Добры пачатак — палова справы. Так лічылі нашы продкі, а яны ведалі толк у земляробстве. Традыцыйна пачатак і канец уборкі ўраджаю адзначалі і вясковай грамадой, і кожнай сям’ёй. Верылі: якія «Зажынкі»— такімі будуць і «Дажынкі».

На здымку: удзельнікі жніва-2019 агракомплексу імя М. Ф. Сільніцкага разам з Надзеяй Грыбанавай

Не адступіліся ад устаноўленай завя-дзёнкі ўрачыста пачынаць жніво ў ААТ «Віцебская бройлерная птушкафабрыка». Прычым правялі абрад для працаўнікоў усіх трох агракомплексаў птушкагодоўчага прадпрыемства.

На здымку: зажыначны сноп — дырэктару АГК імя М. П. Шмырова Аляксею Дойліну

Дакладнай даты ў «Зажынак» не было. Па адных крыніцах яны праводзіліся 21 ліпеня, у дзень Пракопа Жняца, па другіх — 29 чысла, у дзень памяці пакутніка Афінагена, калі лета пераступала спякотны «ўзрост». Але ўсё залежала ад паспявання збажыны і надвор’я.

Гаспадар выходзіў у поле, аглядаў каласы і калі бачыў, што зерне паспела, даваў дабро жанчынам пачынаць жніво. Першы сноп, які называлі «гаспадарок», упрыгожвалі яркімі стужкамі і ставілі ў хаце на покуце. Захоўвалі такі букет увесь год, каб кінуць зерне з яго ў глебу ў наступны пасяўны сезон.

Прыгожы рытуал арганізавалі работнікі цэнтра культуры і творчасці Віцебскага раёна на ўскрайку 110-гектарнага поля ва ўрочышчы Кандрашова лінія, што ў агракомплексе імя М. Ф. Сільніцкага, непадалёк ад в. Пунішча. Густая сцяна азімай пшаніцы паклонам буйных каласоў вітала гасцей. У гаспадарцы ўжо пачалі абжынаць палі па перыметру, каб збажына прадувалася, падсыхала пасля дажджоў.

На здымку: пачастунак ад кулінараў бройлернай птушкафабрыкі ўдзельнікам жніва

«Сабраліся ўсе мы сягоння сюды, дзе шуміць збажына і просіць нас голасам спелым: «Прыходзьце хутчэй зажынаць!» — дэкламуюць дзяўчаты ў прыгожых уборах, з вышытымі ручнікамі. Словы і песні на «Зажынках» асаблівыя, з глыбокім падтэкстам. У іх праслаўленне зямлі-карміцелькі, сонца, што спеліць ураджай, працавітых чалавечых рук і, вядома, пажаданне шчодрага ўраджаю.

Першы зажыначны сноп — гаспадару залатой нівы, дырэктару агракомплексу Аляксандру Марозаву. Духмяны каравай з мукі старога ўраджаю — намесніку генеральнага дырэктара ААТ «Віцебская бройлерная птушкафабрыка» па сельскай гаспадарцы Надзеі Грыбанавай, а таксама—лепшаму маладому камбайнеру мінулага жніва Сяргею Несцераву. Усім механізатарам уручаны невялічкія зажыначныя снапочкі з пажаданнямі, каб перараслі яны ў важкія снапы.

На здымку: каравай — дырэктару АГК «Янавічы» Аляксандру Ільюшчанку

Ад імя генеральнага дырэктара і ад сябе асабіста На-дзея Грыбанава шчыра павіншавала працаўнікоў агракомплексу імя М. Ф. Сільніцкага са святам — пачаткам жніва. «У бліжэйшыя тыдні нам прадстаіць напружана папрацаваць. З года ў год мы вырошчваем добры ўраджай і сёлета разлікі на яго нядрэнныя, патрэбна ўбраць збажыну своечасова і да апошняга зярнятка, — звярнулася Надзея Васільеўна да хлебаробаў. — Спадзяюся, што на нашай ніве традыцыйна будзе не адзіны тысячнік, вы ўмееце працаваць». Яна напомніла, што наперадзе не толькі жніво, у пераліку работ — сяўба азімых, уборка кукурузы, папаўненне кармавых запасаў, і пажадала поспехаў, сонечнага надвор’я, з добрым настроем пачынаць і заканчваць кожны працоўны дзень.

