Нягледзячы на тое, што мы шмат часу праводзім у Інтэрнэце, кнігі не страцілі сваёй каштоўнасці як і кнігасховішча — бібліятэка. Яе работнікі заслугоўваюць асаблівай павагі, бо з’яўляюцца праваднікамі ў чароўны свет літаратуры. Напярэдадні прафесійнага свята мы пагутарылі з загадчыцай Мазалаўскай сельскай бібліятэкі Алай Магон (на здымку). Больш за 10 год яна на гэтай пасадзе і лічыць прызваннем сваю працу.

dav

— Ала Іванаўна, падзяліцеся разважаннямі аб сваёй прафесіі. Якімі якасцямі павінен валодаць бібліятэкар?

— У нашай рабоце сплятаецца шмат відаў дзейнасці. Праца бібліятэкара патрабуе сістэматычнай вучобы, пастаяннага пошуку новых і цікавых форм работы з рознымі катэгорыямі насельніцтва. А што тычыцца якасцяў бібліятэкара: камунікабельнасць, адукаванасць, мабільнасць, добразычлівасць, спагадлівасць — вось асноўныя, на маю думку.

— Мяркую, каб стаць бібліятэкарам, трэба вельмі любіць чытанне. Ці так гэта?

— Пагаджуся. З самага дзяцінства я шмат чытала, але не думала, што аднойчы любімы занятак зможа паўплываць на выбар прафесіі. Так, маючы спецыяльнасць настаўніка рускай мовы і літаратуры, працую ў бібліятэцы.

— Якія інтарэсы і запатрабаванні ў чытачоў сёння?

— Дарослыя чытаюць дэтэктывы, меладрамы, вучні школ — пазнавальную літаратуру, самыя маленькія наведвальнікі выбіраюць прыгожыя ілюстраваныя кнігі.

— Сёння шмат людзей выкарыстроўваюць электронную кнігу. Як Вы ставіцеся да яе і ці карыстаецеся самі?

— Час ад часу карыстаюся — у тых выпадках, калі штосьці хочацца прачытаць, а на паперы няма. Але я з тых, хто жадае патрымаць кнігу ў руках, пагартаць яе… У мяне, як і ў многіх, пах кнігі выклікае нейкае трапятанне.

— Што б Вы параілі прачытаць моладзі, якая толькі ўступае на жыццёвы шлях?

— Гэта залежыць ад чалавека. Напрыклад, кагосьці Фёдар Міхайлавіч Дастаеўскі павучае светламу і чыстаму, а кагосьці ўганяе ў дэпрэсію… Так што тут усё індывідуальна.

— Мазалаўская бібліятэка — гэта пляцоўка для шматлікіх мерапрыемстваў. Крыху слоў пра гэта, калі ласка.

— У нас ладзіцца шмат мерапрыемстваў для людзей рознага ўзросту і статусу. Праводзяцца літаратурныя вечарыны, выставы, віктарыны, тэатралізаваныя прадстаўленні, рэалізуецца шэраг праектаў па вывучэнню спадчыны краю. Пры бібліятэцы працуе цэнтр дадатковай адукацыі і публічны цэнтр прававой інфармацыі. Неаднаразова наша ўстанова культуры станавілася пляцоўкай для правядзення раённых мерапрыемстваў. Да іх рыхтуемся сумесна з мясцовымі Домам культуры, дзіцячай школай мастац-тваў і агульнаадукацыйнай, сельвыканкамам. У рабоце з чытачамі працягваем традыцыі, закладзеныя ветэранамі бібліятэчнай справы — Нінай Кандрацьевай і Таццянай Кажамяка.

— Ала Іванаўна, якой Вы бачыце бібліятэку будачага?

— У першую чаргу прыцягальнай. Па другое — сучаснай, прыгожай і мабільнай. Бібліятэка павінна быць тым месцам, дзе чалавеку добра і камфортна, дзе ён адпачывае душой.

Андрэй Струнчанка