З добрымі навінамі і, вядома, пазітыўным настроем сустракаюць прафесійнае свята супрацоўнікі Віцебскай раённай цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы. Яны — у ліку пераможцаў XXVI рэспубліканскага конкурсу «Бібліятэка — асяродак нацыянальнай культуры».

На здымку: Ірына Бурава і Валянціна Парусава

Створанае калектыўнымі намаганнямі і прадстаўленае на творчае спаборніцтва мультымедыйнае падарожжа па родным краі «Турыстычнымі маршрутамі Прыдзвіння», высока ацэнена на рэспубліканскім узроўні. Па выніках конкурсу раённая бібліятэка ўзнагароджана дыпломам другой ступені ў намінацыі «За навацыі ў галіне бібліятэчнай справы» і грашовай прэміяй у памеры 40 базавых велічынь.

— На працягу апошніх пяці гадоў бібліятэкі сістэмы становяцца пераможцамі абласных і рэспубліканскіх конкурсаў. Гэта сведчыць аб тым, што ў калектыве няма людзей выпадковых. У раённай бібліятэчнай сферы працуюць таленавітыя, крэатыўныя і адказныя кадры, — характарызуе падначаленых дырэктар РЦБС Галіна Нісневіч. — Вялікая заслуга ў тым, што праект турыстычных маршрутаў атрымаў перамогу, загадчыка аддзела бібліятэчнага маркетынгу Валянціны Парусавай і метадыста першай катэгорыі Ірыны Буравай. Яны сістэматызавалі і сумясцілі ў адзінае цэлае ўсе знойдзеныя матэрыялы, надалі адпаведную форму і ўдасканалілі знешні выгляд творчага інавацыйнага праекта.

Ірына Бурава расказала, што за перамогай у конкурсе стаіць працяглая, старанная і руплівая праца вялікай творчай каманды. На працягу года супрацоўнікі бібліятэк сістэмы збіралі патрэбны матэрыял, удакладнялі ўжо вядомыя звесткі, бо краязнаўства, па словах метадыста, — не месца для здагадак і недакладных фактаў. Гадзінамі пра неверагодны ў сваёй прыгажосці і велічы Прыдзвінскі край можа гаварыць Ірына, пад яе мілагучны голас з конкурснай відэастужкі нібы сыходзяць і ажываюць яркія малюнкі мінулага.

Здзейсніць віртуальнае падарожжа па адметных мясцінах вёсак Доўжа і Курына, завітаць у маёнтак Мілае, што ў аграгарадку Мазалава, палюбавацца найпрыгажэйшым вымнянскім возерам, а таксама даведацца пра знакамітых людзей, якія шмат гадоў таму жылі і працавалі ў гэтых населеных пунктах, можа кожны жадаючы. Конкурсная мультымедыйная прэзентацыя «Турыстычнымі маршрутамі Прыдзвіння» размешчана на афіцыйным сайце Віцебскай раённай цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы www.bibliovitebsk.by.

— Увогуле бібліятэкары — людзі дзіўнай прафесіі, блізкія да цудоўнага, разнастайнага, прыцягальнага і заўсёды натхняльнага кніжнага свету. Яны нараўне з настаўнікамі з’яўляюцца галоўнымідзіцячымі «праваднікамі» ў месца, дзе пануе прыгожае слова і фантазія, — падзялілася думкамі Валянціна Аляксандраўна. — У нашых сельскіх бібліятэках працуюць выключна прафесіяналы. Яны заўсёды выслухаюць, кожнаму падбяруць кнігу не толькі па інтарэсах, але і душэўнаму стану, а самых маленькіх чытачоў навучаць не згубіцца сярод кніжнай разнастайнасці.

Быць сучаснымі, цікавымі — такія патрабаванні прад’яўляе час да бібліятэкараў. Праяўляць сябе ў якасці творчых асоб яны маюць магчымасць штогод. Сёлета былі аб’яўлены адразу два раённых конкурсы. Павысіць прэстыж сельскай бібліятэкі і яе паслуг мела на мэце творчае спаборніцтва «Мая бібліятэка — лепшая». Мультымедыйныя праекты, прэзентацыі прадставілі ўсе бібліятэкі раёна. Створаныя работы адлюстроўваюць традыцыйныя і інавацыйныя формы, якімі карыстаюцца бібліятэкары ў працы сёння, акрамя таго, распрацаваныя прэзентацыіспрыяюць прывабнасці кожнай канкрэтнай установы.

Арыгінальную, самабытную сувенірную прадукцыю, якая будзе садзейнічаць фарміраванню турыстычнага іміджу рэгіёна, у рамках творчага конкурсу «Арт-фішка» ў гэтым годзе таксама прадставяць усе бібліятэкі сістэмы. Імёны пераможцаў стануць вядомы ў сярэдзіне кастрычніка.

— Поспех нашай работы залежыць ад жадання і ўмення думаць сучасна, бачыць перспектыву развіцця, усведамляць змены ў грамадстве, знаходзіць рэальныя шляхі для ўласных пераўтварэнняў, — падкрэсліла дырэктар сістэмы Галіна Нісневіч.

Факт.  Сёння бібліятэчным абслугоўваннем насельніцтва Віцебскага раёна займаюцца 26 публічных бібліятэк. Па 9 маршрутах курсіруе бібліобус, які прывозіць кніжныя навінкі ў аддаленыя населеныя пункты, дзе абслугоўваюцца больш за 700 чытачоў. Кніжны фонд Віцебскай раённай цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы складае 336 112 экзэмпляраў.

Алена Сафаран
Фота аўтара