На здымку: сімвалічны зерневы букет — кожнаму камбайнеру

Словы на дарогу адрасаваў удзельнікам важнейшай сельскагаспадарчай кампаніі старшыня Запольскага сельвыканкама Рыгор Шлыкаў.
Аляксандр Марозаў выказаў удзячнасць сельскім працаўнікам, бо ў золаце палёў ёсць унёсак кожнага, хто шчыруе на ніве, у майстэрні.

рапса, пад гэтай культурай занята 520 гектараў, скошана 60 працэнтаў, ураджайнасць складае пад 33 цэнтнеры з гектара. Удзельнікі жніва забяспечаны гарачымі абедамі са сталовай птушкафабрыкі, даплата за іх складае ўсяго 20 працэнтаў, астатні кошт бярэ на сябе прадпрыемства. Па жаданню механізатараў на вячэру выдаецца «сухі паёк».

Божае благаславенне на добрую справу даў настаяцель Свята-Ільінскага храма, што ў в. Заполле.

На здымку: праз варотцы з ручнікоў — да багатага ўраджаю

Падсілкавацца смачным пірагом удзельнікаў жніва запрасілі работнікі сталовай птушкафабрыкі, а культработнікі правялі іх праз варотцы з ручнікоў і зычылі: «Збярыце ўсё да былінкі, хай шчодрымі будуць «Дажынкі»!

Папаўдні абрад «Зажынкі» правялі для працаўнікой агракомплексаў імя М. П. Шмырова і «Янавічы». Святочнае дзейства разгарнулася ва ўрочышчы «Падлессе» насупраць аг. Задуброўе. «3903 гектары зерневых і зернебабовых чакаюць уборкі. У працу ўключаюцца 13 камбайнаў», — акрэсліла фронт работ начальнік агранамічнай службы шмыроўскага агракомплексу Марына Сярэбраннікава.

На здымку: дырэктар АГК імя М. Ф. Сільніцкага Аляксандр Марозаў (справа)

Да пажаданняў Надзеі Грыбанавай далучыўся дырэктар АГК імя М. П. Шмырова Аляксей Дойлін: «Надвор’е сёлета выпрабоўвала нас гарачынёй і засухай, зараз не вельмі песціць сонечнымі днямі, але ўсім складанасцям мы супрацьпаставім вытрымку, дысцыплінаванасць і згуртаванасць, каб убраць хлеб своечасова і без страт», — сказаў ён.

На здымку: зажынае снапок новага ўраджаю намеснік дырэктара цэнтра культуры і творчасці Віцебскага раёна Марына Яско

Пра строгае захаванне тэхнікі бяспекі ўголас напомніў дырэктар агракомплексу «Янавічы» Аляксандр Ільюшчанка. «Заўсёды памятайце, што вас чакаюць дома жывымі і здаровымі», — звярнуўся ён да механізатараў і пажадаў такой жа камандай прыняць удзел у абласных «Дажынках» у Браславе.

Кіраўнікам тутэйшых гаспадарак і лепшым камбайнерам па выніках мінулагодняга жніва былі ўручаны караваі. Героі дня атрымалі благаславенне на добрую справу ад свяшчэннаслужыцеля і пад абрадавыя песні рушылі да сваіх стэпавых караблёў — убіраць хлеб, самае каштоўнае багацце, ад якога залежыць дабрабыт кожнага паасобку і краіны ў цэлым.

Ніна Сталярэнка
Фота аўтара