У межах праекта «Жывы аўтограф» пісьменніца, казачніца, журналістка Анастасія Лазебная (літаратурны псеўданім Стася Наркевіч) прадставіла маладзейшых калег па пяру, расказала пра іх творчы шлях.

На здымку Анастасія Лазебная.

Ураджэнка в. Мяклава Галіна Сінякова мае юрыдычную адукацыю і разам з тым атрымала сертыфікат творчага работніка, выдадзены Міністэрствам культуры Рэспублікі Беларусь. Яе лірычныя і патрыятычныя вершы кранаюць самыя патаемныя струны душы. Кампазітар Алег Елісеенкаў напісаў музыку на словы верша Галіны Сіняковай «Люблю Беларусь», песня стала фіналістам фестывалю «Песня года Беларусі-2016». Да сустрэчы з капцянскімі чытачамі паэтка падрыхтавала фотаэкспазіцыю з асабістага архіва. Яна падарыла слухачам не толькі вершы, але выканала і свае песні, якімі расчуліла прысутных да слёз.

Аляксандр Пішчык прэзентаваў сваю кнігу «У маім горадзе дождж…». Яго творы — гэта лірычныя замалёўкі на тэмы, якія хвалююць моладзь: каханне, адносіны да жыцця і інш. Творы маладога пісьменніка вельмі спадабаліся прысутным.

На здымку Аляксандр Пішчык.

Доўгі і надта цікавы творчы шлях у Анастасіі Лазебнай, з якім яна пазнаёміла слухачоў. Пісьменніца расказала, з чаго ўсё пачыналася і прэзентавала сваю новую кнігу «Прывідаў пярсцёнак». Слухаць Стасю Наркевіч можна бясконца: яе гумарыстычныя творы нагадваюць жыццё кожнага з нас і прымушаюць смяяцца да слёз. Кажуць, таленавіты чалавек таленавіты ва ўсім, гэтыя словы ў літаральным сэнсе адносяцца да Лазебнай. Анастасія Пятроўна не толькі захапляльна піша, але і цудоўна малюе, працуе ў тэхніцы батык. Свае творчыя вырабы яна таксама прадэманстравала ўдзельнікам сустрэчы.

Як паведаміла загадчыца бібліятэкі Таццяна Німалан, усе прысутныя былі пад вялікім уражаннем, творчыя госці стварылі даверлівую атмасферу. Пад уплывам іх настрою, абаяльнасці многія жыхары аг. Копці сталі прыхільнікамі таленту пісьменнікаў і паэтаў, з якімі пазнаёміліся.

Нина РУСЛАНАВА