Шырокі маштаб як у краіне, так і ў Віцебскім раёне набыла падрыхтоўка да 50-годдзя камсамола. У калгасах, саўгасах, на прад-прыемствах было разгорнута сацыялістычнае спаборніцтва сярод моладзі. «Табе, камсамол!» — пад такім лозунгам рыхтавалі да юбілею свае працоўныя падарункі юнакі і дзяўчаты. У раённай газеце «Ленінская праўда» была заведзена рубрыка «Насустрач 50-годдзю Ленінскага камсамола». Пагартаем старонкі выдання за кастрычнік 1968 года, каб адчуць подых таго часу.

«Раённая камсамольская арганізацыя налічвае ў сваіх радах больш за 4400 юнакоў і дзяўчат. Немалая заслуга сельскай моладзі ў тым, што раён дабіўся добрых паказчыкаў у вытворчасці збожжа, малака, мяса. Дастойны ўклад у дясягненне поспехаў унеслі камсамольцы саўгаса «Рудакова», калгаса імя Кірава і іншых гаспадарак. Жывёлаводы камсамольска-маладзёжнай фермы калгаса імя Кірава носяць ганаровае званне калектыву камуністычнай працы, сярэдні надой малака на карову тут склаў 2659 кілаграмаў. Па-ударнаму працуюць  маладыя рабочыя прамысловых прадпрыемстваў — камбіната вапнавых матэрыялаў, біяфабрыкі, ПМК-1. Дзевяць чалавек удастоены звання ўдар-ніка  камуністычнай працы».

***
«У раённым Палацы культуры адбыўся ўрачысты пленум райкома ЛКСМБ, на які сабраліся не толькі юнакі і дзяўчаты, але і тыя ў каго на скронях сівізна, але сэрца камсамольскае. Тут можна было ўбачыць першага кіраўніка камсамольскай ячэйкі Старога Сяла 20-х гадоў Мартына Сімакова, камсамольца 30-х гадоў, былога камісара 1-й Віцебскай партызанскай брыгады Уладзіміра Хабарава, былога сакратара Суражскага падпольнага райкома камсамола  Пятра Пятроўскага і многіх іншых, якія ў камсамоле атрымалі першую загартоўку».

***
«Жаданне стварыць будучае сваімі рукамі — вось што характэрна для юнакоў і дзяўчат калгаса «Беларусь». Нямала для паляпшэння быту, задавальнення культурных запатрабаванняў ужо робіцца ў арцелі. Будуюцца жылыя дамы для калгаснікаў, узво-дзіцца двухпавярховы клуб з пакоямі для бібліятэкі і гурткоў мастацкай самадзейнасці. Ды і самі людзі калгаса настолькі добра забяспечаны матэрыяльна, што іх быт, аблічча вёсак мяняецца на вачах. У тых жа Шабунях за апошнія гады ўзведзена больш 20 новых дамоў, і жыхары  маюць тут найноўшую мэблю, бытавыя электрапрыборы, радыё і тэлевізары».

***
«Камсамольская арганізацыя саўгаса «Рудакова» налічвае 72 чалавекі. Сёлета, у юбі-лейным годзе, калектыў гаспадаркі значна павялічыў вытворчасць і рэалізацыю прадуктаў сельскай гаспадаркі. І важкі ўклад у гэта ўнеслі маладыя працаўнікі. Узяць, да прыкладу, птушкаводаў. Пры гадавым плане 900 тысяч яек яны ўжо атрымалі і рэалізавалі 1135 тысяч. Саўгас перавыканаў на 30 з лішнім тон гадавы заказ на пастаўку мяса дзяржаве, набліжаецца да завяршэння гадавога задання па рэалізацыі малака. Таксама саўгас прадаў дзяржаве два планы хлеба. І было з чаго — атрымана па 17,3 цэнтнера  збожжа ў сярэднім з гектара».

***
«Саўгас імя Шмырова ўпэўнена выходзіць на шырокую дарогу эканамічнага ўзлёту. Вялікая заслуга ў гэтым юнакоў і дзяўчат. Так, Пётр Яцко — слесару саўгаснай майстэрні. Мікалай Карнілаў на трактары «Беларусь» у счэпе з бульбакапалкай удзельнічаў ва ўборцы другога хлеба. Нядаўна абодва хлопцы  за старанную працу ў якасці прэміі ад дырэкцыі атрымалі транзістарныя радыёпрыёмнікі. Не ў крыўдзе засталіся і камсамольцы Віктар Каліна і Уладзімір Андрэеў. Ім уручылі бясплатныя пуцёўкі для паездкі па Савецкаму Саюзу. Яны пабываюць у Мінску, Вільнюсе, Рызе, Ленінградзе і Маскве».

Старонкі гартала Ніна Сталярэнка