаблівым клопатам акружаны дзеці-сіроты, адзінокія старыя людзі, інваліды, шматдзетныя сем’і.

Было зададзена пытанне наконт таго, што аб’ядноўвае святы Нараджэння Хрыстова ў каталікоў і праваслаўных. Кіраўнік Віцебскай дыяцэзіі паказаў на ўпрыгожаную ёлку, назваў у гэтым радзе абмен падарункамі, добрымі пажаданнямі, але галоўнае, на яго думку, тое, што ў душы пасяляецца радасць. «Няхай яна, а таксама моцная вера і трывалая надзея, ніколі не пакідаюць людскія сэрцы», — пажадаў біскуп Алег Буткевіч.

Ніна Сталярэнка  



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.