Вялікім шчасцем лічаць маладыя педагогі Віцебскага раёна жыць і працаваць на роднай зямлі

Молодежь

Такое прызнанне яны зрабілі падчас абласнога фестывалю маладых спецыялістаў «Перспектыва». За актыўны ўдзел у творчым спаборніцтве яны адзначаны дыпломам II ступені.

На здымку: каманда маладых педагогаў «Волаты Прыдзвіння»
На здымку: каманда маладых педагогаў «Волаты Прыдзвіння»

Настаўніца Старасельскай сярэдняй школы Марына Драняева ганарыцца тым, што яе першым працоўным месцам стала ўстанова адукацыі ў Віцебскім раёне. У Прыдзвінскім краі зроблены і першы запіс у працоўнай кніжцы Яніны Мураўёвай. Малады педагог Курынскага дзіцячага садка-базавай школы за непрацяглы перыяд прафесійнай дзейнасці паспела гучна заявіць пра сябе. Прыняла ўдзел у шэрагу раённых мерапрыемстваў. Дзяўчына, дарэчы, выпускніца Вымнянскага дзіцячага садка-сярэдняй школы, кажа, што вялікі горад не вабіць яе.

— Усё залежыць ад чалавека, ад адносін да справы. Рэалізаваць сябе ў прафесійным плане можна і ў невялічкай сельскай школе, было б жаданне, — упэўнена Яніна.

Як і Мураўёва, пасля заканчэння ўніверсітэта імя П. М. Машэрава на малую радзіму ў Віцебскі раён вярнулася Анастасія Касцюковіч. У гэтым годзе яна далучылася да вялікай педагагічнай сям’і Бабініцкай сярэдняй школы.

Здзейснілася мара стаць настаўнікам Андрэя Кулябкіна. Хлопец, які працуе ў Суражскім дзіцячым садку-сярэдняй школе, узгадвае выказванне вядомага педагога Канстанціна Ушынскага:

— Прафесія настаўніка — адна з самых паважаных, ганаровых і адказных. Можна сказаць, што ён стварае будучыню краіны, бо ад яго працы ў большасці залежыць рознабаковасць развіцця ведаў маладога пакалення, яго перакананні, светапогляд, маральныя якасці. Усе, каго мы вучым, хто сёння сядзіць за школьнай партай, заўтра будуць працаваць у гаспадарках свайго раёна, стануць дактарамі, ветэрынарамі, аграномамі, інжынерамі, настаўнікамі…

Калега Андрэя з Кіраўскай сярэдняй школы Сяргей Залескі нагадаў яму пра тое, што хлопец у дзяцінстве марыў стаць лётчыкам ці касманаўтам, каб быць бліжэй да зор.

— Я ўпэўнены, што знаходжуся бліжэй да зор, чым хтосьці ў небе… Я сярод вучняў, а гэта не толькі маленькія зорачкі нашай краіны, але і не знойдзеныя пакуль планеты, — адказаў на непаразуменне Андрэй.

Далучаецца да размовы Ксенія Лялюк, настаўніца Варонаўскай школы:

— У кожнага з нас у дзяцінстве была свая мара, якая здзейснілася ў працы настаўніка. Педагог, акрамя ведаў, якія ён дае і вучыць здабываць іх самастойна, павінен выхоўваць у дзецях прыгажосць душы і пачуццяў, уменне бачыць і  развіваць талент.

—  Каб гэта рабіць, трэба самому быць таленавітым чалавекам, прыкладам для сваіх вучняў ва ўсім, і мы шчыра рады дзяліцца з дзецьмі сваімі талентамі, — падкрэслівае Ян Салаўёў з Янавіцкай СШ.

Напрыклад, Марына Драняева любіць маляваць і з задавальненнем гэта робіць з дзецьмі. Разам з хлопчыкамі і дзяўчынкамі яна стварае цудоўныя ўпрыгожванні для школы.

Настаўніца Мазалаўскай СШ Вольга Кухто па-за межамі ўрокаў вучыць сваіх выхаванцаў грацыі і пластыцы ў танцавальнай зале.

— Сапраўды, нельга не танчыць, не спяваць, не маляваць, калі ты чуеш як прачынаецца рака, як спяваюць птушкі, бачыш, як кружыць завіруха, як павольна ападае восень-скае лісце, адчуваеш, як пяшчотна дакранаецца да твару матуліна далонь, як напаўняецца хата водарам жытняга хлеба. Ты толькі прыслухайся, прыгледзься, адчуй. У нас у крыві музыка нашай радзімы… — кажа Яніна Мураўёва.

Маладыя педагогі перакананыя, што кожны з іх разам з вучнямі, калегамі стварае будучыню сваёй краіны. Яны адраджаюць культурныя і духоўныя традыцыі вёскі, упрыгожваюць двары, вуліцы малымі архітэктурнымі формамі, казачнымі героямі, фантастычнымі кветнікамі, працуюць на зямлі.

— Мы верым, што сваім прыкладам зможам выхаваць дзяцей, і яны стануць сапраўднымі грамадзянамі нашай Бацькаўшчыны, — кажа Вольга Лябкоўская з Суйкаўскай СШ.

Пра гэта ў сваёй візітоўцы распавяла каманда творчых маладых педагогаў «Волаты Прыдзвіння», аб’яднаная марай, арыентаваная на поспех. Яны далі абяцанне пабудаваць шчаслівае заўтра. На роднай зямлі.

Таццяна Дзіканава



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.