У аг. Заронава Віцебскага раёна абсталявалі дзіцячую пляцоўку

Актуально

Заронаўскі сельскі Савет адзначае свой 95-гадовы юбілей знакавымі справамі. Да прыкладу,  у аграгарадку абсталявалі дзіцячую пляцоўку і ўрачыста яе адкрылі на радасць усім заронаўцам.
P90825-123425
На вуліцы Маладзёжнай сваімі сіламі добраўпарадкавалі тэрыторыю. Паставілі агароджу, пафарбавалі, падвезлі пяску, устанавілі горку, арэлі, балансір, пясочніцу — і ажыў вясковы куточак. Ад ранку да вечара тут звіняць радасныя галасы мясцовых дзетак.

Ідэя стварыць пляцоўку нарадзілася падчас Вахты памяці, якая праходзіць на тэрыторыі нашага сельсавета ўжо другі год. Пошукаўцы з Беларусі і Расіі вырашылі дапамагчы нам рэалізаваць праект «Падары дзецям радасць». Наваполацкі атрад «РВС» пад кіраўніцтвам Святланы Камагорцавай прывёз і дапамог устанавіць горку і балансір, часткова яе аплаціўшы. Удзельнікі атрада «Апалчэнне» з Мыцішч Маскоўскай вобласці  з мясцовымі хлопцамі і дзяўчатамі працавалі  малярамі. Работнікі дзіцячага садка і Дома культуры ўстанавілі агароджу вакол пляцоўкі,  лаўкі, пясочніцу. Мясцовая жыхарка, а зараз студэнтка БДУ Саша Гвоздзева падарыла арэлькі. Актыўна працавалі ў талацэ Васіль Пека, Саша Сухараў, Юрый Дарожкін, Іван Клесцер, сем’ і Мяшковых, Гвоздзевых, Бермант, Нікіціных. Праца ішла пад кіраўніцтвам і з дапамогай старшыні сельскага Савета Зоі Пека.

На здымку: Шматлюдна на заронаўскай дзіцячай пляцоўцы
На здымку: Шматлюдна на заронаўскай дзіцячай пляцоўцы

На ўрачыстае адкрыццё сабралася шмат дзяцей з бацькамі. Прысутнічалі і нашы спонсары. Традыцыйную чырвоную стужку перарэзалі маленькія жыхары Заронава, непасрэдныя выкарыстальнікі пляцоўкі.  Быў падрыхтаваны дзецям і салодкі пачастунак  ад арганізатараў. А пасля дзіцячае свята перанеслася ў Дом культуры, дзе была падрыхтавана гульнёвая праграма.

Вось так упрыгожваем месца, дзе жывём. І гэта не адзіны выпадак. Некалькі год таму сям’я Нафанавых для маленькіх аднавяскоўцаў змайстравала летнюю альтанку, Таццяна Габелева каля свайго дома аформіла куток для забавы малышоў. Спадзяемся, што дзеці адчуваюць клопат дарослых, яны будуць расці дастойнымі людзьмі і працягваць добрыя традыцыі.

Людміла Нікіціна,
краязнаўца



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